Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

06.10.2011

У Львове прайшоў Экуменічны сацыяльны тыдзень “Рэформы праз давер”

Ужо чацьвёрты раз ў Львове адбываецца Экуменічны сацыяльны тыдзень, падчас якога адбываюцца таксама і экуменічныя набажэнствы ў храмах розных канфесіяў. “Рэформы праз давер” – такой была галоўная тэма сёлетняга, IV Сацыяльнага экуменічнага тыдня, які праходзіў з 28 верасьня па 2 кастрычніка 2011 году.

Паводле задумы арганізатараў такі экуменічны форум ёсьць нагодай для сустрэчы прадстаўнікоў розных сфераў дзейнасьці: Царквы, адукацыі, улады, бізнэсу і грамадзкага сектару. Гэты ўсеўкраінскі грамадзкі форум мае на мэце заахвоціць супольнасьць браць актыўны ўдзел у пераўтварэньнях.
 
Арганізатарамі Экуменічнага сацыяльнага тыдня выступілі: Інстытут экуменічных студыяў, Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, Львоўская гарадзкая рада, Львоўская абласная рада і адміністрацыя, Нацыянальны ўніверсітэт “Львоўская палітэхніка”. Сярод удзельнікаў форуму былі эксьперты ня толькі з Украіны, але і з Францыі, Італіі, Венгрыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Канады, Польшчы, Беларусі.Падчас Экуменічнага сацыяльнага тыдня мелі месца навуковыя выступы і дыскусіі на акадэмічнай канферэнцыі, семінарах і круглых сталах, былі арганізаваны таксама розныя выставы, канцэрты, экуменічныя набажэнствы, малітоўныя флэш-мобы і іншыя акцыі.
 
 28 верасьня 2011 году быў зладжаны семінар на тэму “Досьвед грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў у працы з дзецьмі і моладдзю з асаблівымі патрэбамі”.
  
29 верасьня адбылася акадэмічная канферэнцыя Экуменічнага сацыяльнага тыдня “Рэформы праз давер”. Распачалася яна міжканфесійнай малітвай, да якой далучыліся прадстаўнікі хрысьціянскіх канфесіяў Львова.

Удзел у экуменічнай малітве бралі дапаможны грэка-каталіцкі біскуп Львоўскі Ўладыка Бенядыкт (Алексійчук), рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту а. Барыс Гудзяк (УГКЦ), адказны за СМІ Рыма-Каталіцкай Царквы Львоўскай архідыяцэзіі кс. Пётр Бугрын, біскуп Царквы хрысьціянаў веры евангельскай Васіль Баечка, парах Армянскага катэдральнага сабору а. Тадэос Геваргян і а. Раман Фігас, супрацоўнік Інстытуту экуменічных дасьледаваньняў (УГКЦ).

 Слова-зварот да ўдзельнікаў акадэмічнай канферэнцыі сказаў Уладыка Бенядыкт, дапаможны біскуп Львоўскі: “Першыя хрысьціяне прагнулі і шукалі свае шляхі да Бога, да еднасьці. Сёньня і мы молімся за еднасьць Цэркваў, за сусьветную еднасьць. На жаль, еднасьці ў грамадзтве не хапае ў цяперашні час, бо чалавек ня ставіць Бога на першым месцы ў сваім жыцьці”. Уладыка Бенядыкт падзякаваў арганізатарам IV Экуменічнага сацыяльнага тыдня і выказаў надзею, што такі экуменізм будзе плённым і дзейсным у грамадзкім жыцьці.
 
 “Сёньня, у час вялікіх магчымасьцяў, адчуваецца невымоўны недахоп даверу. Антаганізм і падзелы – гэта прадукт няслаўных людзей, тых, што не адчуваюць і ня хочуць бачыць Бога як надзейную апору", – падкрэсьліў біскуп Царквы хрысьціянаў веры евангельскай Васіль Баечка.
 
Кс. Пётр Бугрын (РКЦ) адзначыў важнасьць матывацыяў, якімі кіраваліся арганізатары экуменічнай малітвы. “Сіла хрысьціянаў у еднасьці. Таму такія экуменічныя малітвы зьяўляюцца рэальным сьведчаньнем таго, што мы, хрысьціяне, зьяўляемся жывым арганізмам, які крочыць да Бога”.
 
На акадэмічнай канферэнцыі “Рэформы праз давер” сярод аўтарытэтных замежных эксьпертаў з дакладам выступіў Віцэ-рэктар Папскага Грэгарыянскага ўніверсітэту, дэкан факультэту сацыяльных навук а. Даніэл Макдональд. Ён прапанаваў прысутным свой даклад на тэму: “Навука Царквы: давер і рэформы”. Ён адзначыў роднаснасьць навукі Царквы і сацыяльнага жыцьця грамадзтва, важнасьць руху рэформаў, якія патрабуюць даверу. Акрамя таго а. Даніэл Макдональд не пакінуў без увагі тэалагічны, філасофскі, палітычны, эканамічны асьпекты рэформаў у сучасным грамадзтве: “Ёсьць дзьве ўлады ў сьвеце: царкоўная і дзяржаўная, глабальнай персьпектывай якіх павінна быць разьвіцьцё асобы. Паўстае пытаньне: на чым сканцэнтраваныя рэформы: на эканамічным асьпекце або на веры і міласэрнасьці? Павінен падкрэсьліць, што сацыяльнай працай Царквы ёсьць усталяваньне Валадарства Божага на зямлі, а гэта немагчыма без выкарыстаньня глыбокага даверу да людзей і веры ў Бога. Таму, перш за ўсё, мы павінны зьмяніць нашае мысьленьне. У рэалізацыі рэформаў асноўную пазіцыю павінна займаць Слова, бо сапраўдныя рэформы павінны абуджаць дабро ў кожным чалавеку, што спрыяе разьвіцьцю цывілізацыі і рэлігійнага грамадзтва”.
 
29 верасьня на вуліцах вячэрняга Львова адбыўся флэш-моб, які правялі ўдзельнікі штотыднёвых малітоўных сустрэчаў Тэзэ ў капліцы сьв. Ільлі пры грэка-каталіцкім манастыры айцоў-студытаў. У двух месцах старажыінага Львову – ля помніка Івану Франко і каля рыма-каталіцкай катэдры маладыя людзі прыцягвалі ўвагу мінакоў сваімі медытацыйнымі песьнямі-малітвамі.

30 верасьня былі тэматычныя дыскусіі на чатырох круглых сталах. Тэмы круглых сталоў былі наступныя: “Рэфармаваньне – шлях да еўраінтэграцыі”, “Грамадзкія рады і органы ўлады: эфектыўнае партнёрства”, “Рэформы як фактар актывізацыі грамадзянскай супольнасьці”, “Давер як аснова сацыяльнага ўзаемадзеяньня ў перыяд грамадзкіх рэформаў”. Падчас гэтых тэматычных круглых сталоў эксперты з Украіны і іншых краінаў закранулі шмат розных пытаньняў: рэфармаваньня як аднаго са шляхоў еўраінтэграцыі, даверу ў сацыяльных стасунках у перыяд рэформаў, лідарства, персьпектываў дыялогу ўлады і грамадзтва, дзейнасьці і навукі Царквы ў сацыяльна-эканамічным адраджэньні ды ў фармаваньні грамадзянскай супольнасьці.
 
У суботні дзень 1 кастрычніка ў Львове ў рамках IV Сацыяльнага экуменічнага тыдня прайшоў “Дзень даверу” – малітоўная сустрэча вернікаў ў духу экуменічнай супольнасьці Тэзэ. Удзельнікі “Дня даверу” разважалі над феноменам Перамяненьня, якое нясе ў сабе своеасаблівую рэформу ў духоўным жыцьці хрысьціяніна. У нэты дзень адбыліся тры супольныя малітвы ў храмах трох розных канфесіяў, іх удзельнікі паглядзелі відэазварот зьверхніка супольнасьці Тэзэ брата Алаіза да ўкраінскай моладзі, разам з братамі з Тэзэ разважалі на біблійныя тэмы, абмяркоўвалі Слова Божае ў малых групах, прайшлі таксама майстар-класы, моладзь пазнаёмілася з дзейнасьцю сацыяльных арганізацыяў і супольнасьцяў, а завершылася ўсё канцэртам сучаснай хрысьціянскай музыкі “Нас яднае любоў”.
 
Форум праходзіў пры падтрымцы Асацыяцыі салідарнасьці нямецкіх католікаў з народамі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы – “Рэнавабіс”.
 
Ва Ўкраіне Сацыяльны тыдзень упершыню зладзіў у 1939 годзе Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, які прысьвяціў яго тэме хрысьціянскага патрыятызму, які Слуга Божы супрацьпастаўляў ідэалогіі камунізму, шавінізму і фашызму, якія тады імкліва разьвіваліся ў Еўропе.

У Францыі Сацыяльныя тыдні праходзяць штогод, пачынаючы з 1904 году. Яны праходзяць таксама ў Італіі, Бельгіі і Польшчы; працуе Еўрапейская сетка Сацыяльных тыдняў. У Еўропе Сацыяльныя тыдні зьяўляюцца ініцыятывай сьвецкіх вернікаў, якія належаць да розных Цэркваў і жадаюць разам распаўсюджваць сацыяльную навуку хрысьціянства ў сваіх грамадзтвах праз канкрэтныя доўгатэрміновыя захады. Зьявіўшыся ў асяроддзі Царквы, Сацыяльныя тыдні прыцягнулі таксама і нерэлігійных асобаў, якія імкнуцца спрыяць пабудове лепшага сьвету ў духу згоды і міру.

Фота і інфармацыя паводле матэрыялаў сайту www.esw.org.ua
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 211 разоў (-ы)