Царква
I вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта - доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?
(Кніга Эклезіяста 3:22)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

11.11.2011

Разважаньне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў пра новую евангелізацыю

3-6 лістапада 2011 году ў г. Орадзя (Румынія) адбылася 14-я Сустрэча ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы. У гэты раз на штогадовую сустрэчу ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы сабралася каля 70 удзельнікаў, як біскупаў, так і эксьпертаў, якія адгукнуліся на запрашэньне кіруючага біскупа Орадзя-Марэ, Уладыкі Вірджыла Берчы. Сустрэча была прысьвечана абмеркаваньню ўкладу Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у справу новай евангелізацыі.
   
Усходне-каталіцкія біскупы
Каіаліцкія біскупы ўсходніх абрадаў у Румыніі

 
Сустрэча была часам, каб сумесна паразважаць і знайсьці адказы выклікам сучаснасьці, як прапаведаваць Хрыста ў цяперашнім сацыяльна-культурным кантэксьце. Вынікі іх працы будуць перададзеныя ў Сакратарыят Сіноду Біскупаў Каталіцкай Царквы ў рамках падрыхтоўкі да 13-й Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая павінна адбыцца ў Рыме з 7 па 28 кастрычніка 2012 году.
 
У сустрэчы ўзялі ўдзел таксама біскупы лацінскага абраду Румынскай Канферэнцыі Біскупаў. Падчас працы біскупы выказалі падзяку Сьвятому Айцу за яго ініцыятыву ўключыць Усходнія Каталіцкія Цэрквы ў агульны намер для апостальства малітвы, “каб іх слаўныя традыцыі былі вядомыя і шанаваныя як духоўнае багацьце ўсёй Царквы».
 
У сваім уступным слове кардынал Петэр Эрдзё, Старшыня Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы (ССЕЕ, орган, які аб’ядноўвае ўсіх каталіцкіх біскупаў кантыненту, і які быў арганізатарам сустрэчы) падкрэсьліў важнасьць сустрэчаў усходніх каталіцкіх і рыма-каталіцкіх біскупаў і яшчэ раз пацьвердзіў, што новая евангелізацыя – гэта магчымасьць, дзякуючы якой “усе мы пакліканы абудзіць веру і будаваць хрысьціянскія супольнасьці, глыбока ўкаранёныя ў Госпадзе і моцныя місіянерскім энтузіязмам”.
 
Са свайго боку Зьверхнік Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Яго Блаславенства Лучан Мурэшан, Вярхоўны Архібіскуп Фэгэраша і Альба-Юліі, у кантэксьце сустрэчы адзначыў, што праз 20 гадоў пасьля падзеньня таталітарных рэжымаў "таксама і Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы дзейнічаюць у грамадзтве, якое хутка зьмяняецца, дзе секулярызацыя, рэлятывізм і міграцыя зьмянілі парадыгмы і спосабы ня толькі царкоўнай прыналежнасьці і рэлігійнай практыкі, але нават перадачы і абвяшчэньня Евангельля”.
 
Усходнія Каталіцкія Цэрквы падзяляюць агульную гісторыю, поўную маргіналізацыі, цярпеньняў і мучаніцтва, асабліва ва ўмовах таталітарных рэжымаў, у час панаваньня якіх яны былі забаронены і зьнішчаны юрыдычна. “Няма іншай Царквы ў Румыніі, якая магла б называцца “Царквою мучанікаў”, за выняткам Грэка-Каталіцкай Царквы”, падкрэсьліў Уладыка Франсіска Хаўер Ласана Апостальскі нунцый у Румыніі і Рэспубліцы Малдова.
 
Пра гэтае захаваньне веры цаною свайго жыцьця пазьней часта ўзгадвалі прадстаўнікі ўладаў рэгіёну і горада Орадзя, якія зьвярталі ўвагу на ролю Грэка-Каталіцкай Царквы ў Румыніі, і ў прыватнасьці, япархіі Орадзя ў аднаўленьні грамадзкага і маральнага стану насельніцтва, будучы ўзорам і знакам надзеі і падтрымкі для многіх. Падчас Сустрэчы яе ўдзельнікі мелі магчымасьць наведаць шэраг месцаў, якія ёсьць сьведчаньнямі дабрачыннасьці абедзьвюх мясцовых Каталіцкіх Цэркваў.
 
У сваім вітальным слове д-р Адрыян Лемэні, дзяржаўны сакратар па справах рэлігіяў румынскага ўраду, прывітаў удзельнікаў і заклікаў Царкву ў Еўропе працаваць для абароны каштоўнасьцяў, якія прынесла ёй хрысьціянства.
 
Новая евангелізацыя і Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы
 
У пытаньні новай евангелізацыі ў цэнтры ўвагі працоўных пасяджэньняў былі два накірункі разважаньняў. З аднаго боку, той факт, што Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы ў Еўропе павінны ўнесьці свой сьпецыфічны і ўнікальны ўклад у цяперашнюю дыскусію ў Каталіцкай Царкве і ва ўвесь працэс новай евангелізацыі. З іншага боку, удзельнікі сустрэчы адзначылі, што трэба таксама зважаць на выклікі, якія ставіць сучасны сьвет перад місіяй Царквы. Крызіс, які перажывае сьвет сёньня, па сваёй прыродзе ёсьць антрапалагічны, часткова – гэта вынік секулярызацыі, якая прывяла да неапраўданага выцясьненьня Бога, як з публічнай сферы, так і з прыватнага жыцьця людзей, што прывяло да значнай дэзарыентацыі ў разуменьні ўласнай ідэнтычнасьці, у выніку чаго сучасны чалавек часта ня здольны зразумець самога сябе і знайсьці арыенцір для свайго існаваньня. Усходнія Каталіцкія Цэрквы таксама сутыкнуліся з гэтымі праблемамі і пасьля таго, як засьведчылі сваю жыцьцяздольнасьць ва ўмовах ізноў здабытай два дзесяцігоддзі таму свабоды, цяпер яны адчуваюць на сабе гэтыя новыя глабальныя зьявы, якія асабліва закранаюць многіх з іх вернікаў-эмігрантаў, і гэта ставіць перад матчынымі Цэрквамі новыя душпастырскія пытаньні, якія патрабуюць адпаведных і арыгінальных рашэньняў.
 
У сваім выступе Ўладыка Сальваторэ Фізікела, Старшыня Папскай Рады па справах новай евангелізацыі, асьвятліў некаторыя задачы новай евангелізацыі: умацаваць пачуцьцё прыналежнасьці, на якім грунтуецца моцная ідэнтычнасьць; зьвярнуць увагу на нашу мову і асабліва дбаць аб прыгажосьці, літургіі, але таксама і аб катэхізацыі ды сталай фармацыі. Нарэшце, перад абліччам разнастайных формаў эгаізму, якія сёньня здаюцца дамінуючымі, новая евангелізацыя павінна ўмацоўваць сьведчаньне салідарнасьці і шчодрасьці, іншымі словамі – міласэрную любоў, у якой мы можам выказаць любоў Бога да ўсіх  людзей.
 
 Новая евангелізацыя зьдзяйсьняецца ня толькі словамі, але таксама праз бачныя знакі, якія могуць зрабіць заўважнаю і адчувальнаю прысутнасьць і місію Цэрквы ў гісторыі. Прыклад такога дынамізму і перадачы хрысьціянскага пасланьня даў а. Барыс Гудзяк, рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту, які прапанаваў удзельнікам вельмі цікавы праект будаўніцтва новага каталіцкага ўніверсітэту. Базавай ідэяй пры гэтым ёсьць стварэньне ўніверсітэцкага мястэчка, дзе багаслоўе будзе ўвасоблена ў архітэктуры, духоўнасьць будзе спосабам жыцьця ў супольнасьці, а евангелізацыя будзе адбывацца як паломніцтва.
 
Езуіт а. Марка Рупнік, сусьветна вядомы мастак і дырэктар Цэнтру Алецьці (Centro Aletti), паказаў уклад візантыйскага мастацтва ў кантэксьце новай евангелізацыі. На думку славенскага мастака, вельмі важна зразумець рэчаіснасьць, у якую ўваходзіць мастацтва, і заданьне, якое яно мае выканаць. На жаль, “мастацтва перасялілася з храму ў палацы, а пазьней – у мастацкія галерэі; яно больш не служыць пабожнасьці, але толькі захапленьню мастаком. Адначасова яно страціла сваю функцыю сымбаля, высоўваючы на першы план ідэю канцэпцыі, зусім адарваную ад рэальнасьці штодзённага жыцьця”. Паводле сьвятара-езуіта, мастацтва павінна быць здольным перадаваць веру, жыцьцё, любоў. Карацей кажучы, тое, што адбылося з мастацтвам, адлюстроўвае тое, што здарылася з хрысьціянамі, якія ня ведаюць як жыць сваім хрышчэньнем у паўсядзённым жыцьці, як жыць, будучы адроджанымі сынамі і дочкамі Бога, як паказаць чалавецтву прысутнасьць Бога, інакш кажучы, як паказаць, што гэта значыць – быць адкупленым.
 
Праф. Чэзарэ Альцаці з Каталіцкага ўніверсітэту Sacro Cuore у Мілане, у сьвятле гісторыі і прыроды Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, зьвярнуў увагу на некаторыя асьпекты, якія маглі б стаць стымулам для ўсяго хрысьціянскага сьвету. Найперш – пераадольваць канфесійныя межы бяз страты ўласнай ідэнтычнасьці, адкрываючыся на дыялог з іншымі дэнамінацыямі, якія маюць тыя ж самыя выклікі секулярызацыі, гэта значыць адасабленьня надпрыроднага ад цяперашняга жыцьця.
 
Асабліва важным асьпектам ёсьць літургія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў. У гэтым сэньсе ў новай евангелізацыі Еўропы “непазьбежным момантам павінна быць пацьверджаньне цэнтральнага месца таямнічага досьведу, які дазваляе чалавеку перажыць у гісторыі сваю сустрэчу з Богам”. Такім чынам, сьведчаньне веры таксама выводзіцца з свайго роду “культавай дыдактыкі”, з якой паходзіць “канкрэтная антрапалогія, якая па сваёй прыродзе рэлігійная і мае карані ў таямніцы Хрыста”. Яна нараджаецца з жывога досьведу богашанаваньня і нясе з сабой канкрэтны спосаб быцьця хрысьціянінам у гісторыі: быць сьведкам таямніцы.
 
Сутыкнуўшыся з ростам секулярызму і спажывецтва ў краінах Усходняй Еўропы, на думку Ўладыкі Цырыла Васіля, Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, Царква, каб пераадолець разбуральныя наступствы дзікага капіталізму, павінна прапанаваць грамадзянскай супольнасьці досьвед сацыяльнай навукі Царквы “як проціяддзя ад атрутных наступстваў рынкавай эканомікі”. Ён таксама нагадаў, што многія вернікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў эмігравалі пад уплывам эканамічных чыньнікаў, і гэта прыводзіць да неабходнасьці перагляду душпастырскай працы з імі ў місіянерскім ключы і ў сьвятле сучаснага сацыяльнага кантэксту. Гэта азначае, што душпастырскія кантакты з вернікамі-эмігрантамі не павінны “абмяжоўвацца толькі адпраўленьнем набажэнстваў”, але павінны таксама браць пад увагу ўмовы іх жыцьця. Яны павінны адчуваць сябе кінутымі сваёй Царквой.
 
Яшчэ адным выклікам зьяўляецца “практычны атэізм”, які ўсё больш пашыраецца. Тыя, каму Царква паклікана несьці Добрую Вестку, зьяўляюцца людзьмі часьцей за ўсё неабазнанымі ў рэлігійных справах, а таксама пазбаўленымі трывалай культурнай апоры. Таму паўстае пытаньне: як абудзіць іх цікавасьць да рэчаў, якія выходзяць за межы іх абмежаванага матэрыяльнага і ўтылітарнага гарызонту? Як і іншыя прамоўцы, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў таксама адзначыў, што чалавек імкнецца радасьці, прыгажосьці, хараства і ўрачыстасьці. Менавіта гэтая “глыбокая і містычная прыгажосьць нашых літургічных набажэнстваў можа стаць штуршком да глыбокіх пошукаў праўды”.
 
Напрыканцы сустрэчы, праф. Аляксандру Бузаліч, багаслоў з Універсітэту Клуж-Напока, спыніўся на рухах вернікаў ва Ўсходніх Каталіцкіх Цэрквах. Іх прысутнасьць не зьяўляецца новаю, але ў змрочныя гады камунізму гэтыя рухі спасьцігла тая ж доля, што і іх душпастыраў. Сёньня ж, разам з адраджэньнем старых аб’яднаньняў, напрыклад, ASTRU (мясцовая “Каталіцкая Акцыя”), былі створаныя новыя асацыяцыі вернікаў. Усе яны імкнуцца актыўна прымаць удзел у сферы душпастырскай апекі, дапаўняючы дзейнасьць духавенства ў розных сферах, асабліва ў навучаньні рэлігіі і дыяконіі.
 
Паседжаньні праходзілі ў атмасферы сардэчнасьці і сяброўствы і былі ўзбагачаны малітвай і штодзённым служэньнем Еўхарыстыі з мясцовымі супольнасьцямі візантыйскага і лацінскага абрадаў. Боская Літургія, заўсёды добра падрыхтаваная, якая зьдзяйсьнялася пры актыўным удзеле вернікаў, паказала, што думкі, якімі абмяняліся ўдзельнікі падчас сустрэчы, былі таксама праяваю жыцьцёвага досьведу. Асабліва каштоўнай была прысутнасьць і ўклад у працу біскупаў лацінскага абраду Румынскай канферэнцыі біскупаў, а таксама гасьціннасьць лацінскага біскупа г. Орадзя Ўладыкі Ласла Бочкаі.
 
Сустрэча біскупаў 2012 году, на запрашэньне Ўладыкі Ніколы Кекіча, біскупа Крыжавецкага, адбудзецца ў Заграбе 8-11 лістапада, з нагоды 400-годдзя Уніі Харвацкай Каталіцкай Царквы візантыйскага абраду з Рымам.


Фота з сайту
Episcopia Greco-Catolica de Oradea
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 264 разоў (-ы)