Царква
Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Эфэсянаў 4:28)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

16.08.2011

Першы Сусьветны кангрэс каталіцкіх універсітэтаў

У Гішпаніі напярэдадні Сусьветнага Дня моладзі ў старажытным горадзе Авіла, што ў цэнтры краіны, які вядомы як месца нараджэньня вялікай сьвятой Тэрэзы Авільскай і абвешчаны ЮНЭСКА культурнай спадчынай чалавецтва, з 12 па 14 жніўня 2011 году адбыўся першы Сусьветны кангрэс каталіцкіх універсітэтаў.
   
/images/
naviny_spaw/161977_146583105396892_3354495_n.jpg“Ідэнтычнасьць і місія каталіцкага універсітэта” – такім быў дэвіз гэтай сустрэчы, у якой удзельнічала каля 500 прадстаўнікоў 170 каталіцкіх універсітэтаў з больш як 40 краінаў сьвету. Форум быў арганізаваны 7 гішпанскімі і 30 міжнароднымі ўніверсітэцкімі цэнтрамі. У ім прымалі ўдзел рэктары, выкладчыкі, прадстаўнікі навукова-дасьледчых цэнтраў, біскупскіх канферэнцыяў, студэнты, і ўсе, каго цікавіць уклад каталіцкіх універсітэтаў у разьвіцьцё антрапалогіі, адказы на неадкладныя выклікі чалавецтва ды іх евангелізацыйнае вымярэньне.
 
Кангрэс даў магчымасьць паразважаць над ідэнтычнасьцю і духоўнасьцю каталіцкіх вышэйшых навучальных установаў, абмяняцца думкамі, пазнаёміцца з праектамі каталіцкіх універсітэтаў у розных краінах сьвету.
 
Працу Кангрэса ўзначаліў рэктар Авільскага каталіцкага ўніверсітэту імя сьв. Тэрэзы, які быў заснаваны ў 1996 годзе, доктар Марыя дэль Расарыё Саес Югера, а адкрыў форум кардынал Зянон Грахалеўскі, Прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, які асабліва падкрэсьліў, што каталіцкія ўніверсітэты сёньня павінны прымаць актыўны ўдзел у місіі Царквы. Ён зьвярнуў увагу на прыклад сьвятой Тэрэзы з Авілы, якая ў перыяд Рэфармацыі выбрала шлях хрысьціянскага радыкалізму.
 
На Кангрэсе выступіў архібіскуп Рына Фізікела, які ўзначальвае Папскую Раду па новай евангелізацыі. Ён гаварыў пра каталіцкія ўніверсітэты і новую евангелізацыю сучаснага сьвету, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на пераломны характар эпохі, у якой мы жывем. Як усе католікі, так і царкоўныя навучальныя ўстановы, пакліканы ўплываць на ход гісторыі. Нельга пакідаць разьвіцьцё падзеяў на волю выпадку або аддаваць іх у рукі тых, хто жадае абмежаваць свабоду чалавека, падкрэсьліў архібіскуп Фізікела. Увесь гістарычны працэс, у тым ліку яго персьпектывы, што здаюцца нам незразумелымі ці нават не выклікаюць аптымізму, зьяўляюцца той прасторай, у якой дзейнічае збаўчая ласка Ісуса Хрыста.
 
Важным элементам Кангрэсу былі дыскусіі дваццаткі сьпецыялістаў – філосафаў, антраполагаў, багасловаў, сьпецыялістаў у розных галінах навукі, пачынаючы ад гуманітарных, камунікацыі і інш., аж да малекулярнай фізікі.
 
Падчас Кангрэсу праходзілі таксама “Кірмаш універсітэтаў” і “ Універсітэцкі фэст”, на якіх было паказана культурнае і мастацкае жыцьцё асобных краінаў. Кангрэс каталіцкіх універсітэтаў завяршыўся ўрачыстай Боскай Літургіяй, якую ўзначаліў архібіскуп Мадрыда, кардынал Антоніа Марыя Роўка Варэла.
 
19 жніўня дэлегацыя Кангрэсу каталіцкіх універсітэтаў, у склад якой увойдуць некаторыя рэктары, выкладчыкі і студэнты, будзе мець магчымасьць прыняць удзел у сустрэчы Папы Бенядыкта XVI з маладымі універсітэцкімі выкладчыкамі, якая адбудзецца ў гістарычным комплексе кляштара сьв. Лаўрэнція ў Эль-Эскарыяль.
 
Паводле Радіо Ватикан
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 257 разоў (-ы)