Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

08.09.2011

Беларусь, Літва і Ўкраіна – ня вотчыны РПЦ

1-2 верасьня 2011 году на Фанары ў Стамбуле адбылася Сінакса (гр. σύναξις (сінаксіс) – сход) зьверхнікаў самых старажытных праваслаўных Цэркваў, месца і дату правядзеньня якой Усяленскі Патрыярх Барталамей вызначыў яшчэ ў красавіку 2011 году. Без перабольшаньня можна сказаць, што ў гісторыі праваслаўя адгорнута новая старонка.
 
Synaxis of the Primates of the Senior Patriarchates and the Church of Cyprus - Sept. 2011

 Фота: Orthobel 2011.
Аднаўленьне пентархіі
 
У эпоху першых сямі Ўсяленскіх сабораў ў Паўсюднай Царкве склалася пентархія – улада зьверхнікаў пяці Цэркваў – Рымскай, Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай. Пасьля расколу 1054 году найважнейшыя справы ў праваслаўі вырашалі зьверхнікі чатырох усходніх Цэркваў. З часам склалася так, што пятае месца сярод праваслаўных Цэркваў заняў Маскоўскі Патрыярхат Рускай Праваслаўнай Царквы (сучасная РПЦ). Цяпер гэтай гістарычнай недарэчнасьці пакладзены канец.

1-2 верасьня 2011 годзе ў праваслаўі адноўлена пентархія. Пятае і сваё законнае месца паводле чыну і чэсьці заняла Кіпрская Праваслаўная Царква, якая атрымала аўтакефалію яшчэ ў 431 годзе – на ІІІ Усяленскім саборы.

У працы Сінаксы, якая прайшла пад старшынствам Усяленскага Патрыярха Барталамея, узялі ўдзел: Патрыярх і Папа Александрыйскі Тэадор, Патрыярх Ерусалімскі Тэафіл, галава Кіпрскай Царквы архібіскуп Хрызастом і паўнамоцны прадстаўнік Патрыярха Антыяхійскага Ігната.

Агулам кажучы, пасьля распаду камуністычнай сістэмы пазіцыі РПЦ у праваслаўным сьвеце слабеюць. З некаторымі Цэрквамі, у тым ліку з Канстанцінопальскай, у РПЦ склаліся складаныя адносіны. Масква спрабавала ўплываць на Канстанцінопальскі Патрыярхат праз урад Турцыі, але якраз напярэдадні Сінаксы гэты ўрад вырашыў вярнуць Царкве колісь забраныя ў яе храмы і манастыры. Масква вуснамі сваіх даволі высокапастаўленых прадстаўнікоў вінаваціла Патрыярха Барталамея, што ён хоча стаць “праваслаўным папам”. Склікаўшы Сінаксу, Усяленскі Патрыярх даў дастойны адказ Маскве.

Ня менш важна, што зьверхнікі пяці найстаражытнейшых Цэркваў яшчэ раз пацьвердзілі, што цэнтрам праваслаўя зьяўляецца Фанар.

Пасланьне міру
 
Агульнавядома, у якіх цяжкіх варунках даводзіцца жыць ня толькі праваслаўным, але і ўсім хрысьціянам Блізкага Ўсходу. Тут, дзе даволі часта ўчыняюць напады на цэрквы, зьбіваюць і забіваюць пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста, вельмі важнае значэньне мае міжхрысьціянская салідарнасьць і мала месца застаецца для міжхрысьціянскіх спрэчак і канфліктаў.

У адмысловым пасланьні зьверхнікі пяці Цэркваў выказалі салідарнасьць з тымі, каго дыскрымінуюць і ў адносінах да каго ўчыняюць гвалт і ганеньні. Яны заявілі, што патрабуюць абароны праваслаўных вернікаў з боку дзяржаваў. Адначасова яны заклікалі да інтэнсіфікацыі міжхрысьціянскага і міжрэлігійнага дыялогу з юдаізмам і ісламам. Сінакса заклікала палітычных і рэлігійных лідэраў Блізкага Ўсходу выпрацаваць прынцыпы і метады забесьпячэньня мірнага суіснаваньня вернікаў розных рэлігійных традыцыяў.

 
За Вялікі Сабор
 
Апошні Ўсяленскі сабор з удзелам усходніх Цэркваў праводзіўся яшчэ ў І тысячагоддзі, і праваслаўю проста неабходна даць адказ на многія выклікі часу. Паколькі склікаць Усяленскі сабор без удзелу Рымскай Царквы немагчыма, вось ужо 50 гадоў ідзе падрыхтоўка Сьвятога і Вялікага (Усеправаслаўнага) сабору.

Паколькі на Саборы павінны быць разгледжаны і пытаньні аб парадку наданьня Цэрквам аўтакефаліі, а таксама аб дыптыху (груба сказаўшы, аб парадкавым нумары кожнай аўтакефальнай Царквы), РПЦ зрывае яго падрыхтоўку.

Сёлета ў лютым праходзіла сустрэча Міжправаслаўнай падрыхтоўчай камісіі. На сустрэчы дзьве старадаўнія Царквы – Грузінская і Кіпрская – узьнялі пытаньне аб узьвядзеньні іх на больш вышэйшыя месцы ў дыптыху (на шостае месца Грузінскай і на пятае – Кіпрскай). Свае заўвагі да дыптыху мелі таксама Польская і Албанская Цэрквы.

Ня здолеўшы адстаяць інтарэсы сваёй Патрыярхіі, прадстаўнікі РПЦ сарвалі працу падрыхтоўчай камісіі.

Як паведамляецца ў камунікаце саміту Пентархіі, зьверхнікі найстаражытнейшых Цэркваў прапанавалі Ўсяленскаму Патрыярху Барталамею склікаць Сабор Патрыярхаў і Зьверхнікаў аўтакефальных Цэркваў дзеля найхутчэйшага скліканьня Вялікага Сабору.

Саміт падтрымаў таксама прапанову Патрыярха Барталамея аб скліканьні ў недалёкай будучыні нарады рэлігійных дзеячаў Міжземнамор’я для прыняцьця экалагічнай хартыі рэгіёну, а таксама для падтрымкі мірнага суіснаваньня розных рэлігіяў.
 
І наша Літва
 
У камунікаце саміту Пентархіі ёсьць і такі сказ: “Акрамя таго, зважаючы на апошнія падзеі, што мелі месца ў Праваслаўнай Царкве, Сінакса настойвае на неабходнасьці для ўсіх праваслаўных Цэркваў паважаць і сувора прытрымлівацца геаграфічных межаў сваіх юрысдыкцыяў у тым выглядзе, як яны вызначаны сьвятымі канонамі і томасамі (граматамі – А.С.) пра стварэньне гэтых Цэркваў”.

Назіральнкі лічаць, што гэта “каменчык” і ў бок РПЦ, якая пачынае сваю актыўнасьць у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і ўсяк перашкаджае станаўленьню адзінай Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне.

Як вядома, Маскоўская Патрыярхія была прызнана Ўсяленскім Патрыярхам у 1589 годзе ў межах тагачаснае Маскоўскае дзяржавы. У 1685 годзе Масква фактычна, а ў наступным годзе (з “падачы” асманскага візіра) і юрыдычна “прыхапіла” Кіеўскую праваслаўную мітраполію. Аднак у 1924 годзе Ўсяленскі Патрыярх Рыгор VII, надаючы аўтакефалію Польскай Праваслаўнай Царкве, у склад якой была ўлучана значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь з Віленшчынай, у сваім томасе заявіў, што “аддзяленьне ад Нашага Пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе Праваслаўных Мітраполіяў Літвы (Вялікага Княства Літоўскага – А.С.) і Польшчы (Кароны Польскай – А.С.), а роўна далучэньне іх да сьвятой Маскоўскай Царквы наступіла не паводле кананічных правілаў, а таксама не было выканана ўсё тое, што было ўстаноўлена адносна поўнай царкоўнай аўтаноміі Кіеўскага мітрапаліта, які насіў тытул Экзарха Ўсяленскага Пасаду”.

У 2005 годзе адзін з ярархаў Канстанцінопальскай Царквы наўпрост заявіў, што яна ніколі не прызнавала законнасьці пераходу Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскай Царквы, а праз тры гады Патрыярх Барталамей назваў далучэньне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскай Царквы анэксіяй.

Тое, што Пентархія заклікала Цэрквы прытрымлівацца геаграфічных межаў сваіх юрысдыкцыяў у тым выглядзе, як яны вызначаны канонамі і томасамі, дае падставу спадзявацца, што раней ці пазьней будзе кананічна заснавана аўтакефальная Праваслаўная Царква ва Ўкраіне і што перастане быць экзархатам Маскоўскай Царквы Праваслаўная Царква ў Беларусі.
 
Анатоль СІДАРЭВІЧ
Фота: N. Manginas, The Ecumenical Patriarchate of Constantinople.


Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 490 разоў (-ы)