Царква
Не забівай
(6 запаведзь, Выхад 20:13)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

05.09.2011

Папа: “Лёс евангелізацыі, безумоўна, зьвязаны з сьведчаньнем еднасьці”

Бенядыкт XVI ізноў падкрэсьліў важнасьць хрысьціянскай еднасьці для посьпеху новай евангелізацыі. Пра гэтыя два прыярытэты свайго служэньня і іх узаемазьвязанасьць кажа Папа ў пасланьні, накіраваным Старшыні Папскай Рады спрыяньня еднасьці хрысьціянаў кардыналу Курту Коху з нагоды XII Міжхрысьціянскага сімпозіюму ў Салоніках (Грэцыя), які праходзіў там з 30 жніўня па 2 верасьня 2011 году.
   
Гэты экуменічны форум быў арганізаваны францішканскім Інстытутам духоўнасьці пры Папскім універсітэце “Антаніянум” і Праваслаўным тэалагічным факультэтам Арыстоцелеўскага ўніверсітэту ў Салоніках. Чатырохдзённы сімпозіюм быў прысьвечаны тэме «Сьведчаньне Царквы ў сучасным сьвеце».
 
Сьвяты Айцец сьцьвярджае ў сваім пасланьні, што тэма сімпозіюму мае для яго “вялікую актуальнасьць і знаходзіцца ў цэнтры клопатаў і малітваў”.
 
«На працягу стагоддзяў Царква нястомна абвяшчала збаўчую таямніцу сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста, але гэтае ж абвяшчэньне сёньня павінна з новай моцай загучаць у многіх рэгіёнах, якія першымі ўспрынялі яго сьвятло і цяпер адчуваюць наступствы секулярызацыі, якая вядзе да спусташэньня чалавека ў яго самым глыбокім вымярэньні», піша Папа.
 
Рымскі Архірэй зьвяртае ўвагу на два процілеглыя феномены, якія характарызуць сучасны сьвет: «З аднаго боку існуе агульная абыякавасьць, неадчувальнасьць у адносінах да трансцэндэнтнага. Але з іншага боку ёсьць мноства прыкметаў, якія сьведчаць пра тое, што ў сэрцах многіх людзей ёсьць глыбокая настальгія па Богу, якая выяўляецца ў самых розных формах і заахвочвае многіх мужчын і жанчын да шчырага пошуку».
 
Католікі і праваслаўныя жывуць у агульным культурным і эканамічным кантэксьце і такім чынам сутыкаюцца з аднолькавымі праблемамі, заўважыў Папа. На яго думку, цяперашні сімпозіюм можа мець важныя экуменічныя наступствы, паколькі дыскусіі дапамогуць удакладніць агульныя праблемы і адрозьненьні ў пунктах гледжаньня.
 
Бенядыкт XVI падкрэсьліў важнасьць экуменічных намаганьняў для евангелізацыі і працытаваў словы Паўла VI, які ў сваім Апостальскім пасланьні пра евангелізацыю ў сучасным сьвеце пісаў: «Як евангелізатары, мы павінны прапанаваць тым, хто верыць у Хрыста, вобраз не разьяднаных і адасобленых незразумелымі сваркамі людзей, але дасьведчаных у сваёй веры асобаў, якія здольныя знайсьці кропкі паразуменьня, незважаючы на пэўныя рознагалосьсі, дзякуючы сумеснаму, шчыраму і бескарысьліваму пошуку праўды. Так, лёс евангелізацыі, безумоўна зьвязаны з сьведчаньнем еднасьці, якое дае Царква».
 
Паводле Zenit
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 539 разоў (-ы)