Царква
Шмат пакліканых, ды мала выбраных
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 14:24)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

22.09.2011

Алтар нябачны нашай Бацькаўшчыны

Некалькі дзясяткаў чалавек – вернікі, студэнты, выкладчыкі – сабраліся на першую ў Беларусі прэзентацыю кнігі выбраных твораў Вінцука Адважнага (а. Язэпа Германовіча), зладжаную гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіяй.
  
30 асобнікаў унікальнай кнігі, якая выйшла накладам у 700 асобнікаў у серыі “Беларускі кнігазбор”, разышліся імгненна.
 
Падчас прэм’еры кнігі Вінцука Адважнага, яе ўкладальніца, Ірына Багдановіч, паэтка Данута Бічэль, прафесар Аляксей Пяткевіч, выкладчыца Гарадзенскага ўніверсітэту Ала Петрушкевіч увесь час зьвярталіся да постаці яшчэ аднаго паэта-сьвятара, сябра Язэпа Германовіча – Казіміра Сваяка.
 
Збор твораў Сваяка выйшаў у “Беларускім кнігазборы” летась і разышоўся за пару месяцаў, так і ня трапіўшы ў Горадню, таму ўдзельнікам прэзентацыі засталося толькі паглядзець на адзіны экзэмпляр кнігі ў руках Ірыны Багдановіч.
 
Ірына Багдановіч:
– Калі б 2 гады таму мне сказалі, што гэтыя кнігі выйдуць, я б не паверыла. Можа, паспрыяў 190-гадовы юбілей абодвух сьвятароў, які адзначаўся ў мінулым годзе, бо ў першапачатковых планах “Беларускага кнігазбору” гэтых кніг не было. Яны былі сябрамі, разам вучыліся ў Віленскай каталіцкай семінарыі.
 

Данута Бічэль:
– Гэтыя сьвятары – Казімір Сваяк і Язэп Германовіч – несьлі ў сабе Духа Сьвятога, і хацелі паміма казаньняў, паміма Еўхарыстыі даць пасланьне свайму народу, сказаць праўду. Нават у байках Вінцук Адважны казаў вельмі сур’ёзныя рэчы, тыя, якія цяжка, можа, сказаць на казаньні.
 
Ірына Багдановіч:
– Гэта сапраўды быў сьвятарскі подзвіг. Нацыянальнае адраджэньне ішло шырокаю плыньню, і духоўнае адраджэньне арганічна дапаўняла, зьлівалася з культурніцкім, гістарычным.Яны самачынна пачалі прамаўляць беларускія казаньні, распаўсюджваць беларускія кніжкі, хаця маглі абмежавацца толькі імшой і патрэбамі парафіяльнага жыцьця, якія адымалі вельмі шмат сілаў.Падмуркі гэтага ўсяго – “Алтар нябачны нашай Бацькаўшчыны”, на якім служылі гэтыя самаахвярныя людзі.
 
Лёсы абодвух сьвятароў былі вельмі драматычныя. Казімір Сваяк быў хворы на сухоты, і сьмерць напаткала яго ў 36 гадоў.
 
Вінцук Адважны пражыў 88 гадоў, але і ягонае жыцьцё не было простым. 
 
Да беларускасьці прыйшоў праз кніжкі Францішка Багушэвіча. Пачаў з псеўданіма “Хлопчык з-пад Гродна”, пад якім выдаў адраджэнцкія нататачкі – шэраг публіцыстычных зваротаў “Да братоў беларусаў”, рэлігійныя вершы падпісваў сапраўдным імём, але ў літаратуру ўвайшоў як Вінцук Адважны.
 
Шмат твораў ён прысьвяціў родным Гальшанам.
 
Савецкая літаратура не адлюстроўвала духоўнае, парафіяльнае жыцьцё, якое ў 1920-30-ыя гады захоўвалася ў заходніх рэгіёнах, і яно ёсьць у творах Вінцука Адважнага.
 
Калі сабраць усю літаратурную спадчыну Вінцука Адважнага, яна склала б 4-5 тамоў, але ў 600-старонкавым выданьні давялося шмат чым ахвяраваць.

 

Найбольш цікавае з прозы і публіцыстыкі сьвятара ўвайшло ў збор твораў. Апублікаваныя некаторыя фотаздымкі. Затое давялося ахвяраваць байкамі і вершамі (баек у выданьні няма ўвогуле, вершаў зьмясцілася толькі 10).
 
У кнізе ўпершыню апублікаваныя тры лісты Вінцука Адважнага.

Ірына Багдановіч:
– Язэп Германовіч быў адным з нямногіх сьвятароў, які практыкаваў усходні абрад.Сьвятарскі грэка-каталіцкі чын ён праводзіў сваім лёсам у жыцьцё. Гэта было тады вельмі цяжка. І ў яго лістах разгортваецца драма Друйскага кляштара, які толькі адрадзіўся, і тое, якую працу пачалі рабіць сьвятарскую. Але ж Касьцёл усё роўна быў польскі і быў супраціў, канешне.І тое, што беларускіх сьвятароў пасьля паслалі ў Харбін на місію, яны (у прыватнасьці, Германовіч) разглядалі як вялікую драму заняпаду беларускага духоўнага жыцьця.Як толькі сьвятар уваходзіў у большую беларускую сьвядомасьць – яго туды, на Далёкі Ўсход...З ліста Язэпа Германовіча бачна, наколькі яму было там цяжка.
 
У 1948 годзе, выдадзены кітайскімі камуністычнымі ўладамі НКВД, сьвятар аказаўся ў савецкім лагеры.
 
Пасьля вызваленьня яго не пакінулі ў СССР, вымусілі ехаць у Польшчу, адкуль пазьней ён перабраўся ў Лондан.

 

 

 

На фота: Пахаваньні беларускіх сьвятароў у Лондане.
На пярэднім плане – магіла архім. Льва Гарошкі і а. Язэпа Германовіча.

 
Прафесар Аляксей Пяткевіч:
– Калі выпусьцілі з канцлагеру Язэпа Германовіча, ён цешыўся, што доўга будзе ехаць праз Беларусь і хоць з вакна пацешыцца, гледзячы на родныя старонкі. Але быў настолькі змучаны фізічна і духоўна, што праспаў усю дарогу, і толькі ў Берасьці прачнуўся, выскачыў, каб купіць нешта беларускае ў кіёску, а там нічога беларускага няма... Праўда, беластоцкая “Ніва” была...
  
Тое, што зьведалі, што адчувалі гэтыя людзі, пра што пісалі, як пісьменьнікі, і сёньня застаецца надзённым.

Сьветла і сумна сёньня, таму, што постаці Казіміра Сваяка і Вінцука Адважнага па сутнасьці забытыя ў нас.

Іх жыцьці і кнігі наводзяць на думку, што лёсы ўсіх, хто змагаўся за беларускую ідэю, непазьбежна абарочваюцца драмай, а то і трагедыяй.

Ала Петрушкевіч:
– Яны несьлі крыж нявер’я іншых у тое, што справа іхняя вялікая, крыж усялякіх пакутаў, зьняволеньня, хваробаў, ахвяравалі ўсім дзеля высокай місіі, і толькі вера давала ім сілы.

Беларускі шлях ніколі ня быў усланы кветкамі, гэта заўсёды быў шлях цярновы, калючы, і гэтыя цярновыя вянкі адзін і другі атрымалі, і так хораша, што сёньня яны вяртаюцца да нас, каб застацца.

І нас так мала, тых, хто можа сьведчыць пра ўсё гэта, таму мы павінны напэўна сьведчыць замнога.
 

 

Кася Крот
Фотаздымкі аўтара

 


Апублікавана ў штотыднёвiку “Твой Стыль”
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 300 разоў (-ы)