Царква
Хто са сьлязьмі сеяў, пажынацьме з радасьцю
(Псалтыр 125:5)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

14.11.2011
Брат Алоіс з Тэзэ сустрэўся з моладдзю Менску

Прыёр экуменічнай супольнасьці з Тэзэ брат Алоіс Лазэр 12 лістапада 2011 году сустрэўся з хрысьціянскай моладдзю беларускай сталіцы. У Менск брат Алоіс Лазэр прыбыў з двума братамі – Георгам і Бенуа – па запрашэньні Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і прымае ўдзел у канферэнцыі, прысьвечанай праваслаўна-каталіцкаму дыялогу.
   
Падчас малітоўнай сустрэчы ў менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі прыёр экуменічнай супольнасьці нагадаў пра дзьве вялікія небясьпекі сёньняшняга часу. «Першая зьвязана з даверам Богу: усё больш маладых хрысьціянаў ставяць пад сумненьне давер Богу, губляючы сваю веру. Другая небясьпека зьвязана з абыякавасьцю адно да аднаго. Сьцены існуюць ня толькі паміж народамі і нацыямі, але нават у саміх нас і ў нашых сем’ях. І мы павінны вучыцца пераадольваць іх», – адзначыў брат Алоіс Лазэр.
 
Разважаючы на тэму экуменізму, брат Алоіс зьвярнуў увагу на тое, наколькі важным зьяўляецца сёньня ўзаемапаразуменьне. Таксама прыёр падкрэсьліў, што абавязак хрысьціяніна – быць гатовым адкрыць сваё сэрца для дабра: «Мы павінны больш уважліва ставіцца да тых, хто слабейшы. Нашая ўвага да бедных можа выяўляцца ў сацыяльнай дапамозе. У сьвеце, дзе пануюць жорсткасьць і пакута, трэба ўмець слухаць голас Хрыста, Які дае нам супакой і робіць нас людзьмі супакою».
 
Другая частка сустрэчы праходзіла ў праваслаўным прыходзе іконы «Усіх смуткуючых радасьць». Настаяцель прыходу а. Ігар Карасьцялёў распавёў пра гісторыю стварэньня прыходу і абазначыў асноўныя сацыяльныя накірункі дзейнасьці ў прыходзе. Пазьней для ўсіх прысутных была арганізавана экскурсія ў будучы конкатэдральны храм, які будуецца побач з прыхадзкой царквой іконы «Усіх смуткуючых радасьць».
 
«Для мяне вельмі кранальна быць у вашай краіне і знаёміцца з яе духоўнасьцю, – падзяліўся сваімі пачуцьцямі пасьля экскурсіі брат Лазэр. – Я вельмі цешуся з таго, што пабачыў. Беларусь – маладая краіна, якая атрымала незалежнасьць толькі нядаўна, але галоўнае – нягледзячы ні на што, вы змаглі захаваць веру».
 
Сустрэча моладзі з братамі з Тэзэ працягвалася дзьве гадзіны. Шмат з тых, хто прыйшоў на сустрэчу, мелі вопыт удзелу ў еўрапейскіх сустрэчах Тэзэ, многія наведвалі вёску Тэзэ непасрэдна.
 
Брат Алоіс Лазэр папрасіў моладзь падзяліцца перажываньнямі, атрыманымі ў Тэзэ. «Самае прыемнае ў Тэзэ – адчуваньне гармоніі падчас малітвы. Я думаю, мы павінны прынесьці якраз гэтую гармонію ў нашы цэрквы таксама», – выказалася адна з прысутных. «Малітва зьмяняе сьвядомасьць чалавека незалежна ад уцаркаўленьня, – адзначыла іншая выступоўца. – У Тэзэ душа знаходзіць сябе…» «Як кожная канфесія, молячыся, набліжаецца да Бога, так і хрысьціяне, прабываючы разам у Тэзэ, набліжаюцца адно да аднаго духоўна», – заўважыў малады хлопец.
 
«Мы прыемна зьдзіўлены, што так шмат людзей сёньня прыязджаюць у Тэзэ. Гэта распачалося ў пачатку 60-х і трывае да сёньня, – гаворыць брат Алоіс. – Гэта азначае, што людзі ставяць духоўнасьць на першае месца. Гэта важна. Царква становіцца месцам сяброўства, дзе сустракаюцца людзі розных веравызваньняў. Але мне не хацелася б, каб пасьля прыезду з Тэзэ моладзь жыла толькі ўспамінамі. Я хацеў бы, каб моладзь зьвярнула ўвагу на тое, як яна жыве тут – у сваёй краіне і ў сваёй парафіі. Царква чакае і патрабуе вас».
 
Напрыканцы сустрэчы брат Георг з Тэзэ расказаў пра тое, як ідзе падрыхтоўка да зімовай сустрэчы Тэзэ ў Берліне. У прыватнасьці, брат адзначыў гатоўнасьць мясцовых жыхароў прыняць на начлег будучых пілігрымаў і спыніўся на працы валанцёраў, якія ўжо прыбылі ў нямецкую сталіцу.

Паводле: Ільля Лапато,  Catholic.by 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 215 разоў (-ы)