Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

19.09.2011

Міжрэлігійная сустрэча за мір у Мюнхене

11-13 верасьня 2011 году ў архідыяцэзіі Мюнхен-Фрайзінг у Нямеччыне адбылася Міжрэлігійная малітоўная сустрэча за мір “у духу Асізі”. Арганізатарам гэтага мерапрыемства зьяўляецца Супольнасьць сьв. Эгідзія.
   
Сёлетняя сустрэча прайшла пад дэвізам “Пакліканыя жыць разам. Рэлігіі і культуры ў дыялогу”. Яна пачалася з рэквіему ў памяць пра загінулых падчас тэрактаў 11 верасьня у ЗША. Удзельнікі форуму з дапамогай тэлемосту зьядналіся з Нью-Ёркам, дзе праходзілі мемарыяльныя ўрачыстасьці.

У праграме сустрэчы, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі розных рэлігіяў, былі круглыя сталы на розныя духоўныя, палітычныя, сацыяльныя тэмы. Сярод удзельнікаў былі 14 кардыналаў і 40 каталіцкіх біскупаў розных абрадаў, праваслаўныя мітрапаліты, лютэранскія ярархі, прадстаўнікі вялікіх сусьветных рэлігіяў. Акрамя таго у сустрэчы бралі ўдзел прэзідэнт Германіі Крыстыян Вульф
і канцлер Ангела Мэркель, прэзідэнт Славеніі Даніла Цюрк, прэзідэнт Гвінейскай Рэспублікі Альфа Кандэ, ізраільскія міністры, прадстаўнікі палестынскай аўтаноміі, палітыкі з Італіі, Францыі, ЗША, Лівіі, Ягіпту, Малайзіі, Японіі, Пакістану, Нігера і іншых краінаў. Сваё пасланьне ўдзельнікам Міжнароднай сустрэчы ў Мюнхене накіраваў Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI.
 
Глабалізацыя, міграцыя, міратворчасьць, міжрэлігійны дыялог – вось галоўныя тэмы дыскусіяў на міжрэлігійнай сустрэчы ў Мюнхене. Даклады былі прадстаўлены на 24 тэматычных пасяджэньнях, такіх як “Мучанікі і вызнацы веры”, “ Малітва як крыніца міру”, “Справядлівасьць і Любоў у Пісаньнях”, “Рэлігія і камунікацыі ў эпоху сацыяльных сетак”, “Горад і глабалізацыя”, ”Рэлігійная свабода: шлях да міру”, “Рэлігія і цана жыцьця” (тут старшыняваў грэка-каталіцкі біскуп з Румыніі Віргіл Бэрча), “Габрэі і хрысьціяне: ад дыялогу да сяброўства”, “Жанчыны і рэлігія”. Асобныя панэльныя пасяджэньні былі прысьвечаны таксама “арабскай вясьне” (гэтую дыскусію ўзначальваў зьверхнік копцкіх католікаў Патрыярх Александрыі Антон Нагіб), праблемам іміграцыі, будучыні арабскага сьвету і ісламу ў Еўропе, праблемам грамадзтва і рэлігіі ў Афрыцы, наступствам землятрусу ў Японіі, сіле і слабасьці сучаснай сям’і, праблемам суіснаваньня гуманізму і рэлігійнасьці вернікаў, пошукам Бога сучаснымі мужчынамі і жанчынамі, ідэнтычнасьці ў час глабалізацыі.
 
12 верасьня на панэльным пасяджэньні “Хрысьціянская еднасьць, любоў да бедных”, мадэратарам якога быў кардынал Ражэ Эчэгарай, з дакладам выступіў праваслаўны Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт, які ўзначальваў на міжнародным форуме ў Мюнхене дэлегацыю РПЦ. Яго выступ, які быў прысьвечаны тэме “Эканамічны крызіс як духоўны выклік”, слухалі такія вядомыя рэлігійныя дзеячы як праваслаўны Патрыярх Румыніі Даніла, кардынал Курт Кох, Старшыня Папскай Рады па справах еднасьці хрысьціянаў, Сустаршыня Сусьветнай Рады Цэркваў Мэры Тэнэр з Англіканскай Царквы. Праваслаўны ярарх з Беларусі зьвярнуў увагу на актуальнасьць любові да бедных у сучасным кантэксьце, які характарызуецца глыбокім эканамічным крызісам.
 
“Царква жыве ў грамадзтве. Добры Пастыр і сёньня нясе на Сваіх плячах цяжар сьвету. Таму мы, насьледуючы нашага Боскага Настаўніка, разумеем нашую адказнасьць у пераадоленьні фінансава-эканамічнага крызісу, які ахапіў увесь сьвет”, – сказаў Мітрапаліт Філарэт. Ярарх адзначыў, што адной з прычынаў крызісу стала падзеньне ўзроўню маральнасьці і таксама заўважыў, што вельмі цяжка аднаўляць краіны пасьля доўгіх гадоў камунізму, ва ўмовах нізкага узроўня маральнасьці ў грамадзтве. “Эканамічны крызіс успрымаецца намі, у першую чаргу, як духоўны выклік”, – сказаў Мітрапаліт Філарэт.
 
З дакладам на гэтым пасяджэньні выступіў таксама кардынал Курт Кох, Старшыня Папскай Рады па справах еднасьці хрысьціянаў, які прысьвяціў сваю прамову тэме экуменізму і мучаніцтва. “У сучасным сьвеце хрысьціянская вера перасьледуецца больш за ўсе іншыя. 80% усіх, хто перасьледуецца за сваю веру – гэта хрысьціяне”, – адзначыў кардынал Кох. На думку ярарха, такая статыстыка зьяўляецца выклікам для хрысьціянскага экуменізму, пакліканага паказаць сапраўдную салідарнасьць. “Таму як сёньня, ўсе Цэрквы і хрысьціянскія супольнасьці маюць сваіх мучанікаў, мы павінны гаварыць пра сапраўдны экуменізм мучанікаў. У той час як мы, як хрысьціяне і як Цэрквы, жывем на гэтай зямлі ў яшчэ недасканалай еднасьці, мучанікі ў нябеснай славе знаходзяцца ў сапраўдным і дасканалым адзінстве”, – сказаў кардынал Курт Кох.

 
Выступілі на форуме прысутнічалі, выступалі і бралі ўдзел у дыскусіях рыма-каталіцкі архібіскуп Мюнхена кардынал Райнхард Маркс, заснавальнік Супольнасьці сьвятога Эгідыя Андрэа Рыкардзі, Старшыня Папскай Рады па справах мігрантаў архібіскуп Антоніа Марыя Вэльё, польскі кардынал Юзаф Глемп, архібіскуп Неапаля кардынал Крышчэнцыё Сэпэ, мелхіцкі грэка-каталіцкі архібіскуп Эліяс Шакур з Ізраіля, які вядомы сваімі намаганьнямі па прымірэньні арабаў і ізраільцянаў, праваслаўныя, лютэранскія іншыя вядомыя рэлігійныя лідары, журналісты і грамадзкія дзеячы.

13 верасьня, пасьля завяршэньня панэльных дыскусіяў, адбылася пілігрымка ўдзельнікаў міжрэлігійнага форуму ў мемарыял на месцы канцэнтрацыйнага лагеру Дахаў пад Мюнхенам, дзе была ўшанавана памяць ахвяраў нацызму. Узначальваў гэтую пілігрымку кардынал Ражэ Эчэгарай, віцэ-дэкан Калегіі кардыналаў.

Увечары хрысьціянскія ўдзельнікі форуму ўзьнесьлі сумесыя малітвы за супакой ва ўсім сьвеце ў велічным храме-сымбале Мюнхена – катэдры Фраўэнкірхэ. Патрыяршы Экзарх Беларусі Мітрапаліт Філарэт падчас экуменічнай малітвы зьвярнуўся да прысутных з казаньнем, у якім адзначыў: “Я глыбока перакананы ў тым, што глабальныя праблемы вырашаюцца на ўзроўні канкрэтных чалавечых сэрцаў. І нашая сёньняшняя сумесная малітва зьяўляецца сьведчаньнем магчымасьці такіх рашэньняў. Атрымаўшы цяпер радасьць быць разам у “саюзе міру”» (Эф 4, 3), будзем шчодра дзяліцца ёю ў сваіх сем’ях, сярод нашых дальніх і бліжніх. Будзем сьведчыць пра існаваньне духоўнага вымярэньня ў нашым жыцьці, пра магчымасьць адносінаў, заснаваных на даверы і любові, пра тое, што мы пакліканы жыць разам у дыялогу рэлігіяў і культур.”.

Урачыстае закрыцьцё міжрэлігійнага форуму адбылося на цэнтральнай плошчы Мюнхена Марыенплац.


Паводле інфармацыяў Ватыканскага Радыё, Church.by і Santegidio.org
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 435 разоў (-ы)