Царква
Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе; ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 4:7-9)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

21.10.2011

У Новасібірску разважалі пра ідэнтычнасьць грэка-католікаў і сучасны экуменізм

У Новасібірску 11-13 кастрычніка 2011 году адбылася штогадовая сустрэча грэка-каталіцкіх сьвятароў Расеі. У сустрэчы, як паведамляе прэс-служба Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту, узялі ўдзел ардынарый грэка-католікаў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі біскуп Ёзаф Верт, а таксама 12 сьвятароў і 6 сясьцёр-манахіняў усходняга абраду.
   
Галоўным дакладчыкам на сустрэчы прарэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту па навуковай працы, гісторык Алег Турый.
 
“Мы гаварылі пра ідэнтычнасьць грэка-католікаў і сучасны экуменізм. Бо Грэка-Каталіцкая Царква мае абавязак сьведчыць пра хрысьціянскую еднасьць. Гэты абавязак вынікае з яе ідэнтычнасьці: яна ёсьць усходняй Царквой у еднасьці з хрысьціянскім Захадам і адначасова каталіцкай Царквой, якая дзейнічае ва ўсходняй традыцыі. Таму Грэка-Каталіцкая Царква паклікана адкрываць гэтае багацьце сулучнасьці”, – лічыць Алег Турый.
 
Усьведамленьне гэтай місіі, на думку гісторыка, зьяўляецца вельмі важным для сьвятароў, якія працуюць у Расеі. Бо супольнасьці грэка-католікаў там ня маюць шмат вернікаў, а многія людзі маюць патрэбу ў душпастырскай апекцы: “Грэка-католікам ў Расеі цяжка: фармальна іх супольнасьці не зьяўляюцца зарэгістраванымі і знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Рыма-Каталіцкай Царквы, але служаць ва ўсходнім абрадзе. Біскуп Ёзаф Верт настойвае на неабходнасьці стварэньня асобнай структуры для грэка-католікаў, а дакладней аднаўленьні экзархату, які існаваў у Расеі ў часы мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага і які ўзначальваў блаславёны Леанід Фёдараў. Таму вонкавыя цяжкасьці не павінны выклікаць ізаляцыю грэка-катаолікаў”, – адзначае прарэктар УКУ.
 
Такія штогадовыя сустрэчы грэка-каталіцкіх святароў у Расіі - нагода для размоваў і абмену досьведам. Сакратар ардынарыя католікаў візантыйскага абраду ў Расейскай Федэрацыі, каардынатар грэка-каталіцкіх грамадаў Перамяненскай япархіі айцец Андрэй Старцаў адзначае: “Сустрэчы грэка-каталіцкага духавенства і манаства праводзім раз у год. Мы запрашаем эксьпертаў для абмеркаваньня розных гістарычных, кананічных, літургічных, багаслоўскіх пытаньняў. Так атрымліваем інтэлектуальнае натхненьне. Мы таксама абмяркоўваем і нашы надзённыя пастырскія, юрыдычна-прававыя праблемы і інш.”.
 
Украінскі каталіцкі ўніверсітэт ужо некалькі гадоў запар далучаецца да правядзеньня сустрэчаў грэка-каталіцкіх сьвятароў у Расійскай Федэрацыі. Папярэднімі дакладчыкамі на сустрэчах былі былы дэкан гуманітарнага факультэту УКУ а. д-р Юры Авакумаў і выкладчык УКУ, доктар літургійнага багаслоўя Васіль Рудэйка.
 
Даведка: У 1917 годзе мітрапаліт Андрэй Шаптцкі разам з а. Леанідам Фёдаравым ў Петраградзе правёў Сінод сьвятароў Расейскай Грэка-Каталіцкай Царквы, на якім было абвешчана пра стварэньне Расейскага экзархату ГКЦ, які ўзначаліў а. Л. Фёдараў. У 1917 годзе на тэрыторыі Расеі налічвалася каля 2000 вернікаў ГКЦ, якіх абслугоўвалі больш за 10 грэка-каталіцкіх сьвятароў. Існавалі жаночыя манаскія супольнасьці ў Маскве і Петраградзе, былі заснованы парафіі.
 
У часы бязбожнага атэізму і перасьледу Царквы ў Савецкай Расеі былі зьнішчаны ўсе парафіі расейскіх грэка-католікаў. У 1935 годзе памёр у ссылцы экзарх Леанід Фёдараў. На яго месца ў 1939 годзе быў прызначаны студыцкі ераманах а. Кліменці Шаптыцкі, які таксама загінуў у савецкай турме на пачатку 1950-х гадоў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 206 разоў (-ы)