Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

17.09.2011

Папа новым біскупам: “Прымайце дары, якія Сьвяты Дух абуджае для ўмацаваньня Царквы”

У Рыме з 7 па 16 верасьня 2011 году праходзіла сустрэча-семінар на тэму Сьвятога Духа ў жыцьці біскупаў і Царквы, арганізаваная Канрэгацыяй па справах біскупаў і Кангрэгацыяй Усходніх Цэркваў для нядаўна высьвячаных біскупаў. На сустрэчу ў Рыме сабраліся амаль 120 біскупаў розных абрадаў з 35 краінаў сьвету, што былі высьвячаныя на працягу апошніх дванаццаці месяцаў. 15 верасьня нядаўна хіратанізаваных біскупаў прыняў у Кастэль Гандольфа Рымскі Архірэй Бенядыкт XVI.
   
На сустрэчы з Папам новых біскупаў суправаджалі прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў кардынал Марк Уэле і прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры. На гэтай аўдыенцыі прысутнічалі біскупы як заходняга, так і ўсходняга абрадаў, у тым ліку новы дапаможны грэка-каталіцкі біскуп Львоўскі Ўладыка Бенядыкт Алексійчук, які пэўны час служыў у Беларусі у Полацкім манастыры студытаў.
 
Бенядыкт XVI найперш заклікаў новых біскупаў да братэрскіх адносінаў паміж субратамі па служэньні і да еднасьці з Рымскім Архірэем. З асаблівым прывітаньнем Сьвяты Айцец зьвярнуўся да блізкаўсходніх Цэркваў, якія перажываюць цяжкі перыяд. Прамаўляючы да ярархаў, Біскуп Рыма зьвярнуў увагу на важнасьць досьведу калегіяльнасьці, які можна зьведаць падчас сустрэчы прадстаўнікоў розных краінаў і кантынентаў. “Біскуп, як вы добра ведаеце, – сказаў Бенядыкт XVI, –  не зьяўляецца самотным чалавекам, але ён уключаны ў той біскупскі корпус, які перадаецца ад апостальскіх часоў да нашых дзён, дасягаючы Ісуса – Пастыра і Біскупа нашых душаў”. Сьвяты Айцец пажадаў, каб гэты досьвед біскупскага братэрства, які яны зьведалі на працягу гэтых дзён, і надалей працягваўся ў штодзённай дзейнасьці і служэньні, “дапамагаючы дзейнічаць заўсёды ў еднасьці з Папам і субратамі ў біскупстве”.
 
Папа адзначыў, што такая сустрэча ёсьць таксама нагодаю зьвярнуць увагу на розныя асьпекты біскупскага служэньня, а ў гэты раз ён прапанаваў сумесна паразважаць над “важнасьцю прыняцьця біскупамі харызмаў, якія абуджае Дух Сьвяты для будаваньня Царквы”. Сьвяты Айцец заклікаў біскупаў быць гатовымі і адкрытымі, каб прыняць разнастайныя дары Сьвятога Духа. Поўня сьвятарства, атрыманая імі падчас хіратоніі, павінна служыць для ўсеагульнага сьвятарства вернікаў, для спрыяньня іх духоўнаму росту і іх сьвятасьці.
 
Бенядыкт XVI падкрэсьліў, што вернікі, праз моц іх Хросту далучаныя да місіі Хрыста: “Таму біскупы павінны клапаціцца і прыкладаць намаганьні для таго, каб ахрышчаныя маглі ўзрастаць у ласцы Божай і паводле дароў, якія Сьвяты Дух абуджае ў іх сэрцах і ў іх супольнасьцях”. Хрост, які робіць людзей членамі Царквы і “Божымі дзецьмі праз Сына”, зьяўляецца крыніцай усіх дароў, а таму варта навучаць вернікаў “яшчэ больш актыўна ўдзельнічаць у сьвятарскім, прароцкім і царскім служэньні Хрыста, дапамагаючы ім актыўна і адказна будаваць Царкву, згодна з дарамі, атрыманымі ад Бога”, бо як звычайныя, так і надзвычайныя дары даюцца Духам Сьятым для будаваньня Царквы. “Біскуп, як бачны знак еднасьці сваёй Царквы, мае задачу аб’яднаць і гарманізаваць харызматычную адрознасьць у царкоўную еднасьць, спрыяючы ўзаемнасьці паміж сьвятарствам ерархічным і тым, якое паходзіць з сьв. Хросту”, – адзначыў Бенядыкт XVI.
 
Бенядыкт XVI адзначыў, што нядаўні Сусьветны Дзень моладзі ў Мадрыдзе паказаў плённасьць і харызматычнае багацьце Царквы, а таксама стаў знакам царкоўнай еднасьці ўсіх вернікаў, сабраных вакол Папы. “Гэта ёсьць жыцьцёвая сіла, якая ўзмацняе евангелізацыю і прысутнасьць Царквы ў сьвеце”, – сказаў ён. Папа зьвярнуўся да біскупаў з наступным заклікам: “Таму прымайце ўсё харызмы з падзякаю дзеля сьвятасьці Царквы і ўмацаваньні апостальства!”
 
У абавязкі біскупаў таксама ўваходзіць распазнаваньне і ацэнка праўдзівасьці гэтых харызмаў і іх праяваў. Ніякая харызма не вызваляе ад абавязку падпарадкоўвацца Пастырам Царквы. Такое далікатнае служэньне, дадаў Сьвяты Айцец, патрабуе ад біскупа дбаць пра сваё духоўнае жыцьцё. Бенядыкт XVI заклікаў біскупаў да малітвы, якая павінна ўвесь час падсілкоўвацца Словам Божым, самаадукацыяй, разважаньнямі і адпачынкам, калі гэта неабходна, для таго, каб “весьці ўсіх да еднасьці веры і любові”: “Сьвятасьцю вашага жыцьця і пастырскай міласэрнасьцю будзьце прыкладам і дапамогай для іншых сьвятароў, вашых першых і неабходных памочнікаў”.
 
Менавіта ў шматгалосьсі еднасьці Царква павінна сьведчыць Ісуса Хрыста, каб сьвет паверыў, – сказаў напрыканцы сваёй прамовы Бенядыкт XVI.
 
Паводле інфармацыі Radiovaticana.org/rus і Radiovaticana.org/ucr


Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 280 разоў (-ы)