Царква
I калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, - няма мне ў тым ніякай карысьці
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

11.08.2011

Xрысьціянскі летнік для асобаў з асаблівасьцямі фізічнага разьвіцьця

“Ветразь любові” – такую назву атрымаў хрысьціянскі летнік для асобаў з аасаблівасьцямі фізічнага разьвіцьця і валанцёраў, які праходзіў 25-31 ліпеня 2011 году пры грэка-каталіцкай парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Полацку. Каля 40 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі сабраліся, каб правесьці адзін тыдзень разам у братэрскай хрысьціянскай атмасферы.
   
Праграма летніка была вельмі насычаная. Удзельнікі мелі магчымасьць атрымаць досьвед на практычных занятках (варштатах), а таксама паўдзельнічыць у разнастайнай конкурсна-забаўляльнай праграме: “Міс і Містер летніка”, “Акіян любові”, у віктарынах, конкурсах, ролевых гульнях і проста адпачыць каля вогнішча пад гітару і сьпевы ці схадзіць на рэчку.
 
У рамках духоўнай праграмы моладзь разважала над найбольшымі прыказаньнямі Божымі: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім”, і “любі бліжняга свайго, як самога сябе” (пар. Мц 22:37-39). Як жа мы можам любіць Бога і свайго бліжняга, калі часам так складана палюбіць самога сябе, прыняць сябе такім, якім ёсьць? І што перашкаджае нам любіць самога сябе?
 
Удзельнікі летніка вызначылі некалькі галоўных прычынаў. Мы можам не любіць сябе за пэўныя акалічнасьці свайго мінулага, за свае памылкі і грахі. Мы можам не любіць сябе праз асуджэньне і негатыўныя думкі іншых. І ад іх меркаваньня нам здаецца, што мы ня вартыя любові. А можам не любіць сябе з уласных перакананьняў, будучы незадаволеныя сваім выглядам, здароўем, сваёй сям’ёй, сацыяльным ці матэрыяльным статусам.
   
Але ці маем мы права не любіць сябе з гэтых прычынаў? Вядома ж, не! Толькі Бог, Які дае нам жыцьцё, можа даць ацэнку кожнаму з нас, сказаць праўду пра нас саміх. Ён кажа: “Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? Але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе” (Іс 49:15, а таксама Іс 54:10, Ян 15:16 і інш.) Богу ня важна тое, як мы выглядаем, дзе нарадзіліся, якія ў нас здольнасьці, якое ў нас мінулае. Для Бога мы ўсе аднолькава любімыя і жаданыя. Бог любіць нас проста за нас саміх, незалежна ні ад чаго. Таксама павінны рабіць і мы.
 
У сярэдзіне жніўня адбудзецца другі заезд летніка, на яго запрашаюцца асобы з асаблівасьцямі псіхічнага разьвіцьця і валанцёры.

Арганізатар летніка, хрысьціянскі валанцёрскі рух сьв. Мікалая, складае шчырую падзяку міжнароднаму руху “Бэтэль” за аказаньне дапамогі ў правядзеньні летніка, а таксама сястры Валянціне Арсобе з полацкай рыма-каталіцкай парафіі сьв. Андрэя Баболі за тэхнічна-транспартную падтрымку.
Айцец Аляксандар ШЫБЕКА
Паводле Svjazep.org 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 299 разоў (-ы)