Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

12.08.2011

Уладзімір ВАСЬКОЎ

Грэка-каталіцтва на Гомельшчыне

У Гомельскім старостве з 1738 па 1749 г. была толькі адна праваслаўная царква. Яна знаходзілася ў сяле Кузьмінічы, на ўсход ад Церахоўкі. Астатнія цэрквы былі на той час ужо ўніяцкімі ці стараабрадніцкімі. У 1749 г. кузьмініцкая царква таксама была перададзена ўніятам, і ўсходняя Гомельшчына на некалькі гадоў стала пераважна ўніяцкай.
   
Як вядома, хрысьціянства на беларускія землі прыйшло з Візантыі ў той час, калі існавала адзіная, непадзеленая Царква. Пасьля падзелу ў 1054 г. на заходнюю і ўсходнюю, Праваслаўная Царква на Беларусі яшчэ доўга падтрымлівала сувязь і з Канстанцінопалем, і з Рымам.

Старая Беліца (
Гомельскі р-н), царква сьв. Мікалая
Старая Беліца (Гомельскі р-н), царква сьв. Мікалая (1770-ыя гг.)
У 1596 г. у Берасьці была падпісана царкоўная Унія з Рымам. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак Уніяцкая Царква. Паводле ўмоваў Уніі, на Ўніяцкую Царкву і яе ярархаў распаўсюджваліся ўсе правы, якія мелі ў Рэчы Паспалітай рыма-католікі. Цалкам захоўваўся ўсходні царкоўны абрад з усімі яго багаслоўскімі і літургічнымі асаблівасьцямі. Таксама захоўвалася царкоўная ярархія, незалежная ад лацінскай ярархіі.

15 чэрвеня 1621 г. полацкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч перадаў грэка-католікам (уніятам) гомельскую замкавую праваслаўную царкву сьв. Мікалая [1, с.16; 44]. Садзейнічаў яму ў гэтым гомельскі староста Павел Стэфан Сапега. Але спробы далучыць жыхароў Гомеля да Уніі ў першай палове XVII ст. аказаліся безвыніковымі, і царква сьв. Мікалая праз нейкі час ізноў стала належаць праваслаўным вернікам. У 1701 г. Мікольская царква згарэла. Каб адбудаваць яе, гомельскія праваслаўныя вернікі зьбіралі грошы на будаўніцтва ў Расеі, бо ў Гомелі было мала ахвотных адбудоўваць царкву.

У першыя дзесяцігоддзі XVIII ст. гомельскія ўлады пры падтрымцы каталіцкага духавенства зноў распачалі захады па далучэньні гомельцаў да грэка-каталіцтва. Так, у 1717 г., калі Гомелем кіраваў староста Тамаш Красінскі, Мікольская царква, якая знаходзілася на тэрыторыі замка, і царкоўная маёмасьць былі забраныя ў праваслаўных вернікаў, а протаярэй Панкевіч выгнаны з Гомеля. Лічыцца, што гэта было зроблена Красінскім пад уплывам яго другой жонкі, Алены Грахольскай, пабраўшыся шлюбам з якой, Тамаш Красінскі перайшоў у каталіцтва [2].

Магчыма, што гэтыя падзеі адбываліся ўжо пры кіраваньні іншага гомельскага старосты — сына Тамаша Красінскага, Мікалая Красінскага (Тамаш Красінскі памёр каля 1717 г.). Царква і маёмасьць, захопленыя Аленай Грахольскай і яе служкамі, былі перададзены езуіту ксяндзу Язафату Сакалоўскаму. Ксёндз Сакалоўскі ў гэты час (1715–1717 гг.) працаваў у вандроўнай місіі на памежных з Расеяй землях [3]. 7 лютага 1717 г. Ксёндз Сакалоўскі адслужыў у царкве імшу і апячатаў будынак.

Гомельскія праваслаўныя жыхары паскардзіліся на дзеяньні А. Грахольскай расейскаму імператару Пятру І. У выніку гэтай скаргі ў 1720 г. каралю Аўгусту ІІ Моцнаму быў прад’яўлены мемарандум «аб спыненьні гвалту». Пачалося сьледзтва аб Мікольскай царкве, якое вёў ксёндз Анкуда Антыпатрэнскі. Суддзёй быў біскуп Віленскі. Следзтва вялося вельмі доўга. У рэшце рэшт Мікольская царква засталася ў валоданьні ўніятаў [4, c. 22].

Тады праваслаўныя вернікі вырашылі пабудаваць новую царкву і атрымалі на гэта прывілей князёў Нойбургскіх [5], але дзякуючы ўмяшальніцтву пробашча гомельскага касьцёла, які быў духоўнікам Красінскіх і меў на іх уплыў, гэты намер не рэалізаваўся. Пазьней пры Мікольскай царкве пасяліліся манахі ўніяцкага базыльянскага ордэна.

Гомель у гэты час быў цэнтрам Гомельскага грэка-каталіцкага дэканату. Базыльянскі манастыр у Гомелі праіснаваў да 1804 г., калі ён быў зачынены [6].

Уначы 2 верасьня 1737 г. у доме мяшчанкі Сямёнавай, якая жыла на Траецкай вуліцы, пачаўся пажар. У выніку згарэла большая частка гораду, у тым ліку касьцёл і ўсе праваслаўныя цэрквы: Спаская, Траецкая і Прачысьценская. Ацалеў толькі замкавы Мікольскі сабор, пры якім дзейнічаў базыльянскі манастыр. Езуіт Адам Рушчыцкі, які ў гэты перыяд (1736–1741 гг.) працаваў місіянерам у Хальчанскай місіі, прыкладаў намаганьні, каб не дапусьціць пабудовы новых праваслаўных цэркваў. Яго ў гэтым падтрымліваў староста Міхаіл Чартарыйскі. Землі, якія да гэтага належалі Траецкай царкве, таксама былі канфіскаваныя айцом Рушчыцкім [7]. Цалкам верагодна, што менавіта езуіт Адам Рушчыцкі паспрыяў перадачы грэка-католікам цэркваў у Барталамееўцы, Навасёлках, Радузе і Шарсьціне ў 1737 г., на сьвята Пятра і Паўла. У 1738 г. была перададзена грэка-католікам і хальчанская царква.

У Гомельскім старостве з 1738 па 1749 г. была толькі адна праваслаўная царква. Яна знаходзілася ў сяле Кузьмінічы, на ўсход ад Церахоўкі. Астатнія цэрквы былі на той час ужо ўніяцкімі ці стараабрадніцкімі [8, c. 385]. У 1749 г. кузьмініцкая царква таксама была перададзена ўніятам, і ўсходняя Гомельшчына на некалькі гадоў стала пераважна ўніяцкай.

У Гомелі ўладам не ўдалося стварыць значную ўніяцкую парафію. У 1756 г. праваслаўныя вернікі атрымалі дазвол на пабудову трох цэркваў: Прачысьценскай, Праабражэнскай і Траецкай. Мясцовыя ўлады пайшлі на гэта пад ціскам з боку суседняй Расеі.

Пасьля далучэньня ў 1772 г. усходняй Гомельшчыны да Расейскай імперыі Гомельскім і Рагачоўскім дэканатамі Грэка-Каталіцкай Царквы кіраваў Полацкі архібіскуп Ясон Смагаржэўскі (з 1773 г.), які прысягнуў на вернасьць Расеі. Інстыгатарам [9] Гомельскага дэканату ў гэты час быў чабатовіцкі парах [10] сьвятар Ёна Маркоўскі.

Урад Кацярыны II царскім указам ад 14 сьнежня 1772 г. зацьвердзіў Я. Смагаржэўскага архібіскупам беларускіх уніятаў. Ясон Смагаржэўскі нарадзіўся каля 1714 г., памёр 1 лютага 1788 г., ён паходзіў з Ваўкавыскага павету. Каля 1731 г. Смагаржэўскі ўступіў ва ўніяцкі ордэн базыльянаў, хаця сам быў рыма-католікам. З 1734 па 1740 г. вывучаў тэалогію і філасофію ў Грэцкім калегіюме ў Рыме. У 1740 г. прыняў сакрамант сьвятарства. З 1747 г. быў Генеральным афіцыялам і вікарыем Кіеўскай мітраполіі [11]. Каля 1752–1758 гг. знаходзіўся ў Рыме. У 1762–1780 г. быў архібіскупам Полацкім. Абараняў пазіцыі Ўніяцкай Царквы ад спробаў пераводу вернікаў як у праваслаўе, так і ў рыма-каталіцтва. Спрабаваў абмежаваць дзейнасьць праваслаўнага япіскапа Віктара Садоўскага. Імкнуўся забараніць сьвятарам з Расеі працаваць у парафіях, намагаўся вярнуць ва ўніяцтва парафіі, у якіх вернікі прынялі праваслаўе.

У 1774 г. архібіскуп Ясон Смагаржэўскі дамогся ад рымскай курыі пацьвярджэньня пастановы 1624 г. аб забароне ўніятам пераходзіць у лацінскі абрад. У 1780–1788 гг. быў Мітрапалітам Кіеўскім і Галіцкім. Імкнуўся захаваць за сабой і пасаду Полацкага архібіскупа, але 2 ліпеня 1780 г. імператрыца Кацярына ІІ пазбавіла яго архібіскупства і расейскага падданства. Выехаў у Рэч Паспалітую і жыў там у рэзідэнцыі ў Радамысьлі [12, c. 597–598].

У пятым пункце трактату, што зацьвярджаў першы падзел тэрыторыі Рэчы Паспалітай, падпісанага 7(18) верасьня 1773 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, гаварылася аб захаваньні на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі Каталіцкай Царквы абодвух абрадаў, лацінскай і грэцкай, усёй уласнасьці, маёмасьці, правоў і прывілеяў, якія належалі Царкве ў часы Рэчы Паспалітай. Але разам з тым дзейнасьць Рыма-Каталіцкага Касьцёлу і Ўніяцкай Царквы абмяжоўвалася.

Нягледзячы на артыкул трактату 1773 г., расейскі ўрад адразу ж пачаў перадаваць будынкі ўніяцкіх цэркваў Праваслаўнай Царкве. Ужо да канца 1774 г. у пяці беларускіх правінцыях Пскоўскай і Магілёўскай губерняў — Аршанскай, Віцебскай, Мсьціслаўскай, Полацкай і Рагачоўскай — 429 цэркваў Уніяцкай Царквы былі перададзеныя Праваслаўнай Царкве, а з Уніі ў праваслаўе пераведзена 688 чалавек. Да таго ж у рыма-каталіцтва перайшло яшчэ 486 дарослых вернікаў.

Загадам Кацярыны II на імя графа З. Р. Чарнышова ад 2 ліпеня 1780 г. уніяцкаму мітрапаліту ў Рэчы Паспалітай Я. Смагаржэўскаму (куды ён пераехаў з Полацкай архіяпархіі) забаранялася кіраваць справамі Ўніяцкай Царквы на тэрыторыі Полацкага і Магілёўскага намесьніцтваў імперыі [13].

У 1839 г. уніяцтва на Гомельшчыне было цалкам ліквідаванае. Адрадзілася яно толькі праз 150 гадоў — у 1989 годзе, калі гомельскія грэка-католікі пачалі зьбірацца на супольную малітву.

У 1991 г. (паводле іншых крыніцаў, у кастрычніку 1990 г.) была зарэгістраваная парафія ў гонар Трох Сьвяціцеляў (Рыгора Багаслова, Яна Залатавуснага і Васіля Вялікага). Пакуль што парафія ня мае ўласнага храму і вернікі зьбіраюцца на набажэнствы ў гомельскім касьцёле [14]. Набажэнствы адпраўлялі тут сьвятары з іншых парафіяў (у прыватнасьці — сьвятары Пахом Кавалёў з Полацка, Казімір Ляховіч з Менска, Андрэй Крот і інш.).

Адзначым, што гісторыя грэка-каталіцтва на Гомельшчыне дасюль малавядомая і патрабуе далейшага дасьледаваньня.
 

Зацемы
:

1. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт Гомель, 2005).
 
 2. Жудро, Ф. А. Город Гомель. / Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, Д. И Довгялло. — Вильна, 1911.
3. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564–1995. http://www.jezuici.krakow.pl.
4. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт Гомель, 2005).
5. Княгіня Людвіка Караліна Нойбургская была прадстаўніцай слуцка-біржанскай галіны Радзівілаў, найбольш уплывовай у першай палове ХVII ст. Да гэтай галіны належаў таксама Багуслаў Радзівіл. Галіна абарвалася ў 1669 г., а яе вялізныя ўладаньні перайшлі да адзінай дачкі Багуслава, Людвікі Караліны. Першым яе мужам быў электар брандэнбургскі, другім — князь нойбургскі (абодва з Германіі). Людвіка Караліна была прыхільніцай кальвінізму і падтрымлівала гэтую канфесію, а таксама праваслаўе. Пасьля сьмерці Людвікі Караліны яе ўладаньні ў ВКЛ (спадчына Багуслава Радзівіла), перайшлі да двухгадовай дачкі Лізаветы Аўгусты Сафіі, якой апекаваўся бацька, князь Карл Філіп Нойбург. З 1717 г. Лізавета Аўгуста Сафія была замужам за пфальцграфам Зульцбахскім Ёзафам Карлам Эмануэлем. Пасьля яе сьмерці ўся маёмасьць перайшла да трох дачок ад гэтага шлюбу: Лізаветы Аўгусты, Марыі Ганны Шарлоты і Марыі Францішкі Даратэі, якія валодалі радзівілаўскай спадчынай да 1744 г., пасьля чаго яна была далучаная да ўладаньняў нясьвіжскай галіны Радзівілаў. 
6. Жудро, Ф. А. Город Гомель. / Ф. А. Жудро, И. А.Сербов, Д. И Довгялло. — Вильна, 1911.
 
7. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт Гомель, 2005).
8. Россия: Полное географическое описание нашего отечества / Под ред. В. П. Семенова. — Санкт-Петербург, 1905. — Т. 9.

9. Інстыгатар — службовая асоба, на якую ўскладзеныя пракурорскія абавязкі.

10. Парах — грэка-каталіцкі сьвятар, які ўзначальвае парафію.
11. Мітраполія — у Каталіцкай Царкве царкоўная правінцыя, якая ўключае архідыяцэзію і некалькі падпарадкаваных ёй дыяцэзій. 
12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 2001. — Т. 6, кн. 1.  
13. Грыцкевіч, А. Уніяцкая царква на Беларусі ў канцы ХVІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў // Хрысьціянская думка. — 1993. — № 3 (214).
14. Пазьнякоў, В. Гомель. Парафія Трох Сьвяціцеляў // Шлях да Хрыста. — 2000. — № 2 (10).

З сайту Smalensk.org

На фота: царква сьв. Мікалая (1770-ыя гг.) у Старой Беліцы (Гомельскі р-н). Аўтар — А. Дыбоўскі.  

 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 301 разоў (-ы)