Царква
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

21.07.2011

Адышоў у вечнасьць мужны сьведка веры – кардынал Казімір Сьвёнтак

Курыя Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляюць, што 21 ліпеня 2011 году а 9-й гадзіне на 97 годзе жыцьця адышоў у вечнасьць Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Сьвёнтак.

 
 кардынал Казімір Сьвёнтак

У сувязі са сьмерцю кардынала Сьвёнтка спачувальную тэлеграму на імя старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Гарадзенскага Аляксандра Кашкевіча даслаў Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI, у якой ён напісаў: “Узношу малітвы да Бога, каб Ён даў вечны адпачынак гэтаму дбайнаму і шчыраму пастыру. Я духоўна яднаюся з болем дыяцэзіяльнай супольнасьці, у якой ён з вялікім клопатам зьдзяйсьняў сваё біскупскае служэньне. Я ўзгадваю аб адважным сьведчаньні, якое ён даў Хрысту і свайёй Царкве ў асабліва цяжкія часы, а таксама аб энтузіязме, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэньня сваёй краіны”.
 
Разьвітаньне і жалобная сьвятая Імша пры труне з целам кардынала Казіміра Сьвёнтка адбудзецца ў менскай архікатэдры ў суботу, 23 ліпеня, а 13-й гадз. Ягонае пахаванне адбудзецца у панядзелак, 25 ліпеня, а 12-й у Пінску, там, дзе ён служыў. Пахавальную сьвятую Імшу ўзначаліць былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ архібіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў добрым сябрам кардынала Сьвёнтка. Парэшткі спачылага кардынала Казіміра Свёнтка будуць зьмешчаны ў мармуровым саркафагу ў пахавальнай крыпце пінскай катэдры Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
 
Жыцьцё кардынала Казіміра Сьвёнтка, нязломнага сьведка веры – цэлая эпоха, яно ўмясьціла амаль стагоддзе. 72 гады ён нёс сьвятарскае служэньне. На працягу 15 гадоў зьяўляўся архіпастырам Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі і 20 гадоў – Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
 
Ён стаў сьведкам многіх лёсавызначальных падзей у жыцьці Царквы і грамадзтва: страшнай вайны, сталінскіх рэпрэсіяў, палітыкі ваяўнічага атэізму, зьнішчэньня сьвятыняў і царкоўных структураў, адраджэньня веры, распаду СССР і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Казімір Сьвёнтак стаяў ля вытокаў адраджэньня Каталіцкай Царквы ў Беларусі, стаў першым у гісторыі Беларусі кардыналам. “Мяне ўтрымала і пры жыцьці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера”, – казаў у свой час кардынал Казімір Сьвёнтак.
 
За заслугі перад Царквой Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ адзначыў Казіміра Свёнтка, найстарэйшага ў сьвеце кардынала, сьпецыяльнай узнагародай – “Fidei testis” (Сьведка веры).
 
Казімір Свёнтак нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 году ў Эстоніі ў горадзе Валга, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю вывезьлі ў Сібір.
 
А роўна 70 гадоў таму, у 1941-ым, жыцьцё будучага кардынала было на валаску. Выратаваў яго пачатак вайны, якую сьвятар сустрэў у камеры сьмяротнікаў у турме ў Берасьці.
 
У 1941 годзе савецкая ўлада арыштавала Казіміра Сьвёнтка – маладога сьвятара з Пружанаў, які толькі два гады як скончыў Пінскую семінарыю, бо ўбачыла ў ім “ворага народу”. Два месяцы ён правёў у камеры сьмяротнікаў у брыгідзкай турме НКВД у Берасьцейскай крэпасьці, у штодзённым чаканьні сьмерці. На шматгадзінных начных допытах, як пазьней успамінаў кардынал, нават з прыстаўленым да скроні пісталетам, ён усё ж не губляў веры і надзеі... І прысуд яму так і не пасьпелі выканаць.
 
Пасьля вайны Казіміра Сьвёнтка зноў арыштавалі і адправілі на 10 гадоў у лагеры. Працаваць давялося спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты. Прайшоўшы праз увесь жах сталінскіх лагераў, Казімір Сьвёнтак у 1954 годзе вярнуўся на Беларусь. Не зламаны, не надломлены, не азлоблены. Пасьля вызваленьня ён ня кінуў сваю паству, ня зьехаў на Захад, як многія, а паехаў у Пінск - туды, дзе ўпершыню пачуў і прыняў Божае пакліканьне да сьвятарства, дзе спачываў ягоны апякун і заступнік біскуп Лазінскі. Будучы шматгадовым пробашчам у Пінску, Казімір Сьвёнтак здолеў захаваць ад закрыцьця старажытны катэдральны храм, самааддана працаваў для яго аднаўленьня. Быў час, калі ён быў адзіным каталіцкім сьвятаром на сотні кіламетраў.
 
Роўна 20 гадоў таму, ужо ў незалежнай Беларусі Казімір Сьвёнтак стаў архіпастырам каталіцкай супольнасьці краіны, распачаў працу па стварэньні і адраджэньні структур Каталіцкай Царквы. Вось што піша пра яго служэньне ў гэты перыяд каталіцкі партал Catholic.by.
 
Пастырская актыўнасьць кс. пралата Казіміра Сьвёнтка, яго адданасьць справе Царквы, незвычайныя арганізатарскія здольнасьці, аўтарытэт і пашана сярод сьвятароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ у 1991 годзе прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Менска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
 
Ва ўзросьце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэньне. Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Царквы структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у 1991 годзе, у пасяджэньнях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых царкоўных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Ён зьяўляецца сьведкам перасьледаваньня каталіцкай веры і яе адраджэньня ў Беларусі.
 
У 1994 годзе Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ надае яму тытул кардынала – найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Царкве. Гэта прызнаньне заслугаў ня толькі таленавітага сьвятара і біскупа, але і мужнага сьведкі веры. Гэта таксама прызнаньне пазіцыі Царквы ў Беларусі і ягонай ролі ў сусьветнай Царкве.
 
Кардынал Сьвёнтак яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэньня духоўнасьці і падрыхтоўкі Каталіцкай Царквы ў Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 году. У гэтай праграме асаблівае месца прысьвечана розным пастырскім праграмам, адбудове сьвятыняў і найперш менскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасьля яе ўтварэньня) дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 годзе. Знамянальны дэвіз Сіноду: “Усё аднавіць у Хрысьце”.
 
11 лютага 1999 году кардынал Казімір Сьвёнтак быў абраны першым Старшынём Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі – гэта падкрэсьлівае яго вядучую ролю ў Царкве і ў краіне.
 
27 верасьня 2004 году Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Сьвёнтку, архібіскупу Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму, сьпецыяльную ўзнагароду “Fidei testis” (Сьведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.
 
14 чэрвеня 2006 году Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI прыняў прашэньне аб вызваленьні ад пастырскага кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Сьвёнткам у адпаведнасьці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.
 
21 ліпеня 2011 году, а 9-й гадзіне, у Пінскай цэнтральнай бальніцы, дзе кардынал Казімір Сьвёнтак знаходзіўся апошнія некалькі месяцаў, ён адышоў у вечнасьць.
 
Вечны супакой дай яму, Госпадзе. Няхай сьвятло вечнае яму сьвеціць.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 187 разоў (-ы)