Царква
Не давай вадзе выхаду, ні злы жонцы - улады, а калі яна не ідзе пад рукою тваёю, то адатні яе ад плоці тваёй
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 25:28-29)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

30.06.2011

Мітрапаліт Кандрусевіч прызначаны Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі

30 чэрвеня 2011 году Ватыканская інфармацыйная служба VIS паведаміла, што Яго Сьвятасьць Бенядыкт XVI прызначыў архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis (да асобага распараджэньня Апостальскай Сталіцы) Пінскай дыяцэзіі.
   
Мітрапаліт Кандрусевіч зьменіць на гэтай пасадзе кардынала Казіміра Сьвёнтка, які да гэтага часу займаў пасаду Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі і быў адным з найстарэйшых дзеючых каталіцкіх ярархаў у сьвеце.
 
Казімір Сьвёнтэк – першы беларускі кардынал з 1798 году. 21 траўня 2011 году споўнілася 20 гадоў яго біскупскага служэньня, якое ён пачаў ва ўзросьце 77 гадоў. У 1991 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Мітрапалітам Менска-Магілёўскім і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
 
У 2010 годзе кардынал Казімір Сьвёнтэк атрымаў траўму шыйкі сьцягна, а затым перанёс некалькі хірургічных аперацыяў. Некаторы час яго стан быў цяжкім, але потым ён пайшоў на папраўку. Стан здароўя кардынала зноў пагоршыўся ў сярэдзіне сакавіка 2011 году. З таго часу ярарх знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні бальніцы ў Пінску. У апошні час ён у непрытомнасьці.
   
Цяпер да пастырскіх абавязкаў Уладыкі Тадэвуша Кандрусевіча ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі дадаецца служэньне яшчэ ў Пінскай дыяцэзіі.
 
Пінская рыма-каталіцкая дыяцэзія мае тэрыторыю 72,7 тыс. км2 і ахоплівае Берасьцейскую ды Гомельскую вобласьці з насельніцтвам 3 мільёны 146 тысячаў чалавек. Колькасьць католікаў у Пінскай дыяцэзіі – 50620 (1,6% ад усяго насельніцтва), сьвятароў – 47, манахаў і манахіняў – 228.
 
У сувязі з прызначэньнем Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі Ўладыка Кандрусевіч накіраваў зварот да духавенства, сьвецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi. Выказваючы ўдзячнасьць за адданае служэньне свайму папярэдніку кардыналу Казіміру Сьвёнтку і дапаможнаму біскупу Пінскаму Казіміру Велікасельцу, сьвятарам і манахам дыяцэзіі, мітрапаліт Кандрусевіч адзначае важнасьць свайго новага заданьня: “Вядома, што прызначэньне Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis па сваёй прыродзе зьяўляецца часовым аж да намінацыі Ардынарыя дыяцэзіі. Аднак, з іншага боку, яно мае ў сабе ўсе наступствы прызначэньня кіруючага біскупа. У гэтым сэньсе Пінская дыяцэзія асаблівая, бо акрамя парафіяў, манаскіх супольнасьцяў, дабрачынных арганізацыяў і г.д., у яе склад уваходзіць Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя сьв. Тамаша Аквінскага ў Пінску і Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Менавіта гэтыя фармацыйна-навучальныя ўстановы пакліканы рыхтаваць новых сьвятароў, катэхетаў і духоўную эліту Царквы”. Духавенства япархіі ён заклікае “быць ня толькі настаўнікамі веры, але і яе сьведкамі, быць сьпецыялiстамi ў сустрэчы чалавека з Богам i весьці людзей да Яго”.
 
У сваім звароце архібіскуп Кандрусевіч з пашанай зьвяртаецца таксама да прадстаўнікоў іншых канфесіяў і рэлігіяў, якія служаць Богу і людзям на даручанай яго пастырскаму служэньню тэрыторыі, і падкрэсьлівае, што “перад выклікамі сучаснасьці нам трэба аб’яднаць нашыя высілкі ў справе духоўнага адраджэньня, распаўсюджваньня і абароны духоўных каштоўнасьцяў”.
 
Зьвяртаючыся да дзяржаўных уладаў і грамадзянскай супольнасьці Ўладыка Кандрусевіч адзначае, што палітычная супольнасьць і Царква зьяўляюцца аўтаномнымі ў сваёй дзейнасьці, аднак, паводле сацыяльнага навучаньня Каталіцкай Царквы,  і сьвецкія ўлады, і Царква павінны служыць адным і тым жа людзям.
 
Свой зварот з нагоды прызначэньня Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч завяршае просьбай да ўсіх сьвятароў і вернікаў малiцца за яго, каб мог годна выканаць даручанае Богам праз Папу Бенядыкта XVI дадатковае служэньне. Таксама ён заклікае маліцца аб хутчэйшым прызначэньні, прадугледжаным Кананічным правам, Ардынарыя Пінскай дыяцэзіі.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 277 разоў (-ы)