Царква
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:13)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

02.11.2011

Беларусы адзначылі Дзяды ў Лондане

30 кастрычніка, калі ў Менску адбывалася традыцыйнае шэсьце ў Курапаты, лонданскія беларусы па старой завядзёнцы памянулі продкаў. Раніцой рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцец Аляксандар Надсан і айцец Сяргей Стасевіч адслужылі службу ў грэка-каталіцкай царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла. Па сутнасьці, гэта адзіная дзейная беларуская бажніца ў Вялікабрытаніі.
   
Айцец Аляксандр Надсан і ягоны выхаванец айцец Сяргей Стасевіч.

Жывая легенда беларускай Брытаніі айцец Аляксандар Надсан і ягоны выхаванец айцец Сяргей Стасевіч.

Пасьля на лонданскіх могілках сьв. Панкрата (St. Pancras & Islington сemetery) адбылася паніхіда ля магілаў беларусаў, якія знайшлі спачын на брытанскай зямлі. 

“Мне прыйшлося пахаваць амаль усіх тых людзей, якія тут ляжаць. Я ведаю, наколькі яны былі адданыя і справе Божай, і справе беларускай. У іх не было нацыяналізму – яны хацелі, каб беларускі народ быў перадусім народам Божым, каб знайшоў сваё месца ў Божай сям’і народаў сьвету. І яны зрабілі больш, чым па-людзку можна было спадзявацца”, – адзначыў у прамове айцец Аляксандар Надсан, дзелячыся ўспамінамі пра Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа і генерала Ордэна марыянаў біскупа Часлава Сіповіча, колішняга рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане і кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё архімандрыта Льва Гарошку, аднаго з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі Аляксандра Лашука, літаратара і сьвятара Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), айца Тамаша Падзяву і іншых.
   
Таксама лонданскія беларусы ўспомнілі суродзічаў, якія воляю пакручастага лёсу спачываюць у розных кутках зямной кулі. “Давайце памолімся, каб яны былі разам, у еднасьці з Богам там, дзе ўжо няма ні болю, ні суму, ні плачу”, – завяршыў казаньне рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане а. Аляксандар Надсан.
 
Хоць гісторыя беларуска-брытанскіх кантактаў бярэ свой пачатак яшчэ ў 15 стагоддзі (у 1480 г. друкар Ян Літвін з Вялікага Княства Літоўскага адчыніў друкарню ў Лондане), прысутнасьць беларусаў на Туманным Альбіёне стала адчувацца ў другой палове ХХ стагоддзя. Пасьля Другой сусьветнай вайны Вялікабрытанія стала адной з тых заходніх дзяржаваў, што адчыніла межы для беларусаў, якія ня бачылі будучыні ў краіне Саветаў.
 
Паводле лічбаў, якія прыводзіць ў кнізе “Беларусы ў Вялікабрытаніі” (2010) гісторык эміграцыі Натальля Гардзіенка, па вайне на Брытанскіх выспах апынулася каля 10 тысячаў беларусаў. У асноўным гэта былі жаўнеры 2-га польскага корпусу брытанскіх узброеных сіл (Армія Андэрса) і іх сем’і. Праўда, пазьней многія з іх імігравалі ў іншыя краіны.
 
З 1946 году вядзе ўласную гісторыю Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі, з 1954-га – Англа-беларускае таварыства, што існуюць дасюль. Вось ужо паўстагоддзі ў паўночна-заходняй частцы Лондану дзейнічае беларускі рэлігійна-культурны цэнтр з грэка-каталіцкай царквой сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і ўнікальнай Беларускай бібліятэкай-музеем імя Францішка Скарыны на чале з айцом Надсанам.
 
Паводле дадзеных перапісу 2011 году, у Вялікабрытаніі пражывала 1154 беларусы. Згодна з неафіцыйнымі падлікамі – блізу 5000.
 
Паводле TUT.BY
   
Фота: Кастусь Лашкевіч.
Відэа: Мікалай Пачкаеў, выдавецтва “Божым шляхам”.


  
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 198 разоў (-ы)