Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Навіны за 2008 год
Памер шрыфту

14.03.2011

У Калінінградзе беларусы стварылі грэка-каталіцкую суполку
 
З нядаўнага часу ў беларусаў Калінінграда зьявілася магчымасьць наведваць беларускія грэка-каталіцкія багаслужбы. У 2010 годзе там была заснавана парафія, якую назвалі ў гонар сьв. Еўфрасіньні Полацкай, Апякункі Беларусі. Пра гэта паведаміў сябра Калінінградзкага рэгіянальнага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае таварыства культуры” Расьціслаў Шаховіч.
 

Удзельнікі Каляднай багаслужбы ў Калінінградзе. (Фота з сайту ЗБС "Бацькаўшчына).

Дакладнай даты стварэньня грэка-каталіцкай суполкі ў Калініградзе няма. Пачалося ўсё з таго, што грэка-каталіцкі сьвятар з Санкт-Пецярбурга стаў перыядычна прыязджаць ў гэты балтыйскі горад, каб праводзіць набажэнствы.
 
“Мы даведаліся пра гэта ад аднаго з сябраў Беларускага таварыства культуры. І мы пачалі зьбірацца, уніяты ды вернікі-беларусы, каб разам маліцца. Пасьля зьявілася думка стварыць прыход, бо шмат беларусаў, якія хацелі б хадзіць ва ўніяцкі прыход, а яго няма, і яны хадзілі ў каталіцкі касьцёл. Так на пачатку студзеня зьявіўся прыход”, – распавёў Расьціслаў Шаховіч.
 
Пакуль грэка-католікі ня маюць свайго будынка і багаслужбы праводзяцца ў кожную апошнюю нядзелю месяца ў будынку рыма-каталіцкай парафіі Сьвятой Сям’і (г. Калінінград, вул. Лесапільная, 72). Падчас апошніх багаслужбаў калініградзкія беларусы маліліся за палітвязьняў і ўсіх пацярпелых у выніку падзеяў 19 сьнежня ў Менску. 
 
Службы праводзіць айцец Кірыл Міронаў, ён расеец з паходжаньня, але ведае ўкраінскую і беларускую мовы. З 18 кастрычніка 2009 году ён прызначаны царкоўнымі ўладамі адміністратарам грэка-католікаў Калінінграда і Калінінградзкай вобласьці.
 
“Калі прыходзяць толькі беларусы, то айцец Кірыл праводзіць службу толькі па-беларуску, калі прыходзяць і ўкраінцы, то ён праводзіць службу па-беларуску і па-украінску, калі ёсьць расейцы, то ён спрабуе зрабіць службу на трох мовах, – гаворыць Расьціслаў Шаховіч. – Асноўныя малітвы праводзяцца на тых мовах, на якіх гавораць вернікі, якія прыйшлі. Беларусаў прыходзіць досыць шмат. Да прыкладу на першых імшах было 13-14 чалавек, але з іх было 10 беларусаў. Цяпер прыходзіць больш людзей. Мы плануем даць інфармацыю пра прыход у СМІ, разьвесіць абвесткі ў касьцёлах у Калінінградзе”.
 
Наконт персьпектываў набыць свой будынак для грэка-каталіцкай парафіі ў Калінінградзе, як паведаміў Расьціслаў Шаховіч, айцец Кірыл абяцаў дапамогу. Ён сказаў, што калі будуць прыходзіць людзі, то Пецярбургская грэка-каталіцкая парафія, да якой належыць сёньня суполка ў Калінінградзе, дапаможа знайсьці сродкі, каб можна было збудаваць свой душпастырскі цэнтр, сваю царкву.
 
“Гэта значыць – усё залежыць ад нас, ад людзей, якія будуць туды прыходзіць і будуць разьвіваць гэта ў Калінінградзе”, – падкрэсьліў Расьціслаў Шаховіч.
  
Найбліжэйшая беларуская грэка-каталіцкая багаслужба ў Калінінградзе запланавана на нядзелю, 27 сакавіка. Гэтая малітоўная сустрэча беларускіх вернікаў будзе прымеркавана адзначэньню 25 сакавіка – Дня Волі і Дня малітваў за Бацькаўшчыну. Пачатак набажэнства а 19-й гадз.
 
Дакладны час, калі будуць праводзіцца набажэнствы, можна даведацца ў Беларускім таварыстве культуры:
Ігар Шаховіч, старшыня Беларускага таварыства культуры: тэл.: 906217591, siakera@mail.ru
 
Паводле http://www.zbsb.org

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 72 разоў (-ы)