Царква
Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

15.11.2011

Ярархі Беларусі прынялі ўдзел у сустрэчы каталіцкіх валанцёрскіх арганізацыяў Еўропы

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек разам з Мітрапалітам РКЦ у Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам 10-11 лістапада 2011 году знаходзіліся ў Ватыкане, дзе, як паведамляе Catholic.by, у палацы сьвятога Пія X адбылася сустрэча “Папа і еўрапейскія валанцёры”, арганізаваная Папскай Радай “Cor Unum”.
   
Кіраўніком Папскай Рады “Cor unum” зьяўляецца кардынал Робэр Сара, які 18-19 чэрвеня 2011 году узначальваў урачыстасьці з нагоды інаўгурацыі новай рыма-каталіцкай катэдры ў Віцебску і сьвяткаваньне ў Менску 20-годдзя ўстанаўленьня структураў Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
 
Папская рада “Cor unum” займаецца справамі дабрачыннасьці, якая немагчыма без дабраахвотнікаў. Гэты год у Еўропе адзначаецца як Год валантарыяту. У Еўрасаюзе кожны трэці чалавек зьяўляецца валанцёрам. Гэта ня толькі маладыя людзі, але і пенсіянеры, якія, дзякуючы служэньню валанцёраў, нанова знайшлі сэнс жыцьця.
 
Удзельнікі сустрэчы ў Ватыкане абмеркавалі розныя магчымасьці дзейнасьці валанцёраў у справе міласэрнасьці. У кожнай краіне, як было адзначана, свае магчымасьці, якія вельмі адрозьніваюцца ў залежнасьці ад эканамічнай сітуацыі, свае традыцыі і свае метады дзейнасьці. Аднак усіх яднае небходнасьць дапамагаць тым, хто ў патрэбе, і шчырае жаданьне ім служыць. Важна таксама, каб служэньне было адкрытае на ўсіх і мела евангелізацыйны характар.
 
Падчас сустрэчы асаблівая ўвага была прысьвечана духоўнаму асьпекту дабрачыннасьці. Дабрачынныя арганізацыі ня могуць трансфармавацца ў нейкія філантрапічныя арганізацыі ці “камбінаты добрых паслуг”. Таму неабходна трывалая як прафесійная, так і духоўная фармацыя супрацоўнікаў дабрачынных арганізацыяў і саміх валанцёраў. Як было падкрэслена, матывацыяй іх дзейнасьці павінен быць міласэрны Бог, Які сьпяшаецца з дапамогай да тых, хто ў нястачы. Важнай зьяўляецца ня толькі матэрыяльная падтрымка, але таксама і маральная дапамога, якая дае тым, хто ў патрэбе, магчымасьць адчуваць сябе людзьмі.
 
Прадстаўнік Еўрасаюза сябра Еўракамісіі па справах валантарыяту Крысталіна Георгіева, адзначыла, што немагчыма ўявіць жыцьцё сучаснага сьвету без дабраахвотнікаў, але пры гэтым неабходна ўмацоўваць дух, а не бюракратыю валантарыяту.

11 лістапада ў базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане ўдзельнікі беларускія ярархі разам з усімі ўдзельнікамі сустрэчы прынялі ўдзел у сьвятой Імшы, якую ўзначальваў архібіскуп Загрэба кардынал Ёсіп Бажаніч. Пасьля набажэнства адбылася аўдыенцыя ў Сьвятога Айца Бенядыкта XVI.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 178 разоў (-ы)