Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

06.10.2011

Каталіцкія біскупы Еўропы абмеркавалі тэму новай евангелізацыі

З 29 верасьня па 2 кастрычніка 2011 году ў Тыране (Албанія) адбылося штогадовае пленарнае пасяджэньне Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы (Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae, CCEE), у якім прымалі ўдзел зьверхнікі і паўнамоцныя прадстаўнікі 34 нацыянальных біскупскіх канферэнцыяў Еўропы. Сёлетняе пасяджэньне было 40-ым з часу правядзеньня першай асамблеі ў 1971 годзе.
   
Выбар Албаніі, зямлі мучанікаў, меў асаблівае важнае значэньне для абмеркаваньня тэмы новай евангелізацыі. Гэта была магчымасьць для ўсіх біскупаў успомніць місіянерскае сьведчаньне албанскай Царквы, а таксама ўсіх Каталіцкага Цэркваў усходняга абраду ў часы камуністычных рэжымаў.
 
Як паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, 30 верасьня ўдзельнікі пленарнай асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцыяўй Еўропы абмеркавалі галоўную тэму сёлетняй сустрэчы: “Новая евангелізацыя”. Спачатку адзін з запрошаных дакладчыкаў – сп. Жан-Люк Монс – пазнаёміў ярархаў з вынікамі аналізу адказаў апытальніка па тэме евангелізацыі, што паступілі ад еўрапейскіх біскупскіх канферэнцыяў.
 
Было прааналізавана разуменьне паняцьця “новая евангелізацыя” у кантэксьце асобных еўрапейскіх краінаў, адрасатаў евангелізацыі і евангелізатараў, а таксама паказаны асаблівасьці сітуацыі, у якой кожная з еўрапейскіх царкоўных супольнасьцяў ажыцьцяўляе евангелізацыйную дзейнасьць. Дакладчык падкрэсьліў, што евангелізацыю варта разумець не як адну з шматлікіх іншых пастырскіх дзейнасьцяў Царквы, а як праяву самой прыроды Царквы. Евангелізацыя – гэта праява царкоўнага жыцьця і яе жыцьцёвай сілы. “Калі Царква не евангелизуе, яна не існуе”, – працытаваў ён адказ адной з біскупскіх канферэнцыяў. таксама падкрэсьліў, што новая евангелізацыя накіравана ня толькі на хрысьціянаў, якія адышлі ад веры, але на ўсіх.
 
Затым прадстаўнік Апостальскай Сталіцы архібіскуп Рына Фізікела, Старшыня Папскай Рады па справах новай евангелізацыі, выступіў з дакладам “Новая евангелізацыя ў Еўропе”. Ярарх зьвярнуў увагу на еўрапейскі грамадзка-палітычны і культурны кантэкст, у якім Царква павінна ажыцьцяўляць сваю евангелізацыйную місію. Ён адзначыў вялікую прорву паміж зьместам евангельскай пропаведзі і сучаснай культурай у Еўропе, якая атакуе найперш маладых людзей, навязваючы ім мадэлі паводзінаў, якія вельмі часта супярэчаць прынцыпам хрысьціянскай веры. Заўважыў таксама, што ў Еўропе назіраецца трывожнае зьява, калі некаторыя колы імкнуцца будаваць Еўропу, абмінаючы хрысьціянства, ці нават зрабіць Еўропу зусім варожай да хрысьціянства.
 
Старшыня Папскай Рады па справах новай евангелізацыі акрэсьліў спосабы, як Каталіцкая Царква ў Еўропе павінна дзейнічаць, каб застацца вернай свайму пакліканьню прапаведаваць Евангельле ў сучасным сьвеце. На думку архібіскупа Рына Фізікела новая евангелізацыя павінна ўвайсьці ў новы культурны кантэкст Еўропы, а служкі Царквы павінны задумацца над уласнай здольнасьцю перадаваць каштоўнасьці і ісьціны, якія павінны служыць сучаснаму чалавеку і грамадзтву на еўрапейскім кантыненце. “Неабходна аднавіць сэнс хрысьціянскай ідэнтычнасьці і сэнс прыналежнасьці да хрысьціянскай супольнасьці”, – адзначыў ватыканскі ярарх.
 
Архібіскуп Фізікела выказаў перакананьне пра неабходнасьць пераадоленьня прорвы, што ўтварылася паміж асобай і супольнасьцю, грамадзтвам, каб супрацьпаставіць сябе агрэсіўнаму індывідуалізму, які шкодзіць жыхарам Еўропы. Адзначыў таксама, што вельмі важнымі ёсьць знакі еднасьці паміж памеснымі Цэрквамі Еўропы, у прыватнасьці ў такой важнай справе, як пропаведзь Евангельля. Пры гэтым ня варта замыкацца ні ў рамантычным бачаньні мінулага, ні ва ўтапічным бачаньні будучыні, адзначыў Уладыка Рына Фізікела.
 
Адбылася таксама дыскусія каталіцкіх ярархаў Еўропы па тэме новай евангелізацыі.

З прэс-рэлізам 40-га пленарнага пасяджэньня Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы ў Тыране, якое было прысьвечана новай евангелізацыі, можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце РБКЕ (CCEE).
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 213 разоў (-ы)