Царква
Шмат пакліканых, ды мала выбраных
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 14:24)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

14.10.2011

Толькі 50% беларусаў лічаць сябе вернікамі

5 кастрычніка 2011 году ў Кобрыне адбылося пасяджэньне выязной калегіі апарату Ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Тэмай выязной калегіі сталі ўзаемаадносіны органаў дзяржаўнай улады з рэлігійнымі арганізацыямі.
   
Леанід Гуляка
З гэтай нагоды Леанід Гуляка адказаў на пытаньні журналістаў берасьцейскай прэсы – абласной газеты “Народная трыбуна” і гарадзкой газеты “Вечерній Брест”. Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў паведаміў, што паводле сацыялагічных дасьледаваньняў у Беларусі сёньня 50% насельніцтва ня лічаць сябе вернікамі.

Найбольш рэлігійнай, паводле словаў Ленаіда Гулякі, зьяўляецца Берасьцейская вобласьць, дзе вернікамі лічаць сябе 73,2%. Тут дзейнічае 727 рэлігійных грамадаў – гэта 23% ад усіх рэлігійных грамадаў у краіне, у распараджэньні якіх 558 культавых будынкаў (яшчэ 35 – будуецца). Таксама менавіта ў гэтым рэгіёне Беларусі разьмешчана найбольшая колькасьць праваслаўных і пратэстанцкіх грамадаў. Аднак і на Берасьцейшчыне, паведамляе “Вечерній Брест”, толькі кожны трэці з апытаных удзельнічае ў жыцьці сваіх рэлігійных канфесіяў (80,1% з тых, хто назваў сябе вернікамі – праваслаўныя).

 
Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка, адказваючы на пытаньні карэспандэнта “Вечернего Бреста”, адзначыў, што на пасяджэньні ў Кобрыні абмяркоўваліся пытаньні выкананьня рэлігійнымі арганізацыямі заканадаўства. Таксама ён закрануў праблему ўзьвядзеньня культавых будынкаў без дазволу ўлады: “Ёсьць прыклады, калі культавыя будынкі будуюцца без узгадненьня з органамі ўлады. Мясцовы кіраўнік грамады пачынае будаваць храм, не выконваючы працэдуру адводу зямельнага ўчастку. Часам будуюцца збудаваньні незразумелага тыпу, якія потым здаюцца ў арэнду камерцыйным арганізацыям. Гэта не характэрна для Берасьцейшчыны, але такія выпадкі ёсьць у рэспубліцы. Трэба адзначыць, што ў Беларусі зямля пад будаўніцтва храмаў выдзяляецца бясплатна. А ў Нямеччыне, да прыкладу, за ўчастак у паўгектары для ўзьвядзеньня кірхі грамада павінна выплаціць дзяржаве часам да 3 млн. еўра. Мы ня ставім такой задачы, таму што тады будзе паралізавана ўсё будаўніцтва”.

Як адзін з прыкладаў парушэньня заканадаўства пры ўзьвядзеньні культавага будынку была прыведзена сітуацыя ў вёсцы Люта Берасьцейскага раёну, дзе праваслаўная рэлігійная грамада практычна пабудавала царкву без узгадненьня з органамі мясцовай ўлады.
 
Ніжэй прапануем інтэрв’ю Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусь, якое ён даў карэспандэнту берасьцейскай абласной газеты “Народная трыбуна” Алёне Сацута (зьмяшчаем яго на мове арыгіналу).
 
– На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь суіснуюць розныя канфесіі і веравызнанні. Раскажыце, калі ласка, якая канфесійная сітуацыя склалася ў краіне на сённяшні дзень?
 
– Сапраўды, Беларусь – многаканфесійная дзяржава, у нас зарэгістравана больш за 3 тысячы рэлігійных арганізацый 25-ці канфесій і рэлігійных накірункаў. Гэта значная лічба для любой краіны. Ёсць сярод іх традыцыйныя для нашай зямлі веравызнанні, якія прысутнічаюць тут вякамі, напрыклад, Праваслаўная, Каталіцкая цэрквы, іудаізм, іслам, лютэранства… Ёсць і тыя, якія з’явіліся параўнальна нядаўна, а некаторыя з іх – новая з’ява не толькі ў межах Беларусі, але і ва ўсім свеце.
 
Калі разглядаць канфесійную сітуацыю комплексна, становіцца зразумела, што гістарычныя ўмовы пакінулі свой адбітак на сучаснасці. Таму ў нас так распаўсюджана праваслаўе – яно мае тысячагадовую гісторыю, з цягам часу стала рэлігіяй большасці насельніцтва Беларусі. Гэта сітуацыя захоўваецца і зараз – больш за 80 працэнтаў веруючых адносяць сябе да праваслаўнай канфесійнай традыцыі. Значная колькасць у Беларусі католікаў – у розныя гады сацыяльныя апытанні насельніцтва давалі лічбы, што да іх адносіцца ад 9 да 14 працэнтаў вернікаў. Астатнія канфесіі не такія масавыя. Трэба таксама ўлічваць, што прыкладна 50 працэнтаў апытаных наогул не адносяць сябе да веруючых.
 
Бадай, самай паказальнай, адметнай асаблівасцю Беларусі з’яўляецца міжканфесійная згода. Безумоўна, на захаванне міжканфесійнага міру ўплывае спецыфічная талерантнасць беларускага насельніцтва, якая сфарміравалася пад уплывам разнастайных, часам трагічных гістарычных умоў. Але важным складальнікам такога ўнікальнага становішча, якое дэманструе Беларусь, з’яўляецца таксама штодзённая праца органаў улады па захаванні міжканфесійнталіцы нашай дзяржавы. Калі ж гаворка ідзе пра колькасць рэлігійных суполак, то, безумоўна, толькі Берасцейшчына на сённяшні дзень перавысіла колькасць у 700 рэлігійных суполак. Гэта своеасаблівы рэкорд. А вось адрозненні гэтага рэгіёна сапраўды існуюць. Напрыклад, менавіта тут размешчана найбольшая колькасць праваслаўных і пратэстанцкіх таварыстваў. Праваслаўная царква дастаткова актыўная, і час ад часу вернікі ствараюць новыя рэлігійныя аб’яднанні. Значная колькасць пратэстанцкіх суполак звязана з тым, што тут на працягу доўгага часу (з пачатку ХХ стагоддзя) бесперапынна існавалі пэўныя пратэстанцкія арганізацыі, напрыклад, баптыстаў, таму яны захаваліся і здолелі пашырыцца падчас набыцця Беларуссю самастойнасці.
 
– Зразумела, што гэтая сфера жыцця грамадства таксама рэгулюецца заканадаўствам. Але ці ўсе прытрымліваюцца літары закону?
 
– Асноўны дакумент, які рэгулюе канфесійную сферу, гэта Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”. У ім прапісаны правы вернікаў і арганізацый, усталяваны правілы рэалізацыі гэтых правоў і пэўная адказнасць за парушэнні. Аднак, сапраўды, наша грамадства, уключаючы рэлігійныя суполкі, не ў належнай ступені валодае так званай прававой культурай, бо, згадзіцеся, трэба не толькі ведаць свае правы, але і абавязкі.
 
Правілы прапісаны, каб дапамагчы захаваць правы чалавека, абараніць яго ў тым ліку і ад нядобрасумленных рэлігійных арганізацый. Хачу падкрэсліць, што для дзяржавы не існуе “добрых” ці “дрэнных” рэлігій. Асноўны крытэрый – гатоўнасць дзейнічаць у прававых рамках, выконваць патрабаванні заканадаўства. Калі ж заканадаўства сістэматычна парушаецца, гэта павінна насцярожыць кожнага: ці не будуць такія рэлігійныя суполкі парушаць і правы асобнага чалавека? Ёсць, напрыклад, празрыстае патрабаванне заканадаўства, што дзейнасць рэлігійных арганізацый не павінна быць ананімнай. І гэта зразумела: чалавеку неабходна ўсведамляць, хто яму прапануе пэўны рэлігійны прадукт, і ведаць, на каго паскардзіцца ў выпадку падману. Але некаторыя нават зарэгістраваныя рэлігійныя суполкі не вытрымліваюць гэтага патрабавання. На жаль, падобнае характэрна некаторым новым пратэстанцкім накірункам. Зразумела, нават з боку, як мы кажам, “гістарычна традыцыйных арганізацый” бываюць парушэнні. Аднак ёсць адна вельмі важная асаблівасць: не ўсе арганізацыі пры выяўленні парушэнняў імкнуцца выправіць становішча. Да таго ж, некаторыя кіраўнікі суполак на законныя патрабаванні пачынаюць распаўсюджваць у інтэрнэце, у міжнародных арганізацыях інфармацыю, што іх прыціскаюць. Заўважу: яны не вырашаюць праблемы – проста спрабуюць пазбегнуць адказнасці. А калі справа датычыцца вас асабіста ці вашых блізкіх, калі – што бывае ў нашай практыцы – рэлігійнай арганізацыяй парушаны вашы правы? Вас спрабуюць абараніць, а рэлігійная суполка пачынае сцвярджаць, што яе проста крыўдзяць улады… Так што ёсць над чым паразважаць.
 
– Леанід Паўлавіч, некалькі слоў аб перспектывах: якія кірункі ў развіцці міжканфесійных адносін і супрацоўніцтва, у прыватнасці ў нашым рэгіёне, лічыце прыярытэтнымі?
 
– У нашай справе няма састарэлых тэм. Нам усім трэба працягваць працу па захаванні найвялікшага багацця, якое нам дасталося – міру і грамадскай згоды. І мы можам гэта зрабіць. Трэба толькі працягваць заахвочваць імкненне канфесій да дыялогу, шукаць падмурак для іх узаемазацікаўленага супрацоўніцтва. І гэтаму найбольш спрыяе праца ў сацыяльнай сферы. Я шчыра лічу, што добрыя справы могуць і павінны аб’ядноўваць людзей, нягледзячы на розніцу ў рэлігійных поглядах. Можна яшчэ больш пашыраць дзейнасць канфесій па захаванні нашай агульнай спадчыны, навучыць з карысцю развіваць той патэнцыял, які звязаны з цікавасцю людзей да старажытнага, – такім чынам садзейнічаць развіццю турызму ў нашай дзяржаве.
 
Упэўнены: кожная канфесія можа ўнесці свой уклад у развіццё нашай Беларусі, паспрыяць яе росквіту. Галоўнае – прытрымлівацца заканадаўства. І людзі самі змогуць даць ацэнку гэтай работы. А Берасцейшчына можа паказаць шмат прыкладаў сумеснай працы дзеля дабрабыту людзей.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 14098 разоў (-ы)