Царква
Хто капае яму, сам упадзе ў яе, і хто ставіць сетку, сам будзе улоўлены ёю
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 27:29)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

12.11.2011

Халдэйская Каталіцкая Царква – Царква вызнаўцаў

Патрыяршы экзарх Халдэйскай Каталіцкай Царквы ў Ерусаліме, а. Поль Колін, у інтэрв’ю для нямецкага францішканскага часопісу “Im Land des Herrn” ("У краіне Госпада") назваў сваю Царкву Царквой вызнаўцаў.
   
Ён таксама распавёў, што яго Царква ніколі ня ведала таго, што ведала Царква ў Міжземнамор’і – “эпохі Канстанціна”, гэта значыць перыяду, у якім бы сьвецкая ўлада добразычліва ставілася да Царквы. Былі часы талерантнага стаўленьня сьвецкай улады да Царквы, але ніколі не было прыхільнасьці з боку сьвецкіх уладаў.
 
Перасьлед каталікоў халдэйскага абраду на іх радзіме быў ад самага моманту заснаваньня іх супольнасьцяў. Ён працягваўся і ў часы, калі Месапатаміяй валодала персідзкая дынастыя Сасанідаў, а пасьля мусульманскага заваяваньня ў 637 годзе наогул пачаўся маштабны перасьлед ўсіх хрысьціянаў на гэтых тэрыторыях. Таксама сёньня хрысьціяне Іраку і Ірану ня могуць адкрыта сказаць, што яны знаходзяцца пад пастаянным ціскам ісламу.
 
Як адзначыў патрыяршы экзарх Халдэйскай Каталіцкай Царквы ў Ерусаліме, таксама і ў Ізраілі хрысьціяне знаходзяцца пад пастаянным ціскам дзяржавы. Але становішча хрысьціянаў у Ізраілі нельга нават блізка параўнаць са станам халдэяў-католікаў у мусульманскім Іраку або Іране.
 
Айцец Колін паходзіць з брэтонскага мястэчка Сен-Мало ў Францыі. У 1968 годзе ён паехаў на місію ў Іран і ў Тэгеране быў высьвячаны на сьвятара для Халдэйскай Каталіцкай Царквы. Сямнаццаць гадоў, пакуль была свабода веравызнаньня ў гэтай краіне, ён выконваў сьвятарскае служэньне ў іранскай сталіцы. Аднак ў 1985 годзе, калі да ўлады ў краіне прыйшлі радыкальныя ісламісты, гэтага халдэйскага каталіцкага сьвятара, выслалі з Ірану.

У 1987 годзе рыма-каталіцкі архібіскуп Парыжу кардынал Жан-Мары Люсьціжэ даў яму дазвол, каб паехаць у Ізраіль для душпастырскай апекі габрэйскамоўных хрысьціянаў. Сёньня айцец Поль Колін зьяўляецца Патрыяршым экзархам Халдэйскага каталіцкага Патрыярхату ў Ерусаліме (з 1990 г.), а таксама парахам у Беэр-Шэве (біблійнае мясцовасьць Вірсавія) для габрэйскамоўных хрысьціянаў. Халдэйскіх католікаў у Ізраілі сёньня ўжо вельмі мала, жывуцьяны ў асноўным у Хайфе.

 
Халдэйская Каталіцкая Царква – адна з Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, мае свой уласны халдэйскі абрад, які паходзіць з усходняй (усходне-сірыйскай) галіны антыяхійскага абраду. Літургічная мова гэтай Царквы – арамейская.

У розных краінах сьвету сёньня жыве каля 1 мільёну халдэйскіх католікаў (найбольш у Іраку, Сірыі, Ліване), існуе 16 япархіяў (найбольш – у Іраку). Шмат вернікаў вымушаны былі пакінуць сваю радзіму на Блізкім Ўсходзе і жывуць сёньня ў Амерыцы (для католікаў-халдэяў тут створаны 2 япархіі), Аўстраліі і Францыі. У Іране налічваецца каля 7000 вернікаў гэтай Царквы.

 
Паводле матэрыялаў "Католицький оглядач" і інфармацыйнага агенцтва IKA
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 248 разоў (-ы)