Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

23.08.2011

Бенядыкт XVI да моладзі: не паддавайцеся спакусе шукаць Бога без Царквы

21 жніўня Бенядыкт XVI узначаліў урачыстую сьв. Імшу, якая стала кульмінацыйным момантам Сусьветных дзён моладзі ў Мадрыдзе. Літургія прайшла на тэрыторыі аэрапорта “Cuatro Ventos”. Паводле дадзеных гішпанскай паліцыі ў набажэнстве прынялі ўдзел ня менш за два мільёны чалавек. Акрамя шматлікіх маладых вернікаў прысутнічалі таксама прадстаўнікі каралеўскай сям’і Гішпаніі – кароль Хуан Карлас і каралева Сафія, члены гішпанскага ўраду, вядомыя людзі з сьвету палітыкі, эканомікі і культуры.
   
У cваёй прамове Сьвяты Айцец заклікаў моладзь паглыбляць асабістыя адносіны з Хрыстом, умацоўваць веру і сьведчыць аб ёй перад сваімі бліжнімі, захоўваць еднасьць з Царквою і супрацьстаяць падманным спакусам стылю жыцьця бяз Бога. Прапануем поўны тэкст гаміліі Рымскага Архірэя.
 
Дарагая моладзь!
 
З гэтай Еўхарыстычнай багаслужбай мы падыходзім да кульмінацыйнага моманту Сусьветнага Дня моладзі. Калі я бачу ўсіх вас, якіх так шмат прыбыло з розных куткоў сьвету, маё сэрца напаўняецца радасьцю, асабліва калі адчуваю, як Ісус з любоўю зараз глядзіць на вас. Так, Госпад вас вельмі любіць і заклікае стаць Яго сябрамі (Ян 15, 15). Ён выходзіць вам насустрач і хоча суправаджаць вас на вашым шляху, каб адкрыць вам дзьверы да поўні жыцьця, а таксама, каб зрабіць вас удзельнікамі яго блізкіх адносінаў з Айцом. Мы, са свайго боку, усьведамляючы Яго вялікую любоў, хочам адказаць з усёй шчырасьцю на гэты знак адкрытасьці і запрашаем падзяліцца таксама і з іншымі той радасьцю, якую атрымалі. Упэўнены, што сёньня многія тут адчуваюць сябе захопленымі асобай Хрыста і жадаюць ведаць Яго лепш. Многія разумеюць, што Ён зьяўляецца адказам на нашыя шматлікія глыбокія асабістыя пытаньні. Але хто Ён на самой справе? Як гэта магчыма, што нехта, хто жыў на зямлі шмат гадоў таму, ведае, што мне рабіць сёньня?
 
У Евангельлі, якое праслухалі (Мц 16, 13-20), мы ўбачылі два абсалютна розныя спосабы пазнаньня Хрыста. Першы заключаецца ў зьнешнім веданьні, якое характарызуецца вельмі хуткім знаёмствам. На пытаньне Ісуса: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?”, вучні адказалі: “Адныя – Янам Хрысьціцелем, другія ж – Ільлёю, а іншыя – Ераміем ці адным з прарокаў”. Вось жа, усе яны разглядаюць Ісуса як рэлігійнага дзеяча – аднаго з тых, каго яны ведалі. Потым, зьвяртаючыся асабіста да апосталаў, Ісус спытаў: “А вы за каго ўважаеце Мяне?” Пётра адказаў словамі, якія зьяўляюцца першым вызнаньнем веры: “Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”. Вера, якая выходзіць за рамкі простых эмпірычных ці гістарычных дадзеных, у стане асягнуць таямніцу асобы Хрыста ў яе глыбіні.
 
Аднак вера ня ёсьць вынікам намаганьняў чалавека, яго розуму – яна зьяўляецца дарам Бога: “Шчасьлівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, Які ў нябёсах”. Вера нараджаецца па ініцыятыве Бога, Які адкрываеццца нам і запрашае ў сваё Боскае жыцьцё. Вера дае ня толькі некаторую інфармацыю пра асобу Хрыста, але ўключае ў сябе асабістыя стасункі з Ім, ахоплівае ўсяго чалавека, з яго розумам, воляй і эмоцыямі ад таго, як Бог паказвае Сябе. Вось жа паўстае пытаньне: “А вы за каго Мяне ўважаеце?”, якое ў сваёй глыбіні, правакуе вучняў задумацца пра свае асабістыя стасункі з Ім.
 
Вера і насьледаваньне Хрыста шчыльна зьвязаныя паміж сабою. Вера павінна ўмацоўвацца і расьці, станавіцца больш моцнай і глыбокай, здольнай умацоўваць стасункі з Ісусам, блізкасьць з Ім. Таксама і Пётра і іншыя апосталы павінны былі прайсьці гэты шлях, аж да сустрэчы з уваскрослым Госпадам, Які адкрыў ім вочы і напоўніў іх верай.
 


Дарагія юнакі і дзяўчаты, таксама і сёньня Хрыстос зьвяртаецца да вас з тым самым пытаньнем, якое задаваў вучням: “Вы за каго мяне ўважаеце?”. Адкажыце на яго з усёй шчырасьцю, як адпавядае маладым сэрцам, якімі ёсьць вашыя. Скажыце Яму: “Ісусе, я ведаю, што Ты - Сын Божы, Які аддаў Сваё жыцьцё за мяне. Я хачу ісьці за Табой з вернасьцю і хачу дазволіць, каб Ты вёў мяне сваім словам. Ты ведаеш мяне і любіш. Я давяраю Табе і аддаю ўсё сваё жыцьцё ў Твае рукі. Я хачу, каб Твая моц падтрымлівала мяне і радасьць ніколі мяне не пакідала”.
 
У адказе на вызнаньне Пятра, Ісус кажа пра Царкву: “І Я кажу табе, што ты – Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Царкву Сваю”. Што азначаюць гэтыя словы? Ісус будуе Царкву на скале веры Пятра, праз якую той вызнаў Боскасьць Хрыста.
 
 Вось жа Царква – гэта ня толькі чалавечая арганізацыя, як любая іншая, але яна вельмі шчыльна зьвязаная з Богам. Сам Хрыстос называе Царкву “сваёй”. Не магчыма аддзяліць Хрыста ад Царквы, як немагчыма аддзяліць галаву ад цела (1 Кар 12, 12). Царква жыве не сваім жыцьцём, а Госпадам. Бог прысутнічае ў Царкве і дае ёй жыцьцё, корміць яе і дае моц.
 
Дарагая моладзь, дазвольце мне, як пераемніку сьв. Пятра, заклікаць вас умацоўваць веру, якая была нам перададзена праз апосталаў, каб паставіць Хрыста, Сына Божага, у цэнтры вашага жыцьця. Дазвольце мне таксама нагадаць вам, што ісьці за Хрыстом ў веры азначае быць з Ім у еднасьці з Царквою. За Ісусам немагчыма ісьці ў адзіноце. Хто мае спакусу ісьці асабіста або жыць сваёй вераю адпаведна індывідуалістычнай ментальнасьці, якая дамінуе сёньня ў грамадзтве, той рызыкуе ніколі не сустрэць Ісуса Хрыста, або будзе мець аб Ім фальшывае ўяўленьне.
 


Мець веру азначае абапірацца на веру сваіх братоў, і каб твая вера таксама служыла апораю для іншых. Я прашу вас, дарагія сябры, любіць Царкву, якая прывяла вас да нараджэньня ў веры, дапамагае вам лепш ведаць Хрыста і адкрыць прыгажосьць Яго любові. Каб расло вашае сяброўства з Хрыстом, абавязкова адкрыць важнасьць вашага радаснага ўдзелу ў жыцьці парафіяў, супольнасьцяў і рухаў, а таксама ўдзел у нядзельнай Еўхарыстыі, частае прыняцьце тайны прымірэньня, малітва і разважаньне над Словам Божым.

 
З гэтага сяброўства з Ісусам народзіцца таксама жаданьне сьведчыць аб веры ў розных асяродках, нават там, дзе пануе яе адмаўленьне і абыякавасьць. Немагчыма сустрэць Хрыста і не пазнаёміць з Ім іншых. Таму не хавайце Хрыста для сябе саміх! Падзяліцеся з іншымі радасьцю вашай веры. Сьвет патрабуе вашага сьведчаньня, і мае патрэбу ў Богу. Я думаю, што вашая прысутнасьць тут, маладых людзей з пяці кантынентаў, зьяўляецца цудоўным доказам плённага выкананьня Хрыстовага заданьня для Царквы: “Ідзіце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Евангельле кожнаму стварэньню” (Мк 16, 15). Таксама і вас чакае незвычайнае заданьне – быць вучнямі і місіянерамі Хрыста ў іншых землях і краінах, дзе ёсьць шмат маладых людзей, якія шукаюць чагосьці большага, і, адкрыўшы для сябе магчымасьць сапраўдных каштоўнасьцяў, не дазволяць прывабіць сябе падманнымі абяцаньнямі ладу жыцьця бяз Бога.
 
Дарагая моладзь, я малюся за вас з любоўю усім сваім сэрцам. Я давяраю вас Найсьвяцейшай Дзеве Марыі, каб яна заўсёды суправаджавала вас сваім матчыным заступніцтвам, а таксама каб навучала вас вернасьці Слову Божаму. Я прашу вас таксама маліцца за Папу, каб ён, як пераемніік сьв. Пятра, мог працягваць умацоўваць сваіх братоў у веры. Малюся, каб усе ў Царкве, душпастыры і вернікі, кожны дзень яшчэ больш набліжаліся да Госпада, каб узрасталі ў сьвятасьці жыцьця і давалі сапраўднае сьведчаньне, што Ісус Хрыстос – сапраўдны Сын Божы, Збаўца ўсіх людзей і жывая крыніца нашай надзеі. Амін.

Паводле Ватыканскага радыё
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 14792 разоў (-ы)