Царква
Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі
(2 запаведзь, Выхад 20:4)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

17.08.2011

Бенядыкт XVI: для духоўнага росту неабходна прысьвячаць час Богу

Падчас агульнай аўдыенцыі 17 жніўня 2011 году, якая прайшла на плошчы перад Апостальскім палацам у Кастэль Гандольфа, Бенядыкт XVI прамовіў да вернікаў катэхезу, якая была прысьвечана “малітве розумам” ці медытацыі, цудоўны прыклад якой дала Найсьвяцейшая Дзева Марыя.
   
Папа адзначыў, што ўрачыстасьць Усьпеньня, якую Царква адсьвяткавала некалькі дзён таму, зьяўляецца сьвятам надзеі. “Марыя патрапіла на Неба, і гэта таксама зьяўляецца нашым прызначэньнем: мы ўсе можам там апынуцца”, – сказаў Бенядыкт XVI. Сьвяты Айцец адзначыў, што праз веру, давер да Госпада, яднаньне з Яго воляй, можна ісьці верным шляхам да Неба.
 
“Часта мы бачым толькі негатыўныя рэчы, але варта яшчэ заўсёды памятаць пра пазітыўнае, пра дары, якія мы атрымалі ад Бога. Трэба быць уважлівымі да станоўчых знакаў, якія паходзяць ад Бога”, – падкрэсьліў Сьвяты Айцец. Далей ён распавёў пра такі тып хрысьціянскай малітвы, які называецца малітва розумам: “Мы звычайна знаёмыя з малітвай словамі, у якой, вядома, таксама павінны прысутнічаць розум і сэрца. Аднак зараз размова ідзе аб медытацыі, падчас якой не прамаўляюцца словы, але наш розум уступае ў кантакт з сэрцам Бога”.
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што Маці Божая зьяўляецца прыкладам такой малітвы: “Евангеліст Лука, некалькі разоў паўтарае, што Марыя захоўвала ўсе гэтыя рэчы, разважаючы іх у сэрцы. Марыя паверыла у словы Анёла, скіраваныя да яе, разважала над імі , каб прыняць Божую волю ў сваім жыцьці і адказаць на яе”, – сказаў Папа.
 
“Таямніца ўцелаўленьня Божага Сына і мацярынства Марыі было ня толькі фізічнай справай, учыненай Богам, але таксама плёнам унутранага разважаньня Марыі, якая імкнулася зразумець сэнс гэтага. І так дзень за днём, у цішыні штодзённага жыцьця, Марыя працягвала захоўваць у сваім сэрцы ўсе наступныя падзеі, сьведкай якіх стала, аж да выпрабаваньня Крыжом і хвалы Ўваскрасеньня. Марыя ўпоўні жыла сваёй сутнасьцю, сваімі штодзённымі абавязкамі, сваёй місіяй, і была здольнай трымаць унутры сябе прастору для разважаньня над словам і воляй Бога, адносна сябе і таямніцы жыцьця яе Сына”.
 
Бенядыкт XVI адзначыў, што ў цяперашні час кожны з нас мае шмат заняткаў, абавязкаў, клопатаў і праблемаў, якія часта займаюць амаль увесь дзень, не пакідаючы нам часу, каб спыніцца, паразважаць і заняцца сваім духоўным жыцьцём, кантактам з Богам. Менавіта “прыклад Марыі вучыць нас, што паміж штодзённымі абавязкамі неабходна знайсьці час, каб паразважаць над тым, чаму Госпад нас хоча навучыць, аб Яго прысутнасьці і дзейнасьці ў сьвеце і нашым жыцьці”, – сказаў Папа. Сьвяты Айцец нагадаў, што сьв. Аўгустын, параўноўваў медытацыю з харчаваньнем, са спажываньнем ежы неабходнай для жыцьця. “Медытаваць – азначае ствараць у сабе прастору ўнутранай цішыні неабходную для разважаньня над таямніцамі нашай веры і тым, што Бог робіць у нас”, – сказаў Папа.
 
Далей Папа прапанаваў спосабы медытацыі: “Гэта можна рабіць розным чынам, напрыклад чытаючы кароткі ўрывак са Сьвятога Пісаньня, асабліва з Евангельля, Дзеяў Апосталаў ці з Пасланьняў. Або чытаючы кнігі аўтараў духоўнай літаратуры, якія дапамагаюць вам лепш адчуваць рэальнасьць прысутнасьці Бога ў нашыя дні. Таксама можна паразмаўляць са сваім спаведнікам ці духоўным кіраўніком; чытаць і разважаць аб тым, што прачытаеце, спрабуючы зразумець, што гаворыцца да нас, што Госпад хоча сказаць і чаму навучыць нас. Таксама і ружанец зьяўляецца малітвай медытацыі: паўтараючы словы малітвы “Вітай, Марыя” (“Багаролдзіца, Дзева, радуйся”) мы пакліканы разважаць над Таямніцамі, якія абвяшчаем”.
 
Сьвяты Айцец, адзначыў, што фундаментальнай рэччу для духоўнага росту, зьяўляецца здольнасьць прызначаць час на сустрэчу з Богам. “У гэты момант сам Бог скажа аб тым, чаго Ён чакае ад нас. Менавіта гэта зьяўляецца мэтай медытацыі – з любоўю даверыцца ў рукі Бога, ведаючы, што толькі спаўняючы Яго волю, мы станем па-сапраўднаму шчасьлівымі”, – сказаў Бенядыкт XVI.
 
Пасьля катэхезы Сьвяты Айцец нагадаў, што 18 жніўня ён ляціць у Мадрыд, каб сустрэцца з маладымі вернікамі, якія ўдзельнічаюць у Сусьветным Дні моладзі. Папа заклікаў усіх вернікаў духоўна яднацца з гэтай вялікай падзеяй у жыцьці Царквы.

Паводле Ватыканскага радыё

Фота з сайту
Daylife.com

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 308 разоў (-ы)