Царква
Хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:18)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

25.08.2011

Манаскія зарокі беларусаў у манастыры рэдэмптарыстаў

Традыцыйна, на сьвята Перамяненьня Гасподняга (паводле юльянскага календара), браты-рэдэмптарысты ўсходняга абраду ва Ўкраіне складаюць свае манаскія зарокі, а кандыдаты ў Задзіночаньне Найсьвяцейшага Адкупіцеля (CSsR) распачынаюць навіцыят. Сёлета гэты дзень стаў чарговым крокам на шляху пакліканьня для 27 братоў з гэтай манаскай супольнасьці, у тым ліку і для двух братоў з Беларусі. Урачыстыя манаскія аблачыны, першыя і вечныя зарокі, а таксама аднаўленьне часовых зарокаў у гэтым годзе адбыліся ў Тарнопалі, у грэка-каталіцкай царкве Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

19 жніўня 2011 году вечныя зарокі склалі чатыры браты-рэдэмптарысты, сярод якіх і Зьміцер Чарнель з Беларусі, які паходзіць з гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай. Шасьцёра кандыдатаў прынялі манаскае ўбраньне і распачалі навіцыят у рэдэмптарыстаў. У рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ва Ўкраіне сёлета распачаў сваю манаскую фармацыю бр. Сяргей Ганчароў з Менску. Разам з а. Антонам Нікалаевым і бр. Зьмітром Чарнелем ён стаў трэцім беларусам у гэтай манаскай грэка-каталіцкай супольнасьці.

Брат Зьміцер Чарнель, CSsR

 
Брат Сяргей Ганчароў

Чын аблачынаў (урачыстага атрыманьня манаскага ўбраньня) і складаньня зарокаў адбыўся падчас Боскай Літургіі, якую ўзначальваў протаігумен Львоўскай правінцыі Задзіночаньня рэдэмптарыстаў а. Ігар Каліснык. Гэтую важную падзею ў жыцьці манаскай супольнасьці рэдэмптарыстаў асьвятлялі журналісты Тарнопальскіх тэлеканалаў ТТБ і TV-4. Вось што сказалі ў інтэрв’ю тэлежурналістам беларускія манахі-рэдэмптарысты пасьля ўрачыстага складаньня зарокаў.
 
Бр. Сяргей Ганчароў, які прыняў аблачыны: “Я прыйшоў у гэтае Задзіночаньне, каб быць чалавекам, стаць самім сабой, пайсьці па шляху збаўленьня. Зараз я ўступаю ў навіцыят. Трохі страшна, магчыма, дзесьці трохі і цяжка, але я думаю, што справімся, малітвамі ўсіх сьвятых”.

Бр. Зьміцер Чарнель, CSsR, сёлета склаў вечныя манаскія зарокі: “Што для мяне пакліканьне? Гэта тое, для чаго я быў народжаны ў гэтым сьвеце, тая місія, якую ўсклаў на мяне Бог, якую трэба кожнаму чалавеку адшукаць для таго, каб яе выканаць. Служэньне Богу ёсьць ня толькі ў манастыры. Кожны чалавек мае такое заданьне – служыць Богу ў тым стане, у якім ён пакліканы. Ці ты жанаты, ці ты працуеш у школе, ці ты бухгалтар, ты ты манах, сьвятар”.
 
Далучаемся да віншаваньняў ад рэдэмптарысцкай супольнасьці манахам, якія склалі зарокі, і жадаем беларускім манахам-рэдэмптарыстам руплівага служэньня ў Божым вінаградніку і пастаяннай памяці аб таборскім сьвятле, якое распальвае веру і надзею ў душах вучняў Хрыстовых, а таксама ласкі Божай, каб заставаліся вернымі свайму пакліканьню. 


 

 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 440 разоў (-ы)