Царква
Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
(Кніга Эклезіяста 7:16)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

17.08.2011

Мітрапаліт Кандрусевіч правёў катэхезу для беларускіх удзельнікаў сустрэчы ў Мадрыдзе

Адным з пунктаў праграмы XXVI Сусьветнага дня моладзі ў Мадрыдзе зьяўляюцца катэхезы біскупаў на тэму сустрэчы “Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысьце, моцныя ў веры”. Першая катэхеза адбылася раніцай 17 жніўня, пройдуць яны і ў наступныя два дні.
   
Катэхеза для моладзі ў Палацы спорту.Фота: Madrid2011jmj

Катэхезы ў Мадрыдзе праводзіць таксама і беларускі рыма-каталіцкі ярарх Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
 
У сваёй першай катэхезе Ўладыка Тадэвуш закрануў адзін з асьпектаў тэмы “моцныя ў веры”. Праблема веры, на думку ярарха, зьяўляецца вялікай і актуальнай праблемай сучаснага хрысьціянства. У многіх людзей яна застаецца вельмі павярхоўнай. Многія сёньня носяць крыж, нярэдка вельмі дарагі, але мала разумеюць, што ён азначае. З асабістага досьведу Ўладыка Кандрусевіч прывёў сітуацыю з базылікі сьв. Пятра: у Юбілейным 2000 годзе дзьве жанчыны спыталі, дзе ў Рыме знаходзіцца месца ўкрыжаваньня Ісуса. Праблема выяўляецца таксама і ў тым, што некаторыя людзі пакуль моляцца ў царкве яны хрысьціяне, а як выйшлі з храму жывуць як язычнікі.
 
Мітрапаліт нагадаў пра многія сучасныя пагрозы для веры. Сярод іх ён назваў жаданьне “прыватызаваць” веру, зрабіць яе выключна прыватнай справай кожнага. “Веру імкнуцца сьпіхнуць на перыферыю жыцьця і жадаюць, каб яна была толькі прыватнай справай чалавека і не праяўлялася ў публічным жыцьці”, патлумачыў архібіскуп Кандрусевіч. Рэклама алкаголю, тытуню, эротыкі і сумнеўных рэпрадуктыўных тэхналогіяў, амаральныя кіна- і тэлепраграмы, забруджаны інтэрнэт, рост колькасьці казіно, якія разараюць чалавека, сэкс-шопы і г. д. – ці гэта таксама прыватная справа, задае пытаньне моладзі Мітрапаліт Кандрусевіч.
 
Вялікую небясьпеку для веры нясе тэндэнцыя зьмяняць Божы закон, паслабляць яго, што на сучаснай мове называецца маральным рэлятывізмам. Яшчэ адна пагроза для веры, на якую зьвярнуў увагу Ўладыка Кандрусевіч - жаданьне абсалютнай свабоды. У наш час бывае, што заклікі Царквы захоўваць Божы закон называюць сярэднявечнымі практыкамі, адсталасьцю, адмовай ад прагрэсу ці нават фундаменталізмам.
 
«Нагадваючы пра нашу веру, трэба нагадаць і пра тое, што яна павінна выяўляцца ня толькі асабіста, але і супольна. Нездарма можна пачуць такія выразы, як вера народа, гэты ці іншы народ сапраўды зьяўляецца веруючым. Вера Царквы, якую мы вызнаём у Сымбале веры, заўсёды распачынаецца з асабістага акту “я веру” і потым пераходзіць у супольны “мы верым”», падкрэсьліў беларускі ярарх.
 
Поўны тэкст катэхезы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча гл. на сайце Catholic.by
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 312 разоў (-ы)