Царква
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:13)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

21.08.2011
Хрысьціянін ня мае права захоўваць дар веры толькі для сябе


Што значыць быць сьведкамі Хрыста ў сьвеце – сваё разважаньне на гэтую тэму прапанаваў беларускім удзельнікам XXVI Сусьветнага Дня моладзі ў Мадрыдзе Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас катэхезы 19 жніўня 2011 году.
   
“Сьвет бяз Бога становіцца пеклам, ён характарызуецца эгаізмам, разьбітымі сем’ямі, нянавісьцю паміж асобнымі людзьмі і цэлымі народамі, недахопам любові, радасьці і надзеі”, – сказаў беларускі ярарх.
 
Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што сёньня, тым ян менш, шмат людзей шукае Бога і сэнсу свайго жыцьця. Менавіта таму існуе вялікая патрэба новай евангелізацыі, як да гэтага заклікаў блаславёны Ян Павел II і як заклікае яго пераемнік Папа Бенядыкт XVI. “Сусьветныя духоўныя пустыні павінны быць засеяны словам Божым”, – сказаў Уладыка Тадэвуш. Ён заклікаў беларускую моладзь евангелізаваць сваё асяроддзе. Гэта азначае паказаць Хрыста іншым, паказаць нашымі словамі і нашым штодзённым жыцьцём. Таму мы пакліканы гаварыць пра нашую веру і сьведчыць яе сваім дзеямі, пакліканы зьвярнуць да Бога нашых сучасьнікаў, паказваючы ім аблічча Хрыста. Пры гэтым павінны дзейнічаць разам з Ім і паводле Ягонага слова, каб служыць сьвету і тым, хто мае найбольшую патрэбу.
 
Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсьліў, што хрысьціянін ня мае права захоўваць дар веры толькі для сябе – ім трэба дзяліцца. Для гэтага вакол сябе трэба стварыць такую атмасферу, якая магла б спрыяць перадачы веры іншым людзям.
 
Беларускі архіпастыр нагадаў таксама словы з Пасланьня Бенядыкта XVI на XXVI Сусьветны Дзень моладзі: “Сучасны чалавек, калі паверыць, будзе жыць вераю і яе сьведчыць, то стане інструментам, дзякуючы якому іншыя змогуць знайсьці сэнс і радасьць жыцьця, якое нараджаецца ад спатканьня з Хрыстом”.
 
Напрыканцы сваёй катэхезы для беларускай моладзі Ўладыка Кандрусевіч адзначыў: “Люстэрка не зьяўляецца крыніцай сьвятла, але з яго дапамогай можна паслаць сонечнае сьвятло туды, куды яно ніколі не даходзіць. Таксама і мы павінны быць Божымі люстэркамі і перадаваць сьвятло Евангельля тым, якія яго не атрымалі”.

Поўны тэкст катэхезы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча гл. тут.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 325 разоў (-ы)