Царква
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

26.10.2011

Першаярарх УГКЦ: дыялог патрэбны, каб зьнішчыць стэрэатыпы і загаіць раны мінулага

Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук)
Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук лічыць, што сустрэчы ярарахаў Маскоўскага Патрыярхату і УГКЦ вельмі неабходныя, але “не для таго, каб адзін з бакоў ішоў на нейкія ахвяры, тады яны ніколі не адбудуцца”. Пра дыялог з праваслаўнымі і шлях да еднасьці Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук распавёў сярод іншага ў інтэрв’ю Galinfo.
   
Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ заўважыў, што мы жывём у такі перыяд, калі сустрэчы ярархаў розных Цэркваў “не павінны быць чымсьці сенсацыйным, сустрэчамі кампрамісаў, здаваньня ці здабыцьця пазіцыяў”. “Калі зьверхнікі Цэркваў не сустракаюцца, то гэта азначае, што яны не да канца ідуць у нагу з сучасным сьветам”, – сказаў украінскі першаярарх. Таму, падкрэсьліў ён, у свой час Блаславёны Ян Павел ІІ, а цяпер і Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI, ня раз заяўлялі пра жаданьне такіх сустрэчаў з праваслаўнымі. Што да пазіцыі УГКЦ і яго асабіста адносна дыялогу з РПЦ МП, Уладыка Сьвятаслаў (Шаўчук) чарговы раз пацьвердзіў гатоўнасьць да сустрэчаў і вялікую неабходнасьць іх, але пры гэтым адзначыў, што яны патрэбны зусім не для таго, каб адзін з бакоў ішоў на нейкія ахвяры. “Лічу, што такія сустрэчы як раз і паслужаць для таго, каб пазнаць адзін аднаго, зьнішчыць пэўныя перадузятасьці, што існуюць як пэўны стэрэатып і перажытак мінулага, – сказаў Уладыка Сьвятаслаў (Шаўчук). – Такія сустрэчы вельмі неабходныя для таго, каб мы загаілі раны мінулага”.
 
Зьверхнік УГКЦ заўважыў, што Грэка-Каталіцкая Царква носіць на сваім целе нямала ранаў, нанесеных Львоўскім псеўдасаборам 1946 году, у выніку якога сталінскім рэжымам было абвешчана пра ліквідацыю гэтай Царквы ў СССР. І як раз сёлета грэка-католікі з сумам будуць узгадваць 65-ыя ўгодкі гэтага “братазабойчага акту”.І ўсё ж, як сказаў грэка-каталіцкі архібіскуп, відавочна, што сустрэчы ярархаў Цэркваў дапамогуць пракласьці шлях да ўзаемнага прымірэньня. “А без узаемнага прымірэньня, аздараўленьня нашай памяці, я ня бачу здаровай і канструктыўнай будучыні”, – адзначыў Зьверхнік УГКЦ. Але, на жаль, на яго думку, з боку Маскоўскага Патрыярхату пакуль ёсьць “поўная негатовасьць да такіх сустрэчаў”.
 
Падзел паміж хрысьціянамі ёсьць вялікай перашкодай для пасьпяховай пропаведзі Хрыстова Евангельля – адзначыў таксама Першаярарх УГКЦ. Калі казаць пра метады і спосабы, як дасягнуць такой еднасьці, то, відавочна, што пытаньне павінна разглядацца выключна ў духоўнай і царкоўнай плоскасьці, сьцьвярджае Ўладыка Сьвятаслаў Шаўчук. Яно зусім не павінна быць палітычным і быць перадвыбарным праектам таго ці іншага лідара, бо Царква ня ёсьць палітычнай структурай. Царква, падкрэсьліў Зьверхнік УГКЦ, – гэта духоўны арганізм, які мае нябачныя і бачныя складнікі. Калі казаць пра нябачны складнік Хрыстовай Царквы, то яна ёсьць адзінаю, бо ўсе мы вызнаём адзіны сымбаль веры і молімся: “Веру ў адзіную сьвятую паўсюдную апостальскую Царкву...”
 
Але ў чалавечым, ці бачным вымярэньні, з прычыны тых або іншых гістарычных абставінаў, узьніклі падзелы – сказаў украінскі ярарах. І затым ён адзначыў: “Сёньня мы павінны ўсё зрабіць, каб гэтае нябачнае вымярэньне цалкам выявілася ў нашым штодзённым быцьці. Царкоўная еднасьць павінна выйсьці знутры ўсіх Цэркваў”. Сёньня грэка-католікі, паводле словаў Уладыкі Сьвятаслава (Шаўчука), спрабуюць будаваць канструктыўны дыялог з праваслаўнымі братамі, супрацоўнічаюць у розных акцыях і шчыра прагнуць адзінай памеснай Царквы ва Ўкраіне, а тое, калі яе пабудуем, “залежыць ня толькі ад нас, бо гэта справа ня толькі чалавечая, гэта справа Божая”. “Калі мы сапраўды хочам еднасьці, будзем за яе маліцца, будзем яе будаваць, дык Гасподзь Бог можа нас усіх зьдзівіць: адзіная памесная Царква можа адбыцца хутчэй, чым мы думаем”, – падкрэсьліў Першаярарх УГКЦ.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 9770 разоў (-ы)