Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

20.10.2011

Успамін аднаўленьня царкоўнай еднасьці ў 1596 годзе ў Берасьці

Царква сьв. Мікалая ў Берасьці
Катэдральная царква сьв. Мікалая ў Берасьці Літоўскім, дзе была падпісана царкоўная Унія 1596 г.
16-18 кастрычніка 2011 году грэка-каталіцкія парафіі і супольнасьці ў Беларусі падчас набажэнстваў узгадвалі 415-ую гадавіну Берасьцейскай царкоўнай уніі. Абвяшчэньне пра царкоўную еднасьць Кіеўскай мітраполіі Праваслаўнай Царквы Рэчы Паспалітай з Рымскай Апостальскай Сталіцай адбылося на царкоўным Саборы ў Берасьці 16-18 кастрычніка 1596 году (6-8 кастрычніка паводле старога юльянскага календара, якім карысталіся тады праваслаўныя).
 
У гэтыя дні на Боскай Літургіі католікі ўсходняй традыцыі дзякавалі Богу за 415 гадоў адноўленьня царкоўнай сулучнасьці з Рымскай Апостальскай Сталіцай і Паўсюднай Царквою. Гэта быў дзень малітвы за Сьвятога Айца Бенядыкта XVI і яго новага прадстаўніка ў Беларусі Апостальскага нунцыя архібіскупа Клаўдыё Гуджароцьці.
   
З нагоды памятнай даты ў жыцьці Царквы нядзельную літургію 16 кастрычніка 2011 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў у грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці – у горадзе, дзе ў 1596 годзе была абвешчана Берасьцейская царкоўная Унія.
 
Казаньне, прысьвечанае тэме хрысьціянскай еднасьці і адважнаму гістарычнаму рашэньню беларускіх і ўкраінскіх ярархаў Кіеўскай мітраполіі ў 1596 годзе, прамовіў парах берасьцейскай парафіі а. Ігар Кандрацьеў. Ён зьвярнуў увагу на асаблівае заданьне сучасных грэка-католікаў у Беларусі – узмоцнена маліцца за еднасьць, сьведчыць еднасьць. Аднак, заўважыў ён, молячыся за еднасьць, адначасова даводзіцца цярпець і пакутаваць за еднасьць, за грэх падзелу хрысьціянства. Душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў падкрэсьліў, што хрысьціяне розных канфесіяў могуць і павінны жыць у любові і еднасьці ўжо тут і цяпер, тым больш што да гэтага заклікае ўсіх Сам Госпад – “каб усе былі адно” (Ян 17, 21). Але для гэтага трэба, каб людзі найперш імкнуліся ня проста па-людзку дамовіцца паміж сабою, а каб імкнуліся наладзіць свае асабістыя стасункі з Богам. Калі кожны з нас будзе жыць у еднасьці з Богам і ў любові да Бога – мы будзем паважаць і любіць іншых, тады па-сапраўднаму ўсьвядомім грэх падзелу хрысьціянства, здолеем пераадолець усе нашыя падзелы і адновім тую еднасьць, якая была ў першых хрысьціянаў.
 
У сваім слове пасьля Літургіі Архімандрыт Сяргей (Гаек) распавёў пра гістарычныя абставіны падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай Уніі, узгадаў пра духоўны крызіс і заняпад, якія перажывала тагачаснае грамадзтва і nЦарква. Ён таксама адзначыў важнасьць сёньня жыць у любові і еднасьці ў сваіх супольнасьцях, з сваімі блізкімі, берагчы еднасьць у сваёй Царкве і ў сваім народзе. Апостальскі Візітатар таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў гэтыя дні Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўзгадвае яшчэ й знакавы пастырскі візіт у Беларусь Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Акіле Сільвестрыні, які адбыўся 15 гадоў таму з нагоды 400-ых угодкаў Берасьцейскай Уніі. Гэта быў першы афіцыйны візіт ватыканскага кардынала ў Беларусь, а апошні падобны візіт адбыўся ажно некалькі стагоддзяў таму.

Гэтыя памятныя дні зьяўляюцца для беларускіх грэка-католікаў добрай нагодай для духоўнага разважаньня, руплівай і нястомнай малітвы, каб Сьвяты Дух напоўніў усіх душпастыраў і вернікаў новай сілай, неабходнай для пастырскай дзейнасьці і хрысьціянскага сьведчання ў грамадзтве на Бацькаўшчыне, – адзначыў Архімандрыт Сяргей (Гаек).

Апостальскі Візітатар БГКЦ перадаў прывітальныя словы беларускім грэка-католікам ад новапрызначанага Апостальскага нунцыя архібіскупа Клаўдыё Гуджароцьці, які сваё служэньне ў нашай краіне распачаў з нядзельнай Боскай Літургіі 16 кастрычніка ў нацыянальным каталіцкім санктуарыюме Маці Божай у Будславе. Як паведаміў Архімандрыт Сяргей (Гаек), прадстаўнік Апостальскай Сталіцы архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці запэўніў, што ля цудатворнай іконы Маці Божай у Будславе, узгадваючы айцоў, якія рыхтавалі Берасьцейскую царкоўную унію 1596 году, ён таксама будзе ўзносіць свае малітвы падзякі за адноўленую 415 гадоў таму на землях Беларусі еднасьць хрысьціянаў, а таксама будзе маліцца за сучасную Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, за яе разьвіцьцё і духоўны рост яе вернікаў.

На фота: Уніяцкі пляц у крэпасьці, дзе стаяла царква сьв. Мікалая, у якой была абвешчана Берасьцейская царкоўная унія 1596 году, і руіны базыльянскай царквы сьв. Пятра і Паўла ў Берасьці.

Уніяцкі пляц, дзе стаяла царква сьв. Мікалая, і руіны базыльянскай царквы сьв. Пятра і Паўла ў Берасьці
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 241 разоў (-ы)