Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

16.06.2011

Амерыканскі прафесар лічыць, што царкоўная унія спрыяла ўзьнікненьню культурнага плюралізму ў Еўропе

Усходнія Каталіцкія Цэрквы маюць уласную багаслоўскую і царкоўна-гістарычную місію – паказаць Усходу і Захаду на станоўчых прыкладах, што унійная ідэя – гэта вялікая ідэя раўнапраўнасьці хрысьціянскіх культурных традыцыяў.
   
Такое меркаваньне выказаў айцец д-р Юры Авакумаў, прафесар гісторыі багаслоўя Каталіцкага ўніверсітэтуа Нотр-Дам (ЗША), былы дэкан Гуманітарнага факультэту Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту (2007-2009). 9 чэрвеня 2011 году ён прачытаў лекцыю “Па той бок “униятизму”: Унійнасьць у кантэксьце еўрапейскай гісторыі і багаслоўскай думкі”, паведаміла прэс-служба УКУ.
 
Гэтай падзеяй катэдра царкоўнай гісторыі УКУ распачала праграму штогадовых Мемарыяльных лекцыяў імя сьв. Язафата Кунцэвіча.
 
Юры Авакумаў дадаў, што Ўсходнія каталіцкія Цэрквы павінны таксама паказаць сьвету на станоўчых прыкладах ідэю вызнаньня чужой царкоўнай культуры раўнацэннай уласнай, ідэю разнастайнасьці абрадавых традыцыяў у хрысьціянстве і нарэшце ідэю захаваньня гэтых культурных традыцыяў у рамках Паўсюднай Каталіцкай Царквы.
 
Падчас лекцыі адбылася таксама прэзентацыя ўкраінскага выданьня манаграфіі а. Юрыя Авакумава “Вытокі ўнійнага багаслоўя. Праблема царкоўнай еднасьці ў абрадавых дыскусіях паміж Рымам і Канстанцінопалем у XI-XIII ст.”, якую падрыхтавала да друку выдавецтва УКУ.
 
Пра прычыны зьяўленьня і актуальнасьць гэтай працы аўтар кажа так: “Тэрмін “Унійныя Цэрквы” мае негатыўную гістарычную афарбоўку – нібыта такія Цэрквы ад самага пачатку мелі нейкі прыроджаны дэфект, што спрычынілася да іх няправільнагае разьвіцьця ў далейшым. Таму багаслоўе і гістарычны досьвед Усходніх Каталіцкіх Цэркваў маюць для сёньняшняга экуменічнага багаслоўя нібыта выключна негатыўнае значэньне, яны дэманструюць як ня трэба шукаць хрысьціянскай еднасьці. Менавіта такі пункт гледжаньня, які яшчэ ў зародку спрабуе пазбавіць грэка-каталікоў права на ўласную пазітыўную багаслоўскую традыцыю (і які існуе ня толькі на Ўсходзе Еўропы, але і ў многіх рыма-каталіцкіх і пратэстанцкіх колах Захаду) быў для мяне штуршком, каб пайсьці на пошук сапраўднай багаслоўскай ідэі, якая стала адной з гістарычных асноваў Уніі – ўзьяднаньня лацінскай Царквы і Цэркваў візантыйскай традыцыі”, – адзначыў гісторык.
 
Такі пошук прывёў дасьледчыка да перыяду Сярэднявечча, калі адбыліся ключавыя і да гэтага часу не вылекаваныя канфлікты паміж Рымам і Канстанцінопалем, а таксама мелі месца першыя спробы прымірэньня, узьяднаньня, уніі. Уласна вынікі гэтага пошуку навуковец паспрабаваў выкласьці і сістэматызаваць у кнізе “Вытокі ўнійнага багаслоўя. Праблема царкоўнай еднасьці ў абрадавых дыскусіях паміж Рымам і Канстанцінопалем ў XI-XIII ст.”.
 
“У сваёй працы я імкнуўся паказаць выдатнае значэньне сапраўднага ўнійнага багаслоўя, якое было сфармулявана ў XII-XV ст., для багаслоўскай, філасофскай і ў некаторай ступені сацыялагічнай праблематыкі цяперашняй эпохі. Уражвае, як прыдзірліва ў Сярэднявеччы людзі ставіліся да праблемаў абрадавага характару – які хлеб ужываць пры Еўхарыстыі, якое віно і г. д. Такія праблемы сёньня не выклікаюць ні цікавасьці, ні эмоцыяў. Таму гісторык на пэўным этапе павінен зразумець сваіх папярэднікаў – мінулае не павінна стаць антысучаснасьцю, а суразмоўцам сёньняшняга дня”, – лічыць а. Юры Абвакумаў.
 
Таму на думку гісторыка, абрадавыя спрэчкі былі адлюстраваньнем значна больш грунтоўных і важных для Царквы праблемаў: інкультурацыі Евангельля і адзінства веры ў разнастайнасьці культур. “Унійны метад пераадоленьня канфлікту культур у канчатковым выніку быў заклікам да талерантнасьці і спрыяў узьнікненьню культурнага плюралізму ў Еўропе –- у адной веры і ў разнастайнасьці абрадаў», – падкрэсьліў прафесар.
 
Дасьледчык сьцьвярджае таксама, што ўнійнае багаслоўе было ці ня самай першай спробай хрысьціянскай думкі прапанаваць мадэль царкоўнай еднасьці, у якой эклезіяльная рэальнасьць перамяняецца з маналітнай структуры ў шматкультурную супольнасьць памесных Цэркваў. “Такім чынам, уніі былі спробамі прымірыць і аб’яднаць рознаабрадавыя і рознакультурныя царкоўныя супольнасьці, таму абрадавая праблематыка – гэта сэрца ўнійнай ідэі. Менавіта ў культурна-абрадавай сферы ўнійная ідэя стала новым словам у гісторыі хрысьціянства”, – падсумаваў айцец д-р Юры Авакумаў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 229 разоў (-ы)