Царква
Хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 1:6)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

16.11.2011

У сучасным сьвеце важна, каб усе хрысьціяне адзіным фронтам абвяшчалі Добрую Вестку

13 лістапада 2011 году ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў распачалася міжнародная канферэнцыя “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысьціянскія этычныя каштоўнасьці як уклад у сацыяльнае жыцьцё Еўропы”. У форуме прыняў удзел Старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці кардынал Курт Кох, які цяпер знаходзіцца з візітам у нашай краіне.
 
Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у прывітальным слове падчас адкрыцьця канферэнцыі адзначыў: “Гэта ня першая наша сустрэча, калі мы з адкрытым сэрцам ідзём насустрач адно аднаму. Беларусь — гэта краіна, у якой гістарычна суіснуюць прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфесіяў і рэлігіяў”.
 
“Часам нашы зносіны сутыкаліся з рознымі праблемамі. Іх вырашэньне магчыма толькі ў дыялогу, у імкненьні пачуць і зразумець адно аднаго, — падкрэсьліў зьверхнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Паводле словаў Патрыярха Кірыла, “разам з тэмамі, якія падзяляюць праваслаўных і католікаў, ёсьць шмат праблемаў, па якіх мы займаем агульную пазіцыю. Гэта працэсы ліберальнай секулярызацыі, негатыўныя асьпекты глабалізацыі, пытаньні сацыяльнай і эканамічнай этыкі, крызіс сямейных каштоўнасьцяў, падрыў нормаў традыцыйнай маралі””.
 
Дыялог Праваслаўнай і Каталіцкай Царквы — гэта, паводле словаў Мітрапаліта Філарэта, “сфера праявы царкоўнага такту”, бо сёньня патрэбны “ня новыя аргументы з абодвух бакоў для абароны сваіх пазіцыяў, а суадносіны нашых дзеяньняў з сацыяльнымі, эканамічнымі і культурна-гістарычнымі ўмовамі, якія вызначаюць рэаліі рэлігійнай сьвядомасьці сучасных вернікаў”. Праваслаўныя і католікі, як дадаў ярарх, “адказныя перад абліччам усяго сьвету за сьведчаньне аб хрысьціянскіх каштоўнасьцях”.
 
Затым да ўдзельнікаў канферэнцыі зьвярнуўся Ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў у Беларусі Леанід Гуляка, які адзначыў: “ Сучаснасьць ставіць новыя задачы, вырашыць якія магчыма толькі абапіраючыся на лепшыя культурныя і духоўныя традыцыі. Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касьцёл сёньня садзейнічаюць умацаваньню ў сучасным беларускім грамадзтве ідэяў верацярпімасьці і талерантнасьці”. Хрысьціянскія каштоўнасьці, паводле словаў Леаніда Гулякі, “не старэюць, і кожная эпоха можа чэрпаць з іх”.
 
Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці ў звароце да прысутных падкрэсьліў: “Хрысьціяне не зьяўляюцца толькі суддзямі сьвету — гэта радасныя абвяшчальнікі Добрай Навіны”. Царква, паводле словаў архібіскупа, чужая “ўсялякім зямным інтарэсам і імкнецца працягваць справу Хрыста, Які прыйшоў сьведчыць сьвету аб Праўдзе, каб збавіць, а не судзіць”. Сучасны сьвет, падкрэсьліў прадстаўнік Ватыкану, магчыма скарыць “агульным сьведчаньнем людзей, адкупленых і перамененых Божай любоўю”.
 
Пасол Эстонскай Рэспублікі ў Беларусі Яак Ленсмент адзначыў: “Хрысьціяне могуць прытрымлівацца розных палітычных поглядаў, і гэта ніяк не перашкаджае братэрскай любові паміж імі”. Для Цэркваў, паводле словаў пасла, зьяўляецца важнай “здольнасьць прызнаць вартасьці адно аднаго”.
 
Япіскап Віктар Круцько, старшыня Саюза евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у Беларусі, падкрэсьліў, што корань сацыяльных праблемаў у тым, што “сёньня людзі адкідаюць Біблію, Хрыста, Божае слова”. Таму хрысьціянам “важна быць сьмелымі ў абвяшчэньні навукі Хрыста”. Таксама, як адзначыў, “нельга аддзяляць хрысьціянскія каштоўнасьці ад Хрыста, бо гэта — адно”.
 
Прысутныя пачулі таксама прывітальныя словы іншых удзельнікаў і гасьцей канферэнцыі.
 
Пленарнае пасяджэньне распачалося дакладам Мітрапаліта Філарэта “Хрысьціянскія каштоўнасьці ў сучаснай Еўропе”. Паводле словаў зьверхніка Беларускай Праваслаўнай Царквы, словазлучэньне “хрысьціянскія каштоўнасьці” сёньня ўжываецца так часта, што губляецца яго сэнс. Таму неабходна зразумець, што сапраўды азначае гэтае словазлучэньне. Сёньня, адзначыў ярарх, чалавецтва “нагадвае біблейскага Ёва, які пытаецца аб прычынах сваіх бедаў і няшчасьцяў”. Праваслаўная і Каталіцкая Царква “сумеснымі намаганьнямі павінны дапамагчы чалавецтву знайсьці адказ на гэтае пытаньне” ва ўмовах глабалізаванага сьвету, які “часам адкрыта дэманструе сваю хрысьціянафобію”.
 
“ Еднасьць хрысьціянаў — гэта адзінства ня толькі веры, але і добрых справаў”, — падкрэсьліў Мітрапаліт Філарэт. Ярарх выказаў надзею, што супрацоўніцтва Праваслаўнай і Каталіцкай Царквы будзе разьвівацца.
 
Затым агучыў свой даклад пад назвай “Да пытаньня аб хрысьціянскіх каштоўнасьцях у Еўропе” кардынал Курт Кох, Старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці. Ватыканскі ярарх паказаў гісторыю паступовай дэхрысьціянізацыі Еўропы. “Мы павінны спытаць сябе, які можам зрабіць уклад, каб хрысьціянства зноў прыйшло ў наш секулярызаваны сьвет”, — адзначыў кардынал Кох. Сёньня ў нашых грамадзтвах, паводле словаў прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, “менавіта Цэрквы сьведчаць аб фундаментальных нормах і правах”. Сапраўдная ж евангелізацыя, падкрэсьліў кардынал, “у тым, каб перадаваць людзям тую ідэю, якую перадаў нам Госпад, пасылаючы ў сьвет свайго Сына”. Найбольш дзейсным, як дадаў ярарх, можа стаць сумеснае сьведчаньне праваслаўных і католікаў.
 
“Сучасная эпоха — гэта эпоха забыцьця Бога і глухасьці да Яго”, — адзначыў кардынал Кох. Секулярыстычныя тэндэнцыі “сёньня распаўсюджваюцца ўсё шырэй, і нашай задачай зьяўляецца падтрымліваць у сьвеце думку пра Хрыста”. Толькі такім чынам можна, на думку прадстаўніка Ватыкану, можна не дапусьціць наступленьня трагедыі, калі “на месца Боскай праўды прыходзяць зямныя праўды”. “Там, дзе з жыцьця выганяюць Бога, вельмі хутка пачынаюць таптаць нагамі і людзей”, — нагадаў ярарх.
 
Пасьля невялікага перапынку адбыўся працяг пленарнага пасяджэньня. З дакладам “Хрысьціяне перад абліччам выклікаў постмадэрнісцкай ідэалогіі” да прысутных зьвярнуўся Мітрапаліт РКЦ, архібіскуп Менска- Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. “Удзел Старшыні Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці Яго Эксцэленцыі кардынала Курта Коха надае гэтаму экуменічнаму форуму асаблівую значнасьць у наш час вельмі інтэнсіўнага разьвіцьця адносінаў паміж Каталіцкім Касьцёлам і Праваслаўнай Царквой”, — адзначыў Мітрапаліт.
 
Рыма-каталіцкі архіпастыр засяродзіў увагу на паняцьці постмадэрнізму — новай фазы разьвіцьця, у якой сёньня знаходзіцца нашая цывілізацыя. “Прапагандуючы агнастыцызм, маральны рэлятывізм і рэлігійны індыферэнтызм, постмадэрнізм дзейнічае вельмі эфектыўна, зьмяняючы вобраз Бога, Касьцёла і рэлігіі, — працягваў Мітрапаліт. — У сферы маралі ён выключае паняцьце граху і розьніцу паміж дабром і злом. У сферы пазнаньня сьцьвярджае, што не існуе аб’ектыўная і нязьменная ісьціна. У сферы рэлігіі робіць роўнымі ўсе рэлігіі, секты, рэлігійныя рухі”. Акрамя гэтага, постмадэрнізм “ не прымае маральных і этычных нормаў”: “ён згодны з такой рэлігіяй, якая магла б быць элементам спажывецкага сьветапогляду, г. зн. выконвала б тэрапеўтычныя і дабрачынныя функцыі, прапаноўвала б людзям толькі тое, чаго яны самі хочуць, і забясьпечвала б пачуцьцё бясьпекі”.
 
Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуў увагу таксама на небясьпеку маральнага рэлятывізму ў сучасным сьвеце. “Грамадзтва, якое прымае маральны рэлятывізм, ужо не выхоўвае маладое пакаленьне, а толькі яго ўзрошчвае. Яно ня мае нічога агульнага з імкненьнем выхаваць маральнага здаровага маладога чалавека, даць яму добры прыклад, прывіць яму пачуцьцё блізкасьці да іншага, — адзначыў ярарх. — Як бацькі могуць выхоўваць сваіх дзяцей, калі самі ня ведаюць, у што вераць? Тады яны змогуць ім толькі сказаць традыцыйную фразу, што жадаюць ім шчасьця, посьпехаў і спаўненьня запаветнай мары. Ці такім павінны быць іх духоўны запавет і ярархія каштоўнасьцяў, якую хочуць перадаць сваім дзецям?”
 
Хрысьціянам, сутыкаючыся з гэтымі выклікамі, “неабходна памятаць, што ўжо сам Хрыстос аддзяліў sacrum ад profanum і абараняў боскае”. У сучасным секулярызаваным сьвеце, паводле словаў Мітрапаліта Кандрусевіча, “кожны хрысьціянін павінен стаць слугой Евангельля і яго сьведкам”, бо “ў адваротным выпадку замест праўдзівай веры будзе прапаноўвацца ні да чаго не абавязваючае рэлігійнае пачуцьцё, якое будзе трансфармавацца ў агнастыцызм і практычны атэізм”. Хрысьціянская візія рэальнасьці, падкрэсьліў рыма-каталіцкі архіпастыр, “павінна ахапіць усё жыцьцё чалавека: сям’ю, культуру, навуку, моладзь, сродкі масавай камунікацыі, эканоміку, палітыку і да т. п.”.
 
У сёньняшні час, падкрэсьліў архібіскуп, “можа, больш, чым калі-небудзь раней, вельмі важна, каб усе хрысьціяне адзіным фронтам абвяшчалі Добрую Вестку і абаранялі хрысьціянскія каштоўнасьці”. Хрысьціяне “будуць мець большы ўплыў у сьвеце, калі будуць дзейнічаць супольна”, а асабліва гэта датычыць “католікаў і праваслаўных, у якіх значна больш таго, што яднае, чым разьядноўвае”.
 
Затым удзельнікі канферэнцыі пачулі даклад прадстаўніка Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыяхату протаярэя Дзьмітрыя Сізаненкі “Праваслаўна-каталіцкі форум: досьвед сумеснага сьведчаньня пра хрысьціянскія каштоўнасьці ў сучаснай Еўропе”. З дакладам “Хрысьціянства, культура і крызіс чалавека. Погляд у Еўропу з рускага сьвету” выступіў загадчык катэдры найноўйшай гісторыі Каталіцкай Царквы ў Рымскім універсітэце, генеральны сакратар Супольнасьці сьвятога Эгідзія Адрыяна Ракуччы. Таксама напрыканцы першага дня канферэнцыі былі ўручаны прэміі “Залаты сланечнік”.
 
Працяг міжнароднай канферэнцыі адбудзецца 14 і 15 лістапада. На праваслаўна-каталіцкім форуме ў Менску прысутнічае таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек).

Паводле Catholic.by
Фота А. Шчыглінскай, Catholic.by
 

 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 205 разоў (-ы)