Царква
Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам; бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:7-8)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

30.09.2011

Папа: Бог выяўляе Сваю магутнасьць зусім ня так, як гэта звыклі рабіць мы

Наведваньне Фрайбурга стала заключным этапам афіцыйнага візіту Папы Бенядыкта XVI у Нямеччыну, які завяршыўся ў нядзелю 25 верасьня 2011 году.
   
У суботу ўвечары Сьвяты Айцец узначаліў малітоўнае чуваньне з моладдзю, якое ужо стала традыцыйным. Яно было арганізавана на тэрыторыі Фрайбургскага выставачнага цэнтру, дзе сабраліся больш за 30 тысячаў юнакоў і дзяўчын. Тыя, хто змог сачыць за малітвай у прамым эфіры, заўважылі, як гэтая сустрэча нагадвала Сусьветны Дзень моладзі. Песьнямі, мноствам сьцягамі, святлом запаленых паходняў маладыя людзі выказалі сваю радасьць і пашану да Папы. Бенядыкт XVI у сваім звароце да моладзі казаў пра «ноч жыцьця», пра цярпеньні без віны, пра зло, якое навальваецца на сьвет нягледзячы на нашае процідзеяньне:
 
“Вакол нас можа быць цемра і змрок, і ўсё ж мы бачым сьвятло: маленькае, такое зусім малюсенькае полымя, мацнейшае за цемру, якая, здавалася б, такая магутная і непераадольная. Хрыстос, Які ўваскрос з мёртвых, зьзяе ў нашым сьвеце, прычым зьзяе ярчэй як раз там, дзе паводле чалавечых меркаваньняў усё здаецца змрочным і безнадзейным”.
 
Папа заклікаў моладзь да сьвятасьці, крыніцаю якой ёсьць сьвятло Хрыстова:
 
“Дарагія сябры, Хрыстос - Ён ня вельмі цікавіцца тым, колькі разоў у жыцьці мы спатыкаліся і падалі, але тым, колькі разоў мы ўздымаліся. Ён не патрабуе нейкіх незвычайных справаў, але жадае, каб у вас зазьзяла Яго сьвятло. Ён кліча вас не таму, што вы добрыя і дасканалыя, але таму, што Ён добры і хоча зрабіць вас Сваімі сябрамі. Так, вы - сьвятло сьвету, бо Ісус - вашае сьвятло. Вы - хрысьціяне не таму, што робіце штосьці незвычайнае і выдатнае, але таму, што Ён, Хрыстос, -- вашае жыцьцё. Вы сьвятыя, бо Яго ласка дзейнічае ў вас”.
 
На лётным полі Фрайбургскага аэрапорту Папа ўзначаліў нядзельную сьв. Імшу, у якой прынялі ўдзел каля ста тысячаў чалавек, у тым ліку шэраг прадстаўнікоў Праваслаўных Цэркваў. Перад набажэнствам Бенядыкт XVI доўга вітаў вернікаў, праходзячы праз натоўп.
 
У сваім казаньні Сьвяты Айцец гаварыў пра неабходнасьць хрысьціянскага погляду на рэальнасьць нашых дзён і ўказаў на Евангельле як на арыенцір для сучасных хрысьціянаў. Папа заўважыў, што перад “жахлівымі рэчамі, якія адбываюцца сёньня ў сьвеце”, нават некаторыя багасловы заяўляюць, быццам Бог ня можа быць усемагутным. Аднак Царква цьвёрда адмаўляе гэта сьцьверджаньне:
 
«Мы радыя і ўдзячныя за тое, што Ён усемагутны. Але ў той жа час мы павінны зразумець, што Ён выяўляе Сваю магутнасьць ня так, як гэта звыклі рабіць мы, людзі. Ён сам паставіў мяжу Сваёй улады, прызнаючы свабоду для Сваіх стварэньняў».
 
Рымскі Архірэй заклікаў “давяраць Богу, моц якога праяўляецца перш за ўсё ў спачуваньні і прабачэньні”. Паводле словаў Папы, “асабліва ў часы небясьпекі Бог знаходзіцца побач з намі, Яго сэрца б’ецца для нас”. Аднак, каб “моц Яго міласэрнасьці магла дасягнуць нашых сэрцаў, неабходна адкрытасьць на Яго, патрэбна гатоўнасьць да адмаўленьня ад зла”.
 
Як дадаў Сьвяты Айцец, “агностыкі, якія не знаходзяць спакою, задаючы пытаньне аб Богу, людзі, якія церпяць з-за нашых грахоў і сумуюць па чыстым сэрцы, бліжэйшыя да Божага Валадарства, чым царкоўныя руцінёры, якія бачаць у Царкве толькі апарат, але чыё сэрца абыякавае да веры”.
 
Папа адзначыў, што Царква ў Германіі мае шмат грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў, у якіх практыкуюць любоў да бліжняга ў форме, эфектыўнай таксама ў грамадзтве. Для такога служэньня, як ён падкрэсьліў, патрэбна любоў, “якая паказвае іншаму чалавеку любячага Бога - Хрыста”. Папа заахвоціў задаць сабе пытаньне, якія мы маем асабістыя адносіны з Богам: у малітве, у нядзельнай сьвятой Літургіі, у паглыбленьні веры праз разважаньне над Сьвятым Пісаньнем і вывучэньні Катэхізіса Каталіцкай Царквы.
 
Бенядыкт XVI заклікаў нямецкіх католікаў быць “моцна зьяднанымі ў Хрысьце”. “Царква ў Германіі сустракаецца з вялікім выклікам сучаснасьці і будучыні і стане зачынам у грамадзтве, калі сьвятары, пасьвячаныя асобы і сьвецкія, якія вераць у Хрыста, будуць захоўваць вернасьць свайму пакліканьню і супрацоўнічаць у еднасьці; калі парафіі, супольнасьці і рухі высока будуць трымаць паходню праўдзівай веры, - адзначыў Сьвяты Айцец. - Царква ў Германіі надалей будзе блаславеньнем для сусьветнай каталіцкай супольнасьці, калі застанецца вернай і зьяднаным з наступнікам сьв. Пятра і апосталаў, калі будзе клапаціцца аб супрацоўніцтве з краінамі, дзе дзейнічаюць місіянеры, і захоча “заразіць” радасьцю веры маладыя Цэрквы”.
 
Паводле AGNUZ і Catholic.by
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 349 разоў (-ы)