Царква
Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:4)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

05.11.2011

У Румыніі – сустрэча еўрапейскіх ярархаў Каталіцкіх Цэркваў усходняга абраду

Сёлетняя сустрэча біскупаў Каталіцкіх Цэркваў ўсходняга абраду, якая штогод ладзіцца пад эгідай Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы, праходзіць 3-6 лістапада 2011 году ў румынскім горадзе Орадзя. Як паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, у гэтыя дні прадстаўнікі чатырнаццаці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў будуць разважаць на тэму новай евангелізацыі ў Каталіцкіх Цэрквах ўсходняга абраду Еўропы.
   
Сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у Румыніі
На форуме ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў прысутнічае таксама Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек).

З дакладам пра стан Усходніх Каталіцкіх Цэркваў пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму на сустрэчы ярархаў у Орадзя выступіць айцец д-р Барыс Гудзяк, рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту. У сустрэчы прымуць удзел архібіскуп Рына Фізікела, Старшыня Папскай Рады спрыяньня новай евангелізацыі, які прадставіць галоўную тэму абмеркаваньня, кардынал Петэр Эрдзё, Архібіскуп Будапешту, які ўзначальвае Раду біскупскіх канферэнцый Еўропы, Архібіскуп Цырыл Васіль, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Прадугледжаны таксама выступ Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўнага Архібіскупа Сьвятаслава (Шаўчука).
 
Што да тэмы сёлетняй сустрэчы – Сакратар Сіноду Біскупаў УГКЦ Уладыка Багдан Дзюрах адзначыў: “Тэма сустрэчы “Вы будзеце Мне за сьведкаў: евангелізацыя ў Каталіцкіх Цэрквах усходняга абраду ў Еўропе” зьяўляецца своеасаблівым заклікам да новай евангелізацыі, пра якую казаў Сьвяты Айцец некалькі гадоў таму. Гэта ставіць перад біскупамі двайную задачу: з аднаго боку, вылечыць, з ласкай Божаю, духоўную спустошанасьць, якую пакінуў пасьля сябе камуністычны рэжым, а з другога – зьмякчыць скажэньне духоўных каштоўнасьцяў, выкліканае хваляй секулярызму, які націскае з сьвецкага асяроддзя Заходняй Еўропы”.
 
Паводле словаў украінскага біскупа, разважаньні над гэтай тэмай павінны дапамагчы каталіцкім біскупам Еўропы адказаць на заклік Сьвятога Айца і ўнесьці свой уклад у евангелізацыю Еўрапейскага кантыненту.

Сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у Румыніі


Фота: Episcopia Greco-Catolică de Oradea
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 175 разоў (-ы)