Царква
Бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:2)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

27.10.2011

Каталіцкая Царква прафінансуе дасьледаваньні ствалавых клетак дарослых
 
Міжнародная кампанія “NeoStem” з філіяламі ў ЗША і Кітаі ўклала беспрэцэдэнтны кантракт у галіне дасьледаваньняў ствалавых клетак, атрыманых ад дарослых людзей. Яе партнёрам стала Каталіцкая Царква, якая вядома сваім насьцярожаным стаўленьнем да падобных дасьледаваньняў, піша “Los Angeles Times”.
   
Каталіцкая Царква адмоўна ставіцца да эксьперыментаў і выкарыстаньня эмбрыянальных ствалавых клетак у медыцыне з той жа прычыны, з якой яна выступае супраць абортаў: абедзьве гэтыя сферы зьвязаны са зьнішчэньнем эмбрыёнаў, якія, з хрысьціянскага пункту гледжаньня, ужо зьяўляюцца чалавечым жыцьцём. Выступаючы катэгарычна супраць эксьперыментаў на эмбрыянальных ствалавых клетках, Каталіцкая Царква, аднак, ставіцца прыхільна да падобных дасьледаваньняў ствалавых клетак дарослых і нават жадае стымуляваць іх.
 
а. Томаш Трафны
Кіраўнік Дэпартаменту навукі і веры Папскай Рады па культуры, выканаўчы дырэктар дасьледчыцкага праекту STOQ (Навука, тэалогія і анталагічныя пытаньні) а. Томаш Трафны заявіў, што ніколі раней Каталіцкая Царква не ўкладала падобных дамоваў. Паводле яго словаў, для падпісаньня згаданага кантракту (на 1 мільён даляраў) ёсьць дзьве прычыны.
 
“Па-першае, [“NeoStem”] вельмі зацікаўлена ў разуменьні культурных наступстваў сваёй працы, што вельмі незвычайна. Многія кампаніі шукаюць прыбытку, і nтолькі прыбытку. І, па-другое, яны падзяляюць нашу адчувальнасьць да маральна-этычных пытаньняў. Зважаючы на такую этычную пазіцыю мы распачалі такое ўнікальнае супрацоўніцтва”, – растлумачыў а. Тамаш Трафны.
 
Для кампаніі ж, паводле словаў яе ўладальніцы і генеральнага дырэктара Робін Сьміт, кантракт стаў “знакам асаблівай падтрымкі Ватыкану”. Як адзначыла кіраўнічка “NeoStem”, сумесны праект з Каталіцкай Царквой у сферы дасьледаваньняў дарослых ствалавых клетак арыентаваны на чатыры рэчы: “разьвіцьцё навукі, зьмяншэньне чалавечых пакутаў, навучаньне сучаснага грамадзтва і будучых пакаленьняў, а таксама заахвочваньне супрацоўніцтва ў падтрымку гэтых мэта”.
 
Пры гэтым Каталіцкая Царква не ўкладае сродкі непасрэдна ў “NeoStem”. Іх узаемадзеяньне стасуецца пераважна заснаванага гэтай кампаніяй некамерцыйнага фонду “Stem for Life Foundation”.
 
Асноўнай дзейнасьцю Царквы ў рамках супрацоўніцтва стане рошук мецэнатаў і прыцягненьне ахвяраваньняў, правядзеньне асьветніцкіх кампаніяў, удзел у дасьледаваньнях і фінансаваньне сумесных навуковых канферэнцыяў.
 
Першая буйная міжнародная канфернцыя з прыцягненьнем вялікай колькасьці вядучых сусьветных эксьпертаў па ствалавых клетках дарослых, якую ладзяць партнёры – “Stem for Life Foundation” і Папская Рада па справах культуры, адбудзецца 9-11 лістапада 2011 году ў Рыме.
 
Дасьледаваньні ствалавых клетак адкрываюць вялікія магчымасьці для рэгенератыўнай медыцыны пры лячэньні шэрагу сур’ёзных захворваньняў. Медыкі-дасьледчыкі лічаць, што ствалавыя клеткі можна выкарыстоўваць для лячэньня анкалагічных захворваньняў, некаторых захворваньняў крыві і імуннай сістэмы, хваробы Паркінсона, цукровага дыябету, цырозу пячонкі, гепатыту, пашкоджаньняў сьпіннога мозгу і інш. Аднак, каталіцкія тэолагі перакананыя, што забойства чалавечага жыцьця (калі выкарыстоўваюцца эмбрыянальныя ствалавыя клеткі) ніколі ня можа быць апраўдана, нават тады, калі мэтай зьяўляецца карысьць іншых людзей. На жаль, да гэтага часу дасьледаваньні з выкарыстаньнем ствалавых клетак дарослага арганізму застаюцца ў цені эксьперыментаў над эмбрыянальнымі ствалавымі клеткамі – ім удзяляецца непараўнальна менш увагі і сродкаў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 12832 разоў (-ы)