Царква
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

14.09.2011

Фестываль хрысьціянскіх фільмаў “Magnifiсat” абвясьціў пераможцаў

З 6 па 10 верасьня 2011 году ў гарадах і мястэчках Глыбоцкга раёну праходзіў VII Міжнародны каталіцкі фестываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў “Magnifiсat”. Гран-пры фестывалю сёлета атрымаў польска-амерыкaнскі дакументальны фільм “Лабірынт”.
   
Па добрай традыцыі фестываль фільмаў, які носіць міжканфесійны характар, распачаўся і завершыўся малітвай. 10 верасьня 2011 году ўдзельнікі VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat” сабраліся ў глыбоцкім касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы. Сьвятую Імшу ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які браў таксама ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці кінафестывалю 6 верасьня ў Менскай архікатэдры. З ім саслужылі сьвятары рымскага абраду ды парах грэка-каталіцкай парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Полацку а. Аляксандар Шаўцоў.


Падчас набажэнства прысутныя дзякавалі Богу за кожны праведзены кінафестываль “Magnificat” і маліліся аб далейшым разьвіцьці фестывалю.
 
Кожны чалавек, як адзначыў Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек, пакліканы несьці Добрую Вестку. “Magnificat” намагаецца несьці дабро праз творчую працу прадстаўнікоў розных краінаў і веравызнаньняў. “Разам гэта складаецца ў адно сьведчаньне”, – падкрэсьліў Архімандрыт Сяргей.
 
Удзельнікі кінафестывалю, паводле словаў Апостальскага Візітатара беларускіх грэка-католікаў, зьяўляюцца тымі, хто адказаў на пакліканьне жыць дабром і несьці дабро. “Гэта вельмі канкрэтнае дабро, якое застаецца ў нашых сэрцах і натхняе несьці яго іншым”, – дадаў Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ разам з душпастырам полацкай грэка-каталіцкай парафіі а. Аляксандрам Шаўцовым прысутнічаў таксама на цырымоніі абвяшчэньня пераможцаў і ўзнагароджаньня, якая адбылася ў раённым цэнтры культуры г. Глыбокае 10 верасьня. Шэраг фільмаў, якія бралі ўдзел у сёлетнім кінафестывалі, ён адзначыў сваімі ўзнагародамі.
 
Паводле інфармацыі старшыні кінафестывалю Юрыя Гарулёва, у конкурснай праграме сёлета былі прадстаўленыя 39 дакументальных і анімацыйных фільмаў з 13 краінаў сьвету: з Арменіі, Беларусі, ЗША, Ізраіля (упершыню), Гішпаніі, Італіі, Літвы, Польшчы, Расеі, Славакіі, Украіны, Францыі і Чэхіі. Найбольш прадстаўніча (паводле дасланых работ) удзельнічалі ў кінафестывалі сцэнарысты і рэжысёры Расеі (10 кінастужак), Беларусі (9 прац), Польшчы і Італіі.

The LabyrinthПаводле аднагалоснага рашэньня журы кінафестывалю, якое ўзначальвала пісьменьніца Крыстына Лялько, Гран-пры VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў “Magnifiсat” атрымаў польска-амерыкaнскі дакументальны фільм “Лабірынт”. Гэты 37-хвіліннны фільм быў прадстаўлены на кінафестывалі беларускай мове.

Аўтары сцэнару – Джэйсан А. Шмідт і Рон Шмідт, SJ. Гэта фільм-сьведчаньне. Аўтары распавялі гледачу гісторыю аб тым, як польскі католік Мар’ян Каладзей адным з першых трапіў у канцлагер Аўшвіц. Ён прабыў там пяць гадоў, але ніколі не распавядаў пра гэта ні слова, пакуль у яго ня здарыўся апаплексічны ўдар. Сваё лячэньне Мар’ян распачаў з таго, што папрасіў ручку з чарніламі, каб праз малюнкі выявіць усё тое жахлівае, што перажыў у канцлагеры.
 
Лепшай тэлепраграмай журы прызнала праграму польскага грамадзкага тэлебачаньня TVP “Сьмерць дзіцяці”. Аўтар сцэнару і рэжысёр – Кшыштаф Журоўскі. Глядзець фільм вельмі балюча – ён аб тым, як невылечна хворыя дзеці вучаць дарослых прымаць сьмерць годна.
 
Прыз за лепшы дакументальны фільм атрымала італьянская 56-хвілінная стужка “Таямніцы Меджугор’я” (RAI, “La storia siamo noi”). Аўтар сцэнару і рэжысёр – Элізабэта Кастанья. Гэта расповед аб тым, як у невялікай басьнійскай вёсачцы, падчас перасьледаў, вайны і рэлігійных канфліктаў тры вельмі маладыя чалавекі 24 чэрвеня 1981 году ўпершыню ўбачылі аб’яўленьне Дзевы Марыі, якія потым паўтараліся амаль штодня. Праз трыццаць гадоў пасьля гэтых аб’яўленьняў Багародзіцы быў зьняты гэты фільм-рэпартаж, у якім спалучаюцца навука і вера.

Дыпломам і прызам дзіцячага журы “За лепшы анімацыйны фільм” адзначана стужка расейскага рыжэсёра Натальлі Мальгіной “Оська-сьвяты”. З гэтага мульціка дзеткі даведаюцца пра хлопчыка, які вырашыў стаць сьвятым, і што ў яго з гэтага атрымалася.

Прыз глядацкіх сімпатыяў – у стужкі “З Калядамі, Уладзімір” (Аntеа рrоduсtіоn, Францыя), аўтар сцэнару і рэжысёр – Уладзімір Казлоў.
 
Фільм рэжысёра Аляксандра Купрына “Сьвятыя. Ахвяры Бутаўскага палігону” (Тэлекампанія "Skу Рrоduсtіоn" па замове тэлеканала ТВ3, Расея) атрымаў адразу шэраг прызоў: прыз Міжнароднага каталіцкага фестывалю "Niepokalanów" (Польшча) “За мастацкае адлюстраваньне сучасных пошукаў гістарычнай праўды і істокаў сьвятасьці тых, хто да трагічнага канца жыцьця заставаўся верным Богу і веры”, а таксама прыз дырэктара бюро публічнай адукацыі Інстытуту нацыянальнай памяці (IPN, Польшча) “За глыбокае і таленавітае ўвасабленьне памяці пра ахвяр сталінізму”. Граматай і іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі (Маці Божай Балеснай) адзначыў гэты фільм рэжысёра А. Купрына і Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек. Сваім дыпломам-граматай ён адзначыў таксама фільм армянскага рэжысёра Армэна Гаспарана “Армянскі хлеб” за глыбокае фільмовае сьведчаньне аб мужнасьці веры армянскіх хрысьціянаў у час генацыду.
   
 Старшыня кінафестывалю “Magnificat” Юры Гарулёў плануе прадставіць у парафіях Беларусі падборку лепшых фільмаў з усіх сямі кінафестываляў. “Калі глядзіш фільмы дома на кампутары, гэта адно ўражаньне, а калі глядзіш на вялікім экране, дадаецца вельмі шмат”, – падкрэсьлівае ў інтэрв’ю Catholic.by Юры Гарулёў, указваючы пры гэтым, што конкурсныя працы гэтага году адзначаюцца высокім узроўнем.(З фільмамі, якія ўдзельнічалі ў сёлетняй конкурснай праграме, можна пазнаёміцца на сайце кінафестывалю signis.by).
 
На сёньняшні дзень поўная падборка фільмаў знаходзіцца ў Глыбокім, якое зьяўляецца месцам правядзеньня фестывалю. “Мы даем дазвол паказваць іх людзям. Безумоўна, гэта павінны быць некамерцыйныя прагляды”, – дадаў старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”.
 
Кінафестываль “ Magnificat” заснавала каталіцкая асацыяцыя “Signis-Беларусь”, студыя “Стоп-кадр”, а таксама Віцебская рыма-каталіцкая япархія і часопіс “Дыялог”. Дзейнасьць фестывалю скіраваная на евангелізацыю грамадзтва, падтрыманьне агульначалавечых каштоўнасьцяў праз працы беларускіх і замежных майстроў кіно і тэлебачаньня. Міжнародны каталіцкі фестываль хрысьціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграмаў “Magnificat” знаходзіцца пад патранатам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
 
“Радуе, што з году ў год разьвіваецца экуменічны накірунак фестывалю, – адзначыў падчас “Магніфікату-2011” Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. – Ідучы на заклік Хрыста – “Каб усе былі адно”, – хрысьціяне павінны разам бараніць і распаўсюджваць хрысьціянскія каштоўнасьці”.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 306 разоў (-ы)