Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

01.11.2011

На Дзяды беларусы Бельгіі і Францыі наведалі магілу Міколы Равенскага

У суботу 29 кастрычніка беларусы Бельгіі і Францыі сабраліся разам у беларускай грэка-каталіцкай царкве ў Антвэрпане, каб успомніць сваіх дзядоў і разам памаліцца за душы родных і блізкіх, а таксама за душы тых, хто аддаў сваё жыцьцё за веру сьвятую, незалежнасьць і свабоду роднай Бацькаўшчыны – паведамляе Беларуска-Еўрапейскае задзіночаньне.
   

29102011-4.jpg
Беларусы ля магілы Міколы Равенскага ў Лёвэне.

Канешне, аддаць даніну малітоўнай памяці сваім продкам і спачылым героям прыйшлі далёка ня ўсе, што аказаліся на чужыне – адчужэньне ад традыцыяў свайго народу моцна засела ў сэрцах шматлікіх беларусаў. Абыякавасьць (а нярэдка і варожасьць) да старадаўняе Хрыстовае веры, да ўласнае культуры і мовы, спараджае і абыякавасьць да сваіх бацькоў, дзядоў, прашчураў. Але, як кажуць у народзе, – “Бог ня Цімошка, бачыць нямножка”, таму і застаюцца абыякавыя бяз Божага блаславеньня і пакутуюць ад сваёй жа неразважлівасьці...
 
Пасьля малітвы ў царкве вернікі накіраваліся на могілкі ў Лёвэн, дзе пахаваны знакаміты аўтар шматлікіх твораў царкоўнай і патрыятычнай музыкі Мікола Равенскі. Ля ягонай магілы сьвятар Ян Майсейчык адправіў ліцію за супакой памерлых, а ўсе прысутныя прасьпявалі гімн “Магутны Божа”, музыку для якога напісаў сьветлай памяці Мікола Равенскі.
 
Падчас малітвы былі ўзгаданыя імёны беларусаў, якія перадалі эстафету любові і павагі да Бацькаўшчыны, і якія былі да апошніх сваіх дзён адданымі беларускай справе патрыётамі. У сваім казаньні айцец Ян падзякаваў прысутным за тое, што яны пераадольваюць усе цяжкасьці, якія спадарожнічаюць стаяньню ў добрым, і за тое, што яны сваёй прысутнасьцю галасуюць за Беларушчыну.
 
Разам з дарослымі ў малітве ўзялі ўдзел і дзеці вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія з задавальненьнем пераймаюць традыцыі сваіх бацькоў. І гэта дае надзею, што беларуская вера і захаваньне традыцыяў застануцца ў іх жыцьці і будуць перададзеныя будучым пакаленьням.
 
Паводле БЭЗ-Інфа

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 202 разоў (-ы)