Царква
Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта
(Кніга Эклезіяста 7:10)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

29.07.2011

Архібіскуп Гуджароцьці: абяцаю ўсім беларусам слухаць і любіць іх

“Я абяцаю усім беларусам слухаць і любіць іх”, – з такімі словамі зьвярнуўся да вернікаў нашай краіны новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ярарх расказаў пра свой досьвед дыпламатычнай службы ў краінах Закаўказьзя і пра планы на новым этапе працы ад імя Апостальскай Сталіцы ў Беларусі. Прапануем вашай увазе тэкст інтэрв’ю з архібіскупам Гуджароцьці.
   
CLAUDIO GUGEROTTI– Ваша Эксцэленцыя, з якімі думкамі і настроем Вы прынялі прызначэньне ў Беларусь?
 
– Мая першая рэакцыя была падобнай да рэакцыі Абрагама, калі Госпад паклікаў яго пакінуць сваю зямлю і даверыцца Яму. Адчуваю пачуцьцё ўдзячнасьці за ўсё тое, што на працягу апошніх гадоў мне давялося перажыць у Грузіі, Арменіі і Азербайджане, а таксама за новае пакліканьне служыць Апосталькай Сталіцы на Беларускай зямлі. Я асабліва ўдзячны Сьвятому Айцу за зноў аказаны да мяне высокі давер у маёй новай дзейнасьці.
 
– Вы несьлі служэньне ў Грузіі, Арменіі, Азербайджане – былых краінах сацлагеру. Беларусь таксама да іх адносіцца. Ці робіце Вы ў сваёй працы папраўку на тое, што практычна 80 гадоў на гэтай тэрыторыі рэлігія была “па-за законам”?
 
– Падчас майго служэньня ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў з 1985 году да 2001 году мне даводзілася сачыць за апошнімі падзеямі, што адбываліся ў Савецкім Саюзе і якія зьмянілі рух сусьветнай гісторыі. Потым была мая працяглая, амаль дзесяцігадовая прысутнасьць на Каўказе, дзе я стаў сьведкам і прыхільнікам абуджэньня новай сьвядомасьці, намаганьняў па пераадоленьні эканамічных і сацыяльных цяжкасьцяў, пошуку стабільнасьці, адкрыцьця новых гарызонтаў, будаваньня грамадзкага жыцьця на фундаменце павагі да чалавечай асобы і агульнага дабра.
 
Пачатак дзейнасьці ў Беларусі зьяўляецца натуральным працягам майго каўказскага вопыту, спрабуючы, у прыватнасьці, знайсьці Божую волю ў аснове ўсякага сумленьня, узаемнага даверу, павагі да маральных законаў. Я знаёмы са слаўнай і шматпакутнай гісторыяй беларускага народу, з яго глыбокай верай, дабрынёй і вялікадушнасьцю жыхароў гэтай краіны. Я знаёмы з іх працавітасьцю, з дасягненьнямі ў галіне культуры і мастацтва, з іх імкненьнем чыніць дабро.
 
– Ці знаёмыя Вы з беларускімі біскупамі і становішчам Каталіцкай Царквы ў краіне?
 
– Я меў магчымасьць сустрэцца з некаторымі кіраўнікамі каталіцкай супольнасьці ў Беларусі, як лацінскага так і візантыйскага абрадаў. У прыватнасьці, я сустракаўся з архібіскупам Кандрусевічам і архімандрытам Гаекам, а таксама з главой Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам. У момант майго прызначэньня, я з вялікім захапленьнем і малітоўным успамінам зьвяртаў свой позірк на кардынала Казіміра Сьвёнтка, які нават з бальнічнага ложку працягваў сваю айцоўскую і пастырскую дзейнасьць. Цяпер, калі Госпад паклікаў яго да сябе, мае ўспаміны і малітва становяцца яшчэ больш моцнымі, з надзеяй, што ён стане нашым новым заступнікам у небе.
 
Я, як і ўсе людзі, з болем у сэрцы ўзгадваю катастрофу на Чарнобыльскай АЭС, якая забрала жыцьці многіх бязьвінных людзей. Я памятаю вялікую салідарнасьць, якую праявіла сусьветная супольнасьць, у тым ліку і мая родная краіна Італія, каб аказаць дапамогу, асабліва дзецям, у тыя цяжкія дні. Я сустракаўся з многімі простымі грамадзянамі Беларусі, якія раскрылі мне сваё вялікае сэрца. Думка аб тым, што мне давядзецца працаваць з імі, радуе мяне і напаўняе надзеяй.
 
– Ці ёсьць нейкія першачарговыя праблемы, на якія трэба зьвярнуць увагу ў Беларусі?
 
– Я еду ў Беларусь, як каталіцкі біскуп, які падзяляе з Праваслаўнай Царквой амаль увесь скарб веры. Але пры гэтым я зьяўляюся прадстаўніком Папы Рымскага. Нясу сюды сьведчаньне служэньня Пятра, як маста, што аб’ядноўвае. Я буду імкнуцца падзяліцца з усімі хрысьціянамі досьведам служэньня чалавечай асобе, які Каталіцкая Царква набыла праз яе паўсюдную прысутнасьць і які ўзбагачаны ў выніку кантактаў з рознымі народамі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў нанова здабытай свабоды. Нягледзячы на тое, што на працягу апошніх часоў, часам праяўляліся непаразуменьні і нават супрацьстаяньне, усё гэта яшчэ больш умацавала нашую веру і абагаціла наш пастырскі досьвед, напоўніўшы яго больш глыбокім зьместам.
 
– Эксцэленцыя, з якімі словамі Вы хацелі б зьвярнуцца да тых людзей, з якімі і для якіх Вам прыйдзецца працаваць у Беларусі?
 
– Пасылаю сваё братэрскае прывітаньне братам у біскупстве і сьвятарстве. З асаблівай павагай я стаўлюся да манахаў і манахіняў, якія, дзякуючы свайму жыцьцёваму сьведчаньню і служэньню Божай любові, зьяўляюцца гонарам Царквы. Бласлаўляю ўсіх сьвецкіх, якія прымаюць удзел у жыцьці Царквы.
 
Вітаю Мітрапаліта Філарэта і ўсю Праваслаўную Царкву, спадчыну якой я з энтузіязмам вывучаў на працягу многіх гадоў, і з якой давялося блізка супрацоўнічаць падчас майго знаходжаньня на Каўказе, перадаю сьвяты пацалунак міру. Выказваю поўную гатоўнасьць Каталіцкай Царквы і Апостальскай Сталіцы жыць і працаваць для вернага і сумеснага сьведчаньня Евангельля ў надзеі на поўную і бачную еднасьць.
 
Грамадзянскім уладам краіны хачу выказаць сваю павагу і гатоўнасьць працаваць дзеля дабра ўсяго беларускага народу, ставячы ў галаву вугла чалавечую годнасьць, якая для хрысьціянаў паходзіць ад асобы самаго Хрыста, Уцелаўлёнага Слова. Абяцаю ўсім беларусам слухаць і любіць іх. Пакорна і ахвотна служыць ім праз маю новую працу. Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё выказваю маю сардэчную падзяку за ўсё, што яна зрабіла для вернікаў падчас перасьледу, калі яе голас нёс суцяшэньне і сьведчыў аб падтрымцы і любові ўсёй Царквы. Прашу ўсіх ставіцца да крокаў, якія мною будуць зробленыя, з цярплівасьцю, шчырасьцю і адкрытасьцю ды маліцца за мяне. Дзякую.
 
Паводле Ватыканскага радыё
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 301 разоў (-ы)