Царква
Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:15)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

09.09.2011

Царква павінна знайсьці новыя душпастырскія шляхі

XV Міжнародны кангрэс каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Renovabis” прайшоў 1-3 верасьня 2011 году ў баварскім горадзе Фрайзінг (Нямеччына). Гэтым разам на форуме абмяркоўваліся праблемы сельскіх рэгіёнаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ў перыяд крызісу, а таксама ўплыў эканамічных і палітычных зьменаў на жыцьцё і веру людзей.
   
340 гасьцей Кангрэсу, сярод іх – 19 біскупаў, шматлікія сьвятары, манахі, прадстаўнікі розных дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў, якія прыехалі з 29 краінаў, у асноўным, з Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, абмеркавалі магчымасьці зьмены культуры жыцьця, у тым ліку царкоўнага, у сельскіх рэгіёнах.
 
Сёлета на Кангрэсе “Рэнавабіс” у Фрайзінгу знаходзілася і прадстаўнічая беларуская дэлегацыя на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам і Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
 
Геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай Еўропе, прывялі да зьнішчэньня дзяржаўных межаў. Сур’ёзна ўплывае на сітуацыю дэмаграфічны фактар, у прыватнасьці крызіс еўрапейскай сям’і і вельмі нізкая нараджальнасьць на кантыненце. Шырокія працэсы міграцыі, у тым ліку з іншых кантынентаў, у апошні час кардынальна зьмянілі геакультурную сітуацыю ў Еўропе, што ў сваю чаргу стала выклікам для Царквы.

Большасьць выступаў на Кангрэсе ў Фрайзінгу была прысьвечана праблемам эміграцыі насельніцтва з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў высокаразьвітыя краіны, праблемам урбанізацыі, якая вядзе да паслабленьня рэлігійнага жыцьця і нацыянальных традыцыяў у карэннага насельніцтва. Закраналася таксама праблема заняпаду сельскай гаспадаркі.

Падчас сустрэчаў і дыскусіяў было адзначана, што ў сучасных умовах глабалізацыі сельскія рэгіёны ў розных краінах сьвету знаходзяцца, як правіла, у менш спрыяльным становiшчы ў параўнаньнi з гарадзкімі цэнтрамі, атрымліваюць значна менш эканамічнай дапамогі для разьвіцьця. Таму сельскія раёны губляюць сваіх жыхароў, шматвяковыя традыцыі знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня або ўжо зьніклі.
 
На прыкладзе Балгарыі было паказана, што зьмяненьне структуры ў сельскай мясцовасьці можа азначаць як спусташэньне, так і новае жыцьцё. Душпастырскія адказы на структурныя зьмены на Захадзе і Ўсходзе акрэсьлілі ў сваіх выступах прадстаўнікі духавенства з Вялікабрытаніі, Францыі і Расеі, а на прыкладзе Румыніі было паказана, як моцна крызіс у сельскай мясцовасьці ўплывае на сямейнае жыцьцё. Пра праблемы, выкліканыя масавым выездам людзей з Украіны на заробкі на Захад, гаварыла падчас Кангрэсу дэлагацыя Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Сёньня каля 5 мільёнаў украінцаў пакінулі свае сем’і і паехалі на заробкі ў краіны Заходняй Еўропы.
 
“Царква павінна знайсьці новыя душпастырскія шляхі, каб адшукаць сучаснага чалавека”, – сказаў выканаўчы дырэктар “Рэнавабіс” а. Стэфан Дартман. Ён падкрэсьліў, што хрысьціяне павінны рэалістычна і бяз страху глядзець на працэсы зьменаў у сьвеце, а Царкве трэба па-новаму закараніцца ў існуючы кантэкст.

Сьвятар-езуіт, выканаўчы дырэктар “Рэнавабіс”, Стэфан Дартман зьвярнуў увагу, што дасьледаваньні навукоўцаў з сацыялогіі рэлігіі і пастаральнага багаслоўя не пакідаюць ілюзіяў – метады душпастырства і ўсё царкоўнае жыцьцё неабходна ўвесь час дастасовць да хутка зьменлівых сацыяльна-культурных умоваў жыцьця. Айцец Дартман падкрэсьліў, што новыя душпастырскія выклікі патрабуюць “ новых формаў евангелізацыі”, каб у сучасных умовах “ня толькі захаваць веру ў сьвеце, які зьмяняецца, але нанова адкрыць яе для чалавека”. У сельскіх рэгіёнах для гэтага шмат дзе магчыма прыйдзецца “разьвітацца са звыклай формай Царквы”, каб нанова закараніцца, а для гэтага трэба будзе стварыць добрую атмасферу і актыўна ісьці насустрач людзям.

 
Біскуп Ежы Мазур з Польшчы, які ў свой час працаваў у Афрыцы ў Гане, у Беларусі, а таксама ў Сібіры ў Расеі, адзначыў, што галоўным заданьнем усіх хрысьціянаў павінна быць новая евангелізацыя. Яе, на яго думку, ня можна аддзяляць ад грамадзкай і харытатыўнай дзейнасьці. Таксама новай евангелізацыі павінна спадарожнічаць душпастырства, прасякнутае любоўю да бліжняга. І гэта ёсьць апостальскае заданьне для ўсёй Царквы – як для сьвятароў, так і для адпаведна падрыхтаваных сьвецкіх вернікаў з царкоўных рухаў і супольнасьцяў.
 
Напрыканцы Кангрэсу было абвешчана, што наступны, XVI Міжнародны кангрэс “Рэнавабіс” адбудзецца 30 жніўня - 1 верасьня 2012 году і будзе прысьвечаны ролі хрысьціянаў у XXI стагоддзі ў Еўропе і новай евангелізацыі.
 
“Рэнавабіс” – каталіцкая дабрачынная арганізацыя, якая аказвае дапамогу краінам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, што найбольш пацярпелі ад атэістычнай сістэмы камунізму, у якіх былі разбураны рэлігійныя структуры, а хрысьціянская супольнасьць зьведала перасьлед за веру. На працягу 18 гадоў існаваньня “Рэнавабіс” ажыцьцявіў 17600 праектаў у 29 краінах на агульную суму 520 млн. еўра. У 2010 годзе ў рамках дапамогі Царкве ва Ўсходняй Еўропе былі рэалізаваныя 843 праекты. Пры падтрымцы “Рэнавабіс” шмат праектаў было рэалізавана таксама і ў Беларусі.  
 
Паводле Седмица.Ru, ekai.pl, Catholic.by
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 293 разоў (-ы)