Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

19.09.2011

Канцэрт-малітва за Беларусь у цэнтры Менску

У суботні вечар, 17 верасьня 2011 году, на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёлу адбыўся евангелізацыйны канцэрт-малітва за Беларусь. Арганізатарам яго была супольнасьць “Каштоўная пярліна” з руху "Сьвятло-Жыцьцё", якая запрасіла для сумеснай малітвы за Бацькаўшчыну ў цэнтры сталіцы грэка-католікаў з Берасьця з супольнасьці "Маран ата" і вернікаў іншых хрысьціянскіх канфесіяў.



Варта адзначыць, што евангелізацыйны канцэрт-малітва за Беларусь у гэты дзень і ў гэтым месцы ладзіцца ўжо ня ў першы раз. Упершыню такі евангелізацыйны канцэрт, на які сабраліся некалькі сотняў жыхароў сталіцы, адбыўся 19 верасьня 2009 году. І гэты час і месца ня ёсьць зусім выпадковыя.

 
19 верасьня 1991 году пазачарговая сесія Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіла новую назву нашай краіны – Рэспубліка Беларусь, а дзяржаўнымі сымбалямі яе былі абвешчаны старажытны герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сьцяг. Такім чынам, 20 гадоў таму перастала існаваць Беларусь Савецкая з яе атэістычнай ідэалогіяй, і сьвету было абвешчана, што нарадзілася новая краіна з новым імем, якая жадае будаваць сваё жыцьцё з іншымі сымбалямі і на зусім іншых каштоўнасьцях. Уласна гэтая памятная дата і стала нагодай для арганізацыі малітоўнай акцыі ў цэнтры беларускай сталіцы.
 
19 верасьня адбылася яшчэ адна памятная падзея ў жыцьці беларускага народу: менавіта ў гэты дзень у 1730 годзе была каранавана залатымі папскімі каронамі шанаваная вернікамі розных канфесіяў цудатворная ікона Маці Божай Жыровіцкай. Багародзіца была абвешчана Валадаркай і Заступніцай беларускага народу, а цудатворная ікона стала сапраўдным сымбалем еднасьці беларускіх хрысьціянаў.
 
Можна дадаць таксама, што сярэдзіна верасьня (17 верасьня) у нашай гістарычнай памяці - гэта дзень узьяднаньня нацыі (хоць і ў трагічных умовах), Усходняй і Заходняй Беларусі, што была падзелена па жывому больш моцнымі суседзямі.
 
Вось жа ўспамін пра ўсе гэтыя знакавыя падзеі нашай гісторыі ёсьць добрай нагодай для таго, каб нагадаць беларусам пра іх хрысьціянскія карані, каб навярнуцца да Хрыста, памаліцца за шматпакутную Бацькаўшчыну і за яе шчасьлівую будучыню.
 
Перад евангелізацыйным канцэртам 17 верасьня адбылася сьв. Імша ў Чырвоным касьцёле сьв. Сымона і Алены за ўсіх памёрлых продкаў-беларусаў, якую адслужылі пробашч касьцёлу кс. Уладзіслаў Завальнюк і грэка-каталіцкі сьвятар з Берасьця а. Ігар Кандрацьеў. Падчас набажэнства яны дзякавалі Богу за ўсіх, хто ўславіў нашую Бацькаўшчыну, і прасілі ўсіх нашых продкаў, каб яны ў небе таксама маліліся за Беларусь сёньняшнюю, за яе адраджэньне, за свабоду, шчасьце і супакой у нашай краіне, каб беларусы жылі з Богам.
 
Пасьля імшы а 20.30 гадз. на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёлу распачаўся евангелізацыйны канцэрт-праслаўленьне. Гучалі розныя беларускія хрысьціянскія сьпевы, якія суправаджаліся малітвай, а таксама і танцамі.

Падчас евангелізацыйнага канцэрту айцец Ігар Кандрацьеў прамовіў казаньне на тэму радасьці ў жыцьці хрысьціянаў. Ён адзначыў, што хрысьціяне, якія павінны несьці сьвету Добрую Навіну, каб сьвет ім паверыў, ня могуць ня быць радаснымі. І асабліва гэта важна сёньня ў нашай Беларусі, якая перажывае духоўны і эканамічны крызіс і многія людзі трапляюць у роспач.

Менавіта хрысьціяне, не зважаючы на ўсе цяжкасьці нашага жыцьця, праз свае ўсьмешкі, радасьць і аптымізм павінны ўказаць людзям шлях да Сьвятла, да Бога. Беларусь трэба абудзіць да жыцьця ад зьняверанасьці і апатыі, ад сну, у якім яна знаходзіцца, заўважыў а. Ігар Кандрацьеў. Але гэта магчыма толькі праз навяртаньне да Бога.

Каб абудзіць беларускі народ для радаснага і шчасьлівага жыцьця, каб мы перасталі галасіць і плакаць па няшчаснай доле Беларусі патрэбна вера, падкрэсьліў сьвятар. Ісус Хрыстос можа гэта зрабіць. Так, як Ён гэта зрабіў з дачкой Яіра, начальніка сінагогі, пра якую ўсе думалі, што яна ўжо памерла. Ісус жа сказаў таму чалавеку: “Ня бойся, толькі веруй”. Усе засьмяяліся, калі Ісус сказаў, што яна
толькі сьпіць, а не памерла. А Ён усяго толькі дакрануўся да дзяўчыны і загадаў ёй устаць. І яна ўстала, ажыла (пар. Мк 5: 22-43). Гэтак можа і павінна адбыцца з нашай Беларусьсю, сказаў а. Ігар Кандрацьеў, калі толькі даверымся Госпаду і з радасьцю будзем несьці іншым Добрую навіну.
 
Паслухаць хрысьціянскія сьпевы прыйшлі ня толькі вернікі горада, якія ведалі пра гэтую евангелізацыйную імпрэзу. Да сьпеваў і танцаў далучаліся і тыя, хто прагульваўся ў гэты вячэрні час па плошчы Незалежнасьці. Прысутныя памаліліся разам за Беларусь, за свабоду і ўмацаваньне яе незалежнасьці, за тых, хто ў вязьніцах, і тых, хто сёньня церпіць, а таксама за навяртаньне людзей да Бога, каб Беларусь стала па-сапраўднаму хрысьціянскай краінай.
 
Канцэрт-праслаўленьне закончыўся а 22-й гадзіне супольным сьпевам беларускага рэлігійнага гімну “Магутны Божа”.

Фота з сайту Belarusian News Photos
















 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 15184 разоў (-ы)