Царква
Які кіраўнік народа, такія і служачыя пры ім
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 10-2)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

15.11.2011

Кардынал Кох у Менску згадаў пра адсутнасьць справядлівых судоў ва ўмовах дыктатуры

Гэтыя словы Старшыні Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці кардынала Курта Коха, якія прагучалі падчас нядзельнай сьв. Імшы 13 лістапада 2011 году ў катэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі на Пляцы Волі ў Менску, асабліва выдзяліла ў сваім рэпартажы Радыё Свабода і іншыя беларускія СМІ. Ватыканскі госьць прыехаў у Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі, прысьвечанай адной з тэмаў каталіцка-праваслаўнага дыялогу.
   
У нядзелю 13 лістапада, кардынал Кох наведаў праваслаўную і каталіцкую катэдры, а таксама ўзначаліў Імшу для беларускіх католікаў. Разам з ім і беларускімі рыма-каталіцкімі ярархамі маліўся і Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек).

Падчас імшы ў менскай архікатэдры ватыканскі ярарх прамовіў гамілію, якая была пабудавана на разважаньні пра сэнс біблейскага аповеду пра суд Божы. Кардынал Кох паспрабаваў адказаць на пытаньні: як суаднесьці апошні суд Божы ў канцы часоў з Добрай Навіной, якая кажа, што Бог – гэта любоў, і чым адрозьніваецца суд Божы ад суда чалавечага?

 
Напачатку сваёй прамовы кардынал адзначыў, што сёньня, на жаль, вялікая колькасьць людзей і нават хрысьціянаў не прымае біблейскага пасланьня пра Апошні суд Божы. Такім людзям ватыканскі ярарх прапануе зьвярнуць увагу на тое, чаго яны пазбаўляюцца, калі спрабуюць глядзець на сёньняшні сьвет, не зважаючы на біблейскую вестку пра суд Божы. Бо суд гэта ня толькі Божая, але і сьвецкая ўстанова, адзначыў кардынал Кох. Ён падкрэсьліў натуральную патрэбу людзей у справядлівых сьвецкіх судовых інстытутах. “Калі ў сёньняшнім сьвеце больш ня будуць судзіць і выносіць прысуд, што ж тады будзе? Канец тэрору ці хутчэй тэрор без канца?” – задаў пытаньне кардынал. Хіба такім чынам былі б споўненыя словы Хрыста: “Не судзіце, і ня будуць судзіць вас; не асуджайце, і ня будуць асуджаць вас”?

Кардынал Кох зьвярнуў увагу на цану, якую давялося б заплаціць, калі б у сьвеце не было б ніводнага суда: “вінаватыя не былі б абвінавачаны, злачынцы не былі б асуджаны, яны маглі б і далей беспакарана чыніць зло”. Але, як падкрэсьліў ярарх, найперш важна тое, што тады ўсе бязьвінныя не атрымалі б свайго права. І такая практыка, з сумам адзначыў кардынал Курт Кох, у сучасным сьвеце ўсё больш і больш распаўсюджваецца.

 
Але, што б там ні было у любым выпадку супраць гэтага будуць пратэставаць ахвяры. “Людзі, якія жывуць ва ўмовах палітычнай дыктатуры, на ўласным прыкладзе зьведалі, што значыць ня мець суддзі. Яны будуць абараняцца, нават калі сьвет вырашыць пакінуць свой абавязак судзіць”, – сказаў швайцарскі кардынал і дадаў, што такія людзі, асабліва бедныя, вельмі жадаюць, каб у сьвеце, з міласьці Божай, усё ж пачала панаваць справядлівасьць. Але ж ці толькі з міласьці Божай задаўся пытаньнем кардынал: “Ці не павінны мы тут запратэставаць, бо суд у сьвеце, пры ўсёй сваёй двухсэнсоўнасці, у канчатковым выніку зьяўляецца людскім чынам?”
 
Далей кардынал Кох зьвярнуў увагу на разуменьне важнасьці Божага Суду. Ярарх адзначыў, што яго існаваньне, зьяўляецца для людзей бласлаўленьнем: “Калі б чалавек і ўвесь сьвет не былі б ацэнены і асуджаны Богам, гэта быў бы страшны досьвед таго, што Бога няма побач з чалавекам, што Ён не зацікаўлены ў ім. Тады б усё заставалася ў цемры, ці, што яшчэ жахлівей, у змрочным сьвеце падману і хлусьні. Калі б людзі і цэлы сьвет не набліжаліся да Апошняга суду Божага, сусьветная гісторыя стала б сусьветным судом і гэта было б жахліва. Тады злачынцы трыюмфавалі б над сваімі ахвярамі, а моцныя гэтага сьвету над прыгнечанымі, і так было б заўсёды”.
 
Вось жа, падкрэсьліў ватыканскі ярарх, “адсутнасьць Апошняга суду была б страшным выразам Божай абыякавасьці: абыякавасьці Творцы да свайго стварэньня, а асабліва да створанага Ім чалавека”. Біблейскі аповед пра суд Божы нясе ў сабе суцяшальнае пасланьне пра жывую зацікаўленасьць Бога жыцьцём людзей. Бог на карысьць чалавека ўваходзіць у яго жыцьцё, сказаў кардынал. Пры гэтым Божы суд у параўнаньні з чалавечым – больш строгі і адначасова самы лагодны суд. Любоў Бога і Яго суд існуюць непадзельна як у Старым, так і ў Новым Запаветах, бо інакш прапаведваньне Хрыста ня мела б значэньня. Кардынал Кох нагадаў, што ў сваім навучаньні Хрыстос паказвае, што Бог не адносіцца да зла з абыякавасьцю: “Хрыстос прапаведвае нам Бога, Які змагаецца са злом. І таму Ён будзе выступаць як Суддзя, Які асуджае дзеля таго, каб запанавала справядлівасьць”.
 
Напрыканцы сваёй прамовы ватыканскі ярарх заклікаў па-новаму распазнаць гэтую праўду хрысьціянскай веры і адзначыў: “Калі мы ў штодзённасьці нашага жыцьця становімся перад судом Божым, глядзім на маштаб нашага жыцьця і дзеяў праз прызму надыходзячага Суддзі і сьвядома рэалізуем гэта ў штодзённай малітве, толькі тады мы ня страцім радасьці ў нашым жыцьці”.
 
Цалкам з прамовай кардынала Курта Коха можна пазнаёміцца на каталіцкім партале Catholic.by
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 9882 разоў (-ы)