Царква
Калі подуешь на іскру, яна разгарыцца, а калі плюнеш на яе, згасне: тое і іншае выходзіць з вуснаў тваіх
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 28:14)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

07.07.2011

Блаславёны сьвятамучанік Янаш Шэфлер – нязломны прыклад веры
перад жорсткасьцю камуністычнага рэжыму

У нядзелю, 3 ліпеня 2011 году, у румынскім горадзе Сату Марэ падчас Еўхарыстычнага набажэнства адбылося абвяшчэньне блаславёным Слугі Божага біскупа Янаша Шэфлера (János Scheffler), мучаніка часоў камуністычнага рэжыму. Набажэнства ўзначаліў прадстаўнік Сьвятога Айца кардынал Анджэла Амата, Прэфект Кангрэгацыі па справах сьвятых, з якім саслужылі архібіскуп Эштэргом-Будапешцкі кардынал Петэр Эрдзё, Прымас Венгрыі, і мітрапаліт Бухарэсцкі архібіскуп Ёан Робу.
   
Біскуп Янаш Шэффлер “быў душпастарам, які рызыкаваў усім для падтрыманьня веры каталікоў і абароны еднасьці сваёй Царквы з Рымам”, – сказаў архібіскуп Бухарэсцкі Ёан Робу (Ioan Robu), старшыня Канферэнцыі біскупаў Румыніі. Ён таксама падкрэсьліў, што ўсе румыны з вялікай павагай ставяцца да такіх прыкладаў хрысьціянскага сьведчаньня і мучаніцтва, а памяць пра біскупа Шэфлера ўсё яшчэ жыве ня толькі сярод каталікоў.
 
Блаславёны сьвятамучанік Янаш Шэфлер нарадзіўся 29 кастрычніка 1887 году ў мясцовасьці Камін (Cămin, або Кальманд - Cálmánd) у беднай шматдзетнай сям’і вянгерскага паходжаньня. У 1898 годзе ён пачаў навучаньне ў каталіцкім ліцэі румынскага горада Сату Марэ, а пасьля быў прыняты ў біскупскі інтэрнат, якім апекаваліся айцы езуіты. Адчуўшы сьвятарскае пакліканьне, у 1906 годзе Янаш Шэфлер паступіў у семінарыю, студыяваў на тэалагічным аддзяленьні ва ўніверсітэце ў Будапешце, а пасьля завяршэньня філасофска-багаслоўскіх студыяў 6 лютага 1910 году атрымаў сьвятарскія сьвячаньні. Дзякуючы сваім інтэлектуальным здольнасьцям быў запрошаны для працягу навучаньня ў Рым, дзе ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце два гады вывучаў кананічнае права. Па вяртаньні на радзіму выконваў розныя служэньні, пераважна ў канцылярыі біскупа, а таксама працягваў навучаньне і ў 1915 годзе ён стаў доктарам багаслоўскіх навук.
 
Напрыканцы Першай сусьветнай вайны палітычная сітуацыя ў рэгіёне Ўсходніх і Паўднёвых Карпат была пазначана далучэньнем да Румыніі яе гістарычнай часткі – Трансільваніі, што паўплывала і на душпастырскую дзейнасьць, якую сьвятар Янаш Шэфлер нястомна выконваў з разуменьнем і адданасьцю. У гэты перыяд ён рэарганізаваў каталіцкі калегіюм у Сату Марэ, быў яго дырэктарам, працаваў выкладчыкам тэалогіі, кананічнага права, царкоўнай гісторыі, быў прэфектам тэалагічных студыяў і духоўным айцом у мясцовай семінарыі і ў некалькіх жаночых манаскіх супольнасьцях. Як сьпецыяліст кананічнага права шмат увагі  ўдзяляў праўным асьпектам стасункаў Царквы і дзяржавы ў сваёй япархіі і краіне, меў шматлікія публікацыі на гэтую тэму. У 1940 годзе ён стаў прафесарам на катэдры кананічнага права Ўніверсітэту імя Франца Ёзафа ў г. Клюй. Напісаў таксама шэраг прац для прапаведнікаў пра рэкалекцыі, шмат клапаціўся пра фармацыю інтэлектуалаў і асобаў пасьвячанага жыцьця.

26 сакавіка 1942 году а. Янаш Шэфлер быў наменаваны біскупам Орадэа Марэ і Сату Марэ, а 17 траўня таго ж году адбылася яго біскупская хіратонія. У гэты час Трансільванія зноў трапіла пад вянгерскую уладу, што прывяло да моцнай напружанасьці ў  стасунках паміж венграмі і румынамі. Падчас Другой сусьветнай вайны біскуп Янаш Шэфлер дапамагаў шматлікім уцекачам і тым, хто знаходзіўся ў сацыяльных цэнтрах дыяцэзіі, асабліва габрэям, зьвяртаючы сваё душпастырскае служэньне на абарону ўсіх прыгнечаных і перасьледаваныху гэты трагічны час.

 
У верасьні 1944 году тэрыторыю дыяцэзіі Сату-Марэ заняла Чырвоная Армія, а пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны для Каталіцкай Царквы ў Румыніі пачаліся цяжкія часы перасьледаваньняў. У студзені 1945-га біскуп Янаш Шэфлер асабіста выказаў пратэст супраць планаў румынскіх і савецкіх уладаў па дэпартацыі з Трансільваніі немцаў, якія жылі там спрадвеку. Калі ў 1948 годзе ў Румыніі быў ануляваны канкардат паміж Каталіцкай Царквой і дзяржавай, пачалося мэтанакіраванае зьнішчэньне Каталіцкай Царквы, камуністычны рэжым вымагаў адлучэньня ад Рыму. Каталікі ўсходняга абраду, якіх прымушалі да пераходу ў праваслаўе, сышлі ў падпольле. У гэтых умовах блаславёны Янаш Шэфлер выступіў супраць такіх гвалтоўных дзеяньняў камуністычнага рэжыму. Наступствам гэтага стаў ягоны арышт “Сэкурытатэ”, жорсткай палітычнай тайнай паліцыяй.

23 траўня 1950 году біскуп Шэфлер быў увязьнены ў адным з францішканскіх кляштараў. Пасьля яго перавялі ў Бухарэсцкую турму.
“Сэкурытатэ” намаўляла біскупа Шэфлера пакінуць каталіцтва і перайсьці на праваслаўе, а ўзамен яму абяцалі прызначыць патрыярхам Румыніі. Каталіцкі ярарх рашуча адмовіўся ад такой прапановы. Знаходзячыся ў нечалавечых турэмных умовах і ў выніку шматлікіх катаваньняў, 6 сьнежня 1952 году біскуп Янаш Шэфлер памёр. Перад гэтым над біскупам правялі паказальны судовы працэс і вынесьлі яму сьмяротны прысуд, аднак выканаць яго камуністычныя ўлады ўжо ня здолелі.
 
У 1965 годзе астанкі сьвятамучаніка Янаша Шэфлера былі эксгумаваныя з турэмнага цьвінтара і таемна пахаваныя ў катэдральным саборы Сату Марэ. У 1992 годзе распачаўся беатыфікацыйны працэс, а 1 ліпеня 2010 году Бенядыкт XVI зацьвердзіў дэкрэт, якім вызнана мучаніцтва мужнага каталіцкага ярарха Слугі Божага Янаша Шэфлера.
 
Паводлe Радіо Ватикан, Deon.pl, CNEWA .
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 316 разоў (-ы)