Царква
Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Эфэсянаў 4:25)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

14.09.2011

Большасьць людзей на Зямлі – вернікі

70% людзей у сьвеце вызнаюць нейкую рэлігію. Большасьць жыхароў нашай планеты лічыць рэлігію важным чыньнікам свайго жыцьця. Пры гэтым для мусульманаў іх вера, як правіла, мае большае значэньне, чым для хрысьціянаў. Такія дадзеныя дасьледаваньня апублікавала брытанская асацыяцыя Ipsos MORI.


Дасьледаваньне сьведчыць, што існуюць адрозьненьні паміж колькасьцю вернікаў у хрысьціянскіх і ісламскіх краінах. 94 % рэспандэнтаў з дзяржаваў з мусульманскай большасьцю лічаць рэлігію важнай часткай свайго жыцьця. У апытаньні ўдзельнічалі жыхары Саудаўскай Аравіі, Турцыі і Інданэзіі. Для параўнаньня, толькі 66 % апытаных з традыцыйна хрысьціянскіх краінаў (у апытаньні прынялі ўдзел 19 дзяржаваў) заявілі пра важнасць рэлігіі ў сваім жыцьці. Самы вялікі лік рэспандэнтаў-нявернікаў  (амаль 40 %) жыве ў Францыі, Швецыі, Бельгіі і Вялікабрытаніі.

Адной з найбольш рэлігійных хрысьціянскіх краінаў застаюцца ЗША, дзе каля 65 % рэспандэнтаў назвалі сябе хрысьціянамі, а 86 % адказалі, што вера мае важнае значэньне ў іх жыцьці. Сярод хрысьціянаў Францыі і Швецыі гэты паказчык знаходзіцца ў прамежку ад 36 % да 42 %. У Гішпаніі 44 % рэспандэнтаў заявілі пра важную ролю рэлігіі ў сваім жыцьці.

Сярод маладых людзей да 35 гадоў 73 % сьцьвярджаюць, што рэлігія мае ключавую ролю ў іх жыцьці. Моладзь у краінах з мусульманскай большасьцю значна больш рэлігійная. 61 % маладых мусульманаў у процівагу 19 % хрысьціянаў уважаюць, што іх вера – адзіны шлях да збаўленьня.

Каля паловы рэспандэнтаў (52 %) заявілі, што дапамагаць людзям, якія церпяць нястачу, неабходна ў любым выпадку, незалежна ад рэлігійных перакананьняў.


51 % апытаных перакананыя ў існаваньні жыцьця пасьля сьмерці і існаваньні “Боскай сутнасьці”. У той жа час 18 % выявіліся атэістамі. 17 % заявілі пра тое, што ня ўпэўнены ў існаваньні Бога і жыцьця пасьля сьмерці.


Апытаньне таксама паказала, што толькі 28 % рэспандэнтаў вераць у стварэньне жыцьця Богам, 41 % апытаных лічаць, што ў аснове зьяўленьня жыцьця знаходзіцца эвалюцыя, 31 % ня маюць адназначнага меркаваньня па гэтым пытаньні. Тэорыі крэацыянізму часьцей прытрымліваюцца жыхары Паўднёвай Афрыкі, ЗША, Інданэзіі, Паўднёвай Карэі і Бразіліі.


У апытаньні ўдзельнічалі 18 473 чалавекі ва ўзросьце ад 16 да 64 гадоў з 24 краінаў.


Паводле Седмица.Ru
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 16250 разоў (-ы)