Царква
Я Гасподзь, Бог твой... Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім
(1 запаведзь, Выхад 20:2-3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

29.09.2011

Кардынал Кох пра дыялог з праваслаўнымі

“Менавіта “дыялог любові” зьяўляецца рухавіком экуменічных адносінаў паміж католікамі і праваслаўнымі ў Германіі”, – сказаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” кардынал Курт Кох, старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці.
   
Каментуючы сустрэчу Сьвятога Айца з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў, якая адбылася падчас Апостальскага візіту Рымскага Архірэя ў Германію, кардынал Кох адзначыў, што нямецкія праваслаўныя (а іх сёньня каля 1,6 млн.) у сваёй большасьці зьяўляюцца эмігрантамі, першая хваля якіх прыбыла пасьля рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, а другая – падчас эканамічнага бума 1970-х гадоў, у асноўнай масе з Грэцыі і Сербіі. Трэцяя хваля эмігрантаў праваслаўнага веравызнаньня прыбыла ў Германію пасьля распаду камуністычных рэжымаў ва Ўсходняй Еўропе і вайны ў былой Югаславіі.  Усё гэта, сказаў ярарх, прымусіла мацярынскія Цэрквы, з якіх паходзяць гэтыя мігранты, стварыць для іх душпастырскай апекі свае новыя япархіі ў Германіі. Таксама сюды прыязджаюць вернікі з старажытных праваслаўных Цэркваў Усходу, якія церпяць перасьлед у сваіх краінах.
  
Кардынал Кох адзначыў, што дыялог любові, які існуе паміж католікамі і праваслаўнымі, вельмі цэніцца абодвума бакамі. Гэта было заўважна падчас сустрэчы ў семінарыі Фрайбурга, якая прайшла ў атмасферы братэрства і сяброўства. “Бенядыкт XVI вельмі спрыяе гэтаму дыялогу любові, і падчас сваёй прамовы ў Фрайбургу ён падкрэсьліў, што праваслаўныя зьяўляюцца самымі блізкімі нам сярод хрысьціянаў. Мы маем адну веру і падобную эклезіяльную структуру і мы імкемся быць “разам”, як “раньняя Царква””, – сказаў ярарх у сваім інтэрв’ю. Ён адзначыў таксама, што пра гэта сьведчыць і прысутнасьць вялікай колькасьці праваслаўных прадстаўнікоў на заключнай нядзельнай Імшы, адслужанай Папам падчас візіту ў Нямеччыну ў аэрапорце Фрайбурга.
  
Сярод перашкодаў на шляху да еднасьці, кардынал назваў прымат сьв. Пятра, які зьўяляецца найбольш важным пытаньнем у дыялогу з Праваслаўнымі Цэрквамі. “Але Бенядыкт XVI патлумачыў, грунтуючыся на энцыкліцы Яна Паўла ІІ “Ut unum sint”, у чым заключаецца розьніца паміж сутнасьцю гэтага прымату і формай яго ажыцьцяўленьня. Гэтая розьніца можа адкрыць шмат магчымасьцяў для наступных абмеркаваньняў у будучыні”, – сказаў кардынал Кох.

У інтэрв’ю ватыканскай газеце кардынал Кох сказаў таксама, што Папа падкрэсьліў важнасьць працэсу, які вядзе да ўсеправаслаўнага сабору, бо дзякуючы яму Праваслаўныя Царквы могуць прыйсьці да большай еднасьці ня толькі паміж сабой, але і з каталікамі.

  
Паводле  Ватыканскага радыё і “L’Osservatore Romano”
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 275 разоў (-ы)