Царква
Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:7)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

12.09.2011

У Горадні – прэзентацыя твораў Вінцука Адважнага і Казіміра Сваяка

У Горадні 18 верасьня 2011 году адбудзецца прэзентацыя адразу двух новых кніг, прысьвечаных літаратурнай творчасьці беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Удзельнікі сустрэчы пазнаёмяцца з новымі выданьнямі, якія выйшлі нядаўна ў папулярнай серыі “Беларускі кнігазбор”: зборам твораў Казіміра Сваяка (54-ы том серыі) і “Выбранымі творамі” Вінцука Адважнага (58-ы том серыі). Ладзіць гэтую імпрэзу мясцовая грэка-каталіцкая парафія.
   
Адважны Вінцук. Выбраныя творы
Адважны Вінцук. Выбраныя творы
Сваяк Казімір. Выбраныя творы
Сваяк Казімір. Выбраныя творы
Гасьцямі гэтай імпрэзы ў Горадні будуць укладальніца зборнікаў Ірына Багдановіч і нашчадак роднай сястры Казіміра Сваяка кс. Юры Ёдзік.

Казімір Сваяк – паэтычны псеўданім каталіцкага сьвятара і рэлігійна-асьветніцкага дзеяча Канстанціна Стаповіча (1890-1926). Пражыў ён зусім мала – усяго 36 гадоў (памёр ад сухотаў, пахаваны ў Вільні на могілках Роса).

Дасьледчыкі літаратуры лічаць яго адным з пачынальнікаў духоўна-ірацыянальнай плыні ў заходне-беларускай паэзіі пачатку XX стагоддзя.

Пачаў друкавацца яшчэ ў 1913 годзе у газеце “Biełarus”. Яго творы – гэта вершы-медытацыі і вершы-звароты да Бога, вершы-імпрэсіі і вершы ў прозе, балады і жартаўлівыя прыпеўкі, вершы на евангельскія сюжэты, апавяданьні, эсэ, філасофскія эцюды, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зьместу.

 
Казімір Стаповіч вядомы як адданы папулярызатар беларускай мовы, якую імкнуўся ўводзіць у каталіцкіх парафіях і жыцьці вернікаў у мясцовасьцях, дзе служыў, за што цярпеў розныя перасьледы.
 
Шчыра падтрымліваў таксама ідэю адраджэньня Уніі ў Беларусі, пісаў артыкулы на гэтую тэму, а ў сваіх парафіях актыўна пашыраў культ сьвятога Язафата Кунцэвіча, ладзіў фэсты ў дзень памяці гэтага ўніяцкага сьятога.

Вінцук Адважны – літаратурны псеўданім а. Язэпа Германовіча, беларускага каталіцкага сьвятара, які працаваў у заходнім і ўсходнім абрадах, аднаго з пачынальнікаў беларускага духоўнага адраджэньня. Яго жыцьцё і лёс шчыльна зьвязаны з спробай стварыць беларускі манаскі асяродак у Друйскім кляштары айцоў марыянаў, які меўся стаць адным з цэнтраў беларускага рэлігійнага жыцьця і адраджэньня Уніі ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час.

Будучы сьвятар нарадзіўся ў 1890 годзе ў Гальшанах, а памёр далёка ад Бацькаўшчыны, на эміграцыі, у Лондане ў 1978 годзе. За сваю руплівую беларускую хрысьціянскую дзейнасьць ён перасьледаваўся польскімі сьвецкімі і духоўнымі ўладамі, з 1932 году вымушаны быў працаваць на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), а ў 1948 годзе арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бясьпекі ды быў асуджаны на 25 гадоў прымусовых прац у сталінскіх лагерах.

І менавіта таму творчая спадчына гэтага выдатнага хрысьціянскага паэта, пісьменьніка і публіцыста, які шмат друкаваўся ў беларускіх перыёдыках, такіх як “Krynica”, “Chryścijanskaja Dumka”, які на эміграцыі рэдагаваў часопіс “Божым шляхам”, доўгі час заставалася недаступнай і малавядомай чытачам у яго роднай Беларусі.

Вось жа нездарма прэзентацыю ў Горадні твораў беларусіх паэтаў-сьвятароў, якія спрычыніліся да пашырэньня ідэяў хрысьціянскай еднасьці, ладзіць гарадзенская грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Фацімскай.

Імпрэза адбудзецца ў нядзелю, 18 верасьня 2011 году, у капліцы айцоў рэдэмптарыстаў на Дзевятоўцы, дзе цяпер моляцца грэка-католікі. Пачатак прэзентацыі – а 11.30 гадз.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 539 разоў (-ы)