Царква
Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца
(Псалтыр 54:23)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

24.06.2011

Папа наменаваў Першаярарха УГКЦ членам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў

Як паведаміла Ватыканская інфармацыйная служба VIS, 22 чэрвеня 2011 году Папа Бенядыкт XVI прызначыў Яго Сьвятасьць Сьвятаслава Шаўчука, Вярхоўнага Архібіскупа Кіева- Галіцкага, Зьверхніка і Айца Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, членам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
   
Сьвятаслаў Шаўчук
Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў – гэта ведамства Рымскай курыі, створанае для таго, каб спрыяць разьвіцьцю Цэркваў візантыйскага, сірыйскага, армянскага, халдэйскагай і копцкага абрадаў, якія знаходзяцца ў еднасьці з Апостальскай Сталіцай, а таксама забясьпечваць захаванасьць літургічнай, духоўнай і дысцыплінарнай спадчыны гэтых Цэркваў. У дачыненьні да япархіяў, ярархаў, духавенства, кліру і вернікаў усходняга абраду яна выконвае такія самыя задачы, якія для вернікаў лацінскага абраду выконваюць адпаведныя Кангрэгацыі. Акрамя таго, у асобных рэгіёнах (напрыклад, на Блізкім Усходзе) яна мае эксклюзіўную юрысдыкцыю, дзе ёй падлягаюць таксама вернікі лацінскага абраду.
  
Кангрэгацыя складаецца з Прэфекта (кардынала), які кіруе ёй з дапамогаю Сакратара, а таксама з кардыналаў, архібіскупаў і біскупаў, прызначаных Папам. Ад 2007 году Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў ўзначальвае кардынал Леанарда Сандры, а ў 2009 годзе Сакратаром прызначаны архібіскуп Цырыл Васіль, SJ. З прыроды самога права членамі Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў зьяўляюцца Патрыярхі і Вярхоўныя Архібіскупы Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, а таксама Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
  
Асаблівую ўвагу Кангрэгацыя надае разьвіцьцю экуменічнага дыялогу. У склад Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў уваходзяць сьпецыяльная камісія па літургіі, сьпецыяльная камісія па вывучэньні хрысьціянскага Ўсходу, сьпецыяльная камісія па падрыхтоўцы духавенства і манаства, каталіцкая асацыяцыя дапамогі Блізкаму Ўсходу, Папская місія для Палестыны і іншыя.

Ад пачатку адраджэньня ў Беларусі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы кіраваньне ёй
ажыцьцяўляецца ад імя Апостальскай Сталіцы праз Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў і Апостальскага Візітатара.

Згодна з апошнім распараджэньнем Апостальскай Сталіцы ад 4 студзеня 2006 году да кампетэнцыі Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў належаць усе царкоўныя юрысдыкцыі ўсходняга абраду, што існуюць у Еўропе, за выключэньнем некаторых краінаў на Ўсходзе Еўропы, сярод якіх і Беларусь.

У гэтым дакуменце сказана, што “Дзяржаўны Сакратарыят – Секцыя па адносінах з дзяржавамі, працягвае пакуль і да далейшых распараджэньняў (donec aliter provideatur) захоўваць кампетэнцыю адносна заснаваньня, утрыманьня і зьменаў партыкулярных Цэркваў, як лацінскага абраду, так і ўсходняга абраду, у наступных еўрапейскіх краінах былога Савецкага Саюза: Расея, Беларусь, Украіна, Арменія, Азербайджан, Грузія, Малдова, акрамя краінаў былога Савецкага Саюза, якія знаходзяцца ў Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узьбекістан). Гэтае самае зарэзервавана і ўстаноўлена да далейшых распараджэньняў
для ўсіх царкоўных юрысдыкцыяў як лацінскага абраду, так і ўсходняга абраду, што існуюць на Балканах”. Пры гэтым Дзяржаўны Сакратарыят – Секцыя па адносінах з дзяржавамі, павінен клапаціцца аб тым, каб дзейнічаць узгоднена з Кангрэгацыяй Усходніх Цэркваў, як і яна таксама, у пытаньнях, якія датычаць згаданых юрысдыкцыяў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 193 разоў (-ы)