Царква
Не выдумляй ілжы на брата твайго, і не рабі таго ж супраць аднаго. Не жадай казаць якую б то ні было хлусню, бо паўтор яе не паслужыць на добрае
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:12-13)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

19.08.2011

Бенядыкт XVI: без Хрыста цяжка быць па-сапраўднаму шчасьлівымі і свабоднымі

18 жніўня пачаўся чатырохдзённы візіт папы Бенядыкта XVI у Мадрыд, дзе праходзіць XXVI Сусветны Дзень моладзі. Каля 12.00 самалёт Рымскага Архірэя прызямліўся ў аэрапорце “Баярас”, дзе яго сустракалі прадстаўнікі гішпанскай каралёўскай сям’і, кардыналы, біскупы, сьятары, прадстаўнікі ўладаў Гішпаніі, а таксама шматлікія вернікі.
    
У сваёй прамове Бенядыкт XVI прывітаў усіх прысутных і ўзгадаў пра свой нядаўні візіт у Санцьяга-дэ-Кампастэла і Барселону. Папа падзякаваў за гасьціннасьць з якой гішпанскія сем’і, парафіі, калегіюмы і іншыя ўстановы ў Мадрыдзе прынялі шматлікіх удзельнікаў Сусьветных дзён моладзі.
 
“Я тут, каб сустрэцца з тысячамі маладых людзей з усяго сьвету, католікамі, тымі, хто цікавіцца Хрыстом ці шукае праўду, якая дае сапраўдны сэнс нашаму існаваньню”, акрэсьліў мэту свайго візіту Папа. “Чаму такая вялікая колькасьць моладзі прыехала ў Мадрыд? спытаў Сьвяты Айцец. Адказ на гэтае пытаньне павінна даць сама моладзь, аднак можна здагадвацца, што маладыя людзі жадаюць слухаць Божае Слова, як гаворыцца ў дэвізе Сусьветнага Дня моладзі, жадаюць быць укаранёнымі і збудаванымі ў Хрысьце, і сьведчыць пра моц сваёй веры”.
  
Папа адзначыў, што сучасная моладзь бачыць павярхоўнасьць, спажывецкі характар сучаснай культуры, геданізм, прафанацыю сэксуальных стасункаў, карупцыю і адначасова недахоп салідарнасьці. “Маладыя людзі ведаюць, што бяз Бога будзе вельмі цяжка адказаць на гэтыя выклікі і быць па-сапраўднымі шчасьлівымі”, сказаў Сьвяты Айцец. Бенядыкт XVI зьвярнуў увагу таксама на тое, што Сусьветныя Дні моладзі зьяўляюцца добрай магчымасьцю для ўзаемнага абмену думкамі, досьведам, для знаёмства з багацьцем культур і традыцыяў, а таксама даюць магчымасьць “чэрпаць натхненьне адзін ад аднаго на шляху веры і жыцьця”.
 
Папа адзначыў, што сёньня ў сьвеце існуюць шматлікія цяжкасьці: войны, несправядлівасьць, экалагічныя праблемы, беспрацоўе, наркаманія, перасьлед за веру. Таму сёньня “вельмі важна дап
  
амагчы маладым вучням Хрыста заставацца моцнымі ў веры і прыняць цудоўнае пакліканьне абвяшчаць яе і сьведчыць аб ёй у свам жыцьці” праз любоў да бліжняга, “не хаваючы ўласнай хрысьціянскай ідэнтычнасьці”, – сказаў Бенядыкт XVI.

 
У гэты ж дзень увечары, 18 жніўня, адбылася ўрачыстая цырымонія прывітаньня Бенядыкта XVI удзельнікамі Сусьветных дзён моладзі. Сьвяты Айцец сымбалічна ўвайшоў у Мадрыд прайшоўшы пад гарадзкой брамай “Пуэрта дэ Алкала”. Затым Рымскі Архірэй накіраваўся на плошчу Сібэлес дзе, яго чакала вялікая колькасьць моладзі. Ад імя пілігрымаў Папу прывітаў архібіскуп Мадрыда кардынал Антоніа Руоко Варэла, а затым маладыя людзі з розных краінаў сьвету.

 

 

Пасьля прачытаньня фрагменту Евангельля паводле сьв. Мацьвея пра дом, пабудаваны на скале, Папа зьвярнуўся да прысутных з прамовай, у якой заклікаў моладзь, каб слухалі словы Госпада, каб яны сталі для іх “духам і жыцьцём”.
 
“Слухайце словы Госпада кожны дзень, як слухаюць словы Сябра, Які ніколі не падмане і з Якім хочам падзяліць свой жыцьцёвы шлях. Ведайце, што калі ідзеш за сьвятлом Хрыста, ніколі ня збочыш на іншыя дарогі, такія, як дарогі нашых сьляпых і эгаістычных імпульсаў, якія прывабліваюць, але пакідаюць пустэчуу ўнутры нас, заклікаў Сьвяты Айцец. Выкарыстоўвайце гэтыя дні, каб лепш пазнаёміцца з Хрыстом і мець упэўненасьць, што, будучы укаранёнымі ў Ім, ваш энтузіазм і ваша радасьць, вашыя жаданьні ўзьняцца так высока, каб дасягнуць аж да самаго Бога, будуць заўсёды мець будучыню. Дазвольце вашаму жыцьцю разьвівацца з Божай ласкай, шчыра і неспасрэдна, сур’ёзна думаючы пра сьвятасьць. І перад абліччам нашых слабасьцяў, памятайце пра міласэрнасьць Госпада, Які заўсёды гатовы працягнуць да нас руку і прабачыць праз сакрамант споведзі.
 
Будуючы на скале, ня толькі вашае жыцьцё будзе стабільным, але таксама сьвятло Хрыста пральецца на вашых блізкіх і ўсё чалавецтва, паказваючы альтэрнатыву многім людзям, якія згубіліся на жыцьцёвым шляху з прычыны таго, што іх фундамент быў негрунтоўным. Вы пакажаце альтэрнатыву тым людзям, якія імкнуцца за тэндэнцыямі моды і абмяжоўваюцца павярхоўнымі рэчамі, забываюцца пра сапраўдную справядлівасьць і не шукаюць праўду.
 
Так, існуе шмат людзей, якія вераць у розных бажкоў і думаюць, што ня маюць патрэбы ў каранях, у падмурку, якім зьяўляюцца не яны самі. Яны жадаюць вырашаць самастойна дзе праўда, а дзе не, дзе дабро, а дзе зло, дзе справядлівасьць, а дзе несправядлівасьць; жадаюць вырашаць, хто годны жыцьця, а каго можна прынесьці на алтар іншых персьпектываў; якія робяць крок за крокам, ня ведаючы маршруту і кіруючыся толькі ўласнымі часовымі імпульсамі. Такія спакусы заўсёды прысутныя. Важна ведаць пра іх, бо ў рэальнасьці яны вядуць да існаваньня без гарызонтаў, да свабоды бяз Бога. Мы, аднак, добра ведаем, што былі створаныя свабоднымі, на падабенства Бога, бо зьяўляемся тымі, хто шукае праўду і дабро, адказваем за нашыя дзеі, крэатыўна клапоцімся пра ўсё, што створана. Бог хоча, каб мы былі Яго адказнымі слухачамі, здольнымі на дыялог і любоў да Яго. Праз Хрыста мы можам па-сапраўднаму быць імі, і укаранёныя ў Ім, даць крылы нашай свабодзе. Ці ня гэта галоўная прычына нашай радасьці? Ці ня гэта тая добрая глеба, на якой варта будаваць цывілізацыю любові і жыцьця, у якой кожны чалавек можа стаць больш чалавечным?” 
  
Напрыканцы сваёй прамовы Бенядыкт XVI заклікаў маладых людзей, каб былі ўважлівымі і мудрымі і будавалі ўласнае жыцьцё на добрым падмурку, якім зьяўляецца Ісус Хрыстос: “Гэтая мудрасьць і ўвага няхай кіруе вашымі крокамі, і няхай нічога вас не страшыць і няхай у вашых сэрцах трывае супакой. Тады будзеце блаславёнымі, шчасьлівымі і зможаце перадаць вашую радасьць іншым. Калі спытаюцца у чым сакрэт вашага жыцьця, тады даведаюцца, што фундамент, на якім яно трымаецца, гэта сам Ісус Хрыстос, ваш сябра, брат і Госпад, Божы Сын, Які стаў чалавекам і дае сэнс усяму Сусьвету”.
 

Фота з сайту Madrid2011jmj
Там жа можна паглядзець больш фота з Сусьветных Дзён моладзі ў Мадрыдзе.
  
Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 361 разоў (-ы)