Царква
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна
(3 запаведзь, Выхад 20:7)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

09.11.2011

УГКЦ мае тры новыя мітраполіі

29 лістапада ў Львове, 13 сьнежня ў Івана-Франкоўску, 22 сьнежня ў Тарнопалі адбудуцца Архірэйскія Літургіі, падчас якіх будуць зачытаны дэкрэты пра стварэньне ва Ўкраіне Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Тарнопальска-Збораўскай мітраполіяў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Пра гэта 8 лістапада 2011 году, падчас вэб-канферэнцыі на tochka.net паведаміў Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук), Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
   
Стварыць тры новыя мітраполіі вырашыў Сінод Біскупаў УГКЦ. У склад Львоўскай мітраполіі ўвойдуць Львоўская архіяпархія, Стрыйская, Самборска-Драгобыцкая і Сакальска-Жоўкаўская япархіі; у Івана-Франкоўскую мітраполію - Івана-Франкоўская і Каламыйска-Чарнавецкая япархіі; у Тарнопальска-Збораўскую – Тарнопальска-Збораўская і Бучацкая япархіі. Першымі мітрапалітамі новаствораных мітраполіяў стануць Уладыка Ігар (Возьняк), Архібіскуп Львоўскі, Уладыка Ўладзімір (Війтышын), Япарх Івана-Франкоўскі, і Ўладыка Васіль (Семянюк), Япарх Тарнопальска-Збораўскі.
 
Паводле словаў Першаярарха УГКЦ Сьвятаслава (Шаўчука), стварэньне новых мітраполіяў зьяўляецца вельмі важным крокам у натуральным развіцьці Царквы ў кірунку да патрыярхату. “Сёньня ва Ўкраіне існуе адзіная Кіева-Галіцкая мітраполія з цэнтрам у Кіеве. Такой структурай нашая мітраполія адлюстроўвае той стан Царквы, які ў нас быў у часы Кіеўскай Русі. Быў адзіны мітрапаліт, дэ-факта зьверхнік памеснай Царквы, які меў, адпаведна, уладу над біскупамі сваёй тэрыторыі. Відавочна, што больш чым за тысячу гадоў нашая Царква разьвілася, у прыватнасьці і ва Ўкраіне. Сёньня такі натуральны стан разьвіцьця царкоўнай структуры патрабуе ўдасканаленьня. Вось жа, для таго, каб лепш аказваць душпастырскую апеку нашым вернікам, рашэньнем Сіноду Біскупаў УГКЦ і з блаславеньня Апостальскай Сталіцы мы стварылі тры новыя мітраполіі”, - адзначыў Зьверхнік УГКЦ.
 
Акрамя таго, Першаярарх УГКЦ паведаміў, што кожны мітрапаліт будзе мець права склікаць Мітрапалічы Сінод, але для таго, каб рашэньні гэтага Сіноду былі сапраўднымі, яны патрабуюць ухвалы Вярхоўнага Архібіскупа.
 
Варта адзначыць, што цяпер УГКЦ будзе мець сем мітраполіяў. Акрамя трох новаствораных, яшчэ адной мітраполіяй УГКЦ ва Ўкраіне зьяўляецца Кіева-Галіцкая мітраполія, якую ўзначальвае Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук). У яе склад уваходзяць Кіеўская архіяпархія, Данецка-Харкаўскі, Адэска-Крымскі і Луцкі экзархаты. Акрамя таго, да Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы належаць Перамышальска-Варшаўская мітраполія ў Польшчы, Філадэльфійская мітраполія ў ЗША і Вініпегская мітраполія ў Канадзе.
 
Гістарычная даведка
 
Структуры УГКЦ пастаянна мяняліся. Несумненна, некаторыя зьмены былі абумоўленыя палітычнымі прычынамі. Але, што важна, заўсёды заставалася нязьменнаю правапераемнасьць.
  
 Паколькі унія з Рымам была падпісана з захаваньнем усіх нормаў закону і Кіеўскі мітрапаліт і біскупы мелі права і паўнамоцтвы яе падпісаць, то гэтыя ярархі засталіся адзінымі законнымі царкоўнымі спадкаемцамі мінулага.
  
 Аднаўленьне праваслаўнай ярархіі (у 1620 годзе) юрыдычна адбывалася як новае тварэньне, гэта значыць, была ўведзена новая царкоўная структура, якая можа прэтэндаваць толькі на гістарычную або духоўную бесьперапыннасьць, але не на правапераемнасьць. Правапераемнікам старажытнай Кіеўскай мітраполіі сёньня зьяўляецца Кіева-Галіцкі мітрапаліт УГКЦ.
  
 Пасьля Берасьцейскай уніі за Кіеўскім мітрапалітам былі прызнаныя ўсе правы, якія ён да гэтага меў. Гэта запісана ў двух булах папы Клімента VIII: “Magnus Dominus” (ад 23 сьнежня 1595 году) і “Decet Romanum Pontificem” (ад 23 лютага 1596 году).
  
 З булаю аднаўленьня Галіцкай мітраполіі “In universalis Ecclesiae regimini” ад 1807 году Галіцкім мітрапалітам былі перададзены тыя самыя правы, прэрагатывы і прывілеі, якімі валодалі Кіеўскія мітрапаліты, якія таксама захавалі свае паўнамоцтвы. Такім чынам, праз Галіцкую мітраполію прыходзіць прававая пераемнасьць УГКЦ ад кіеўскіх часоў.

Паводле
 Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 205 разоў (-ы)