Царква
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:20)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

09.11.2011

Бенядыкт XVI: пакліканьне да сьвятарства – дар Божы, а не асабістая заслуга

4 лістапада Бенядыкт XVI прыняў удзел у вячэрняй малітве з нагоды пачатку навучальнага году ў Папскіх універсітэтах Рыму. У малітве, якая прайшла ў Ватыканскай базыліцы, прынялі ўдзел шматлікія студэнты, выкладчыкі, а таксама ярархі Царквы. Папа зьвярнуўся да прысутных з прамовай, якую прысьвяціў сьвятарскаму служэньню, паведамляе Ватыканскае радыё, тым больш што значную частку студэнтаў папскіх універсітэтаў складаюць семінарысты і сьвятары.

Сьвяты Айцец адзначыў, што пакліканьне да апостальскай дзейнасьці нараджаецца дзякуючы малітве, блізкаму асабістаму кантакту з Хрыстом і жаданьню перадаваць веру і атрыманае пасланьне. “Перш за ўсё ў пакліканьні да сьвятарскага служэньня прысутнічае сустрэча з Ісусам і вялікае ўражаньне ад Яго словаў, знакаў, голасу”, – сказаў Папа.

“Той, хто служыць Евангельлю – гэта чалавек, які, умацоўваецца Хрыстом, здольны быць з Ім, увайсьці ў сугучча з Ім, блізкае сяброўства, каб рабіць “тое, што падабаецца Айцу”, згодна з Яго жаданьнем любові, у вялікай унутранай свабодзе і з глыбокай радасьцю сэрца”, – падкрэсьліў Сьвяты Айцец.

 
Папа нагадаў, што пакліканьне гэта не заслуга чалавека, але дар Бога, а таксама падкрэсьліў, што сапраўдным дасягненьнем сьвятара зьяўляецца не шлях посьпеху, але шлях Крыжа: “Заклік да служэньня ня ёсьць вынікам нейкіх сьпецыяльных пераваг, але дарам, які мы атрымліваем і да якога мы павінны прыстасоўвацца, ахвяруючы сваімі ўласнымі планамі, выконваючы план Бога, разумеючы, што Ён можа распараджацца намі паводле Яго волі, нават калі яна не адпавядае нашым жаданьням самарэалізацыі”.
 
Падсумоўваючы, Рымскі Архірэй зьвярнуўся таксама да шматлікіх прысутных сьвецкіх вернікаў і заклікаў іх таксама штодзённа шукаць глыбокіх адносінаў з Хрыстом і выконваць Яго волю. Ён адзначыў, што хоць яго словы былі скіраваныя найперш да сьвятароў, важна для ўсіх «навучыцца ўсё больш “быць” з Госпадам, штодня, на асабістай сустрэчы з Ім, каб дазволіць Яго любові захапіць і паланіць нас і быць дабравесьнікамі Яго Евангельля; важна імкнуцца ў жыцьці да таго, каб з шчодрасьцю ажыцьцяўляць не ўласны план, а план, які Бог мае для кожнага з нас, узгадняючы сваю волю з воляй Госпада; важна падрыхтавацца, у тым ліку праз сур’ёзнае і руплівае навучаньне, да служэньня Божаму народу праз заданьні, якія будуць даручаныя”.
 
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 187 разоў (-ы)