Царква
Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго... нічога, што ў блізкага твайго
(10 запаведзь, Выхад 20:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

15.08.2011

Археолагі знайшлі ў Полацку рэшткі школы, дзе вучыўся Францішак Скарына

Гэтым летам археолагі, якія ажыцьцяўлялі ў Полацку археалагічны нагляд за ходам будаўнічых прац у Запалоцьці, выявілі падмуркі корпуса кляштара бернардынаў, у якім Францішак Скарына атрымаў пачатковую адукацыю.
   
Францішак Скарына
Францішак Скарына
Паводле зьвестак навукоўцаў, асновы лацінскай мовы знакаміты палачанін верагодна спасьцігаў уласна ў школе манахаў-бернардынаў, якая працавала пры кляштары, існаваньне якога вядома ўжо пад 1498 годам.

Да апошняга часу дакладнае месца разьмяшчэньня бернардынскага кляштару ў Запалоцьці было невядомае: час не захаваў нават руінаў. Гісторыкі толькі прыблізна меркавалі, дзе ён мог знаходзіцца, і мелі планы гэтага кляштара.

 
Кляштар і касьцёл бернардынаў у Запалоцьці згарэлі падчас Лівонскай вайны ў 1563 годзе. У XVIII стагоддзі бернардыны пабудавалі ў Полацку новы кляштар і касьцёл, але гэтым разам у Задзьвіньні, рэшткі гэтых збудаваньняў захаваліся да нашых дзён.
 
Загадчык катэдры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту кандыдат гістарычных навук дацэнт Дзяніс Дук, які ўзначальваў раскопкі, паведаміў БелТА, што гэтым летам, падчас археалагічнага нагляду за ходам будаўнічых прац, былі выяўлены рэшткі падмурка будынка, якія супалі з наяўным планам бернардынскага кляштару. У тым, што гэта сапраўды частка кляштарнага комплексу, навукоўцаў пераканалі і знаходкі: царкоўнае начыньне, якое належала манахам-бернардынам, посуд, кафля, накладкі на кнігі.
 
Паводле словаў Дзяніса Дука, музеефікаваць знойдзеныя рэшткі кляштара, на жаль, не ўяўляецца магчымым, бо ў гэтым раёне шчыльная прыватная забудова. Тым ня менш, нягледзячы на гэта, турыстычная карта старажытнага Полацка можа папоўніцца яшчэ адной гістарычнай мясьцінай.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 518 разоў (-ы)