Царква
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:1-2)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

26.10.2011

Ва Ўкраіне адбыліся сумесныя духоўныя рэкалекцыі для каталіцкіх біскупаў абодвух абрадаў

Вядомы сучасны багаслоў і мастак айцец Марка Іван Рупнік, (SJ), 24-25 кастрычніка 2011 году ў Львове-Брухавічах правёў духоўныя практыкаваньні (рэкалекцыі) для біскупаў Рыма-Каталіцкай і Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Цэркваў. Паводле словаў Зьверхніка УГКЦ Вярхоўнага Архібіскупа Сьвятаслава Шаўчука, для правядзеньня рэкалекцыяў «запрасілі аднаго з самых цікавых сучасных каталіцкіх багасловаў».
   
У Еўропе езуіт а. Рупнік здабыў вядомасьць яшчэ і тым, што кладзе мазаіку. У прыватнасьці ён выклаў мазаіку ў капліцы апостальскага палацу ў Ватыкане, у базыліцы, дзе пахаваны а. Піё, і ў іншых хрысьціянскіх сьвятынях Еўропы.
 
а. Марка Іван Рупнік, SJ
«Сумесныя штогадовыя рэкалекцыі сябраў Канферэнцыі Біскупаў Рыма-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне і Сіноду Біскупаў УГКЦ зьяўляюцца адказам на пажаданьне Папы Бенядыкта XVI. Ён хацеў, каб прадстаўнікі епіскапату лацінскага і візантыйскага абрадаў мелі супольныя сустрэчы і тварылі ўнутраную еднасьць Каталіцкай Царквы двух абрадаў ва Ўкраіне і такім чынам падавалі знакі еднасьці Каталіцкай Царквы», – патлумачыў у каментары Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ Уладыка Сьвятаслаў.
 
Гаворачы пра кіраўніка духоўных рэкалекцыяў, Першаярарх УГКЦ адзначыў, што «рэкалектант, якога мы запрасілі, ёсьць Божым блаславеньнем для нас. Яго навучаньне дазваляе нам расьці».
 
Галоўная тэма навучаньня а. Рупніка – «Асноўныя прынцыпы духоўнага жыцьця». Як паінфармаваў Католицький Медіа-Центр ардынарый Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі РКЦ архібіскуп Пётр Мальчук, «рэкалекцыі грунтоўныя і салідныя» . Падчас рэкалекцыяў на аснове Сьвятога Пісаньня рабіўся акцэнт на прысутнасьці Госпада Бога ў нашай веры. Паводле перакананьня кіраўніка рэкалекцыяў, чалавецтва зьяўляецца паўнавартасным толькі тады, калі яно напоўнена Духам Сьвятым, калі яно жыве духоўным жыцьцём. А жыць духоўным жыцьцём паклікана дапамагаць людзям Хрыстова Царква.
 
26 кастрычніка, пасьля завяршэньня рэкалекцыяў, адбудзецца чарговая, ужо дзявятая брацкая сустрэча ўкраінскіх каталіцкіх біскупаў візантыйскага і лацінскага абраду.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 153 разоў (-ы)