Царква
Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
(Кніга Эклезіяста 7:16)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

21.11.2011

Беларусь у цэнтры міжнароднага экуменічнага дыялогу

Беларусь зьяўляецца мастом паміж хрысьціянскім Усходам і хрысьціянскім Захадам, што вельмі дапамагае ў разьвіцьці дыялогу – адзначыў вядомы экуменічны дзеяч, знаўца хрысьціянскага Ўсходу бенядыктынскі манах-тэолаг з Шэўтонскага манастыра ў Бельгіі а. Тадэй Барнас у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё падчас міжнароднай канферэнцыі “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысьціянскія этычныя каштоўнасьці як уклад у сацыяльнае жыцьцё Еўропы”, якая адбылася 13-15 лістапада 2011 году ў Менску.
   

а. Тадэй Барнас (father Thaddée Barnas)
У гэтым прадстаўнічым форуме прымалі удзел тэолагі, вучоныя, філосафы, духавенства з 10 краінаў сьвету, у тым ліку архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Філарэт. Госьцем канфэренцыі быў Старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці кардынал Курт Кох. Ня шмат форумаў могуць выклікаць такі інтарэс – 200 удзельнікаў з 10 краінаў – адзначыў ігумен Філарэт Ягораў, член Усеўкраінскага праваслаўнага педагагічнага аб’яднаньня.
 
Другі дзень канферэнцыі прысьвяцілі пошуку адказаў на выклікі сучаснага сьвету – секулярызацыі, пытаньням міграцыі, біяэтыкі, крызісу сям’і і веры. Хрысьціянскія каштоўнасьці – нязьменныя. Яны не павінны быць залежнымі ад сітуацыі, а, наадварот, уплываць і зьмяняць яе – гэта словы з аднаго з дакладаў. Невыпадкова такі прадстаўнічы форум сабраўся менавіта ў Беларусі. Традыцыйныя канфесіі маюць добрыя адносіны паміж сабой. Як адзначыў айцец Тадэй Барнас, галоўны рэдактар часопісу “Ірынікон” з Бельгіі (ён сьпецыялізуецца на экуменічнай тэматыцы), Беларусь – мост паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам. І такія форумы – гэта ўнікальная магчымасьць пачуць у гэтым свеце адно аднаго, а свету – пачуць голас Царквы.
 
“Нам вядома, што на працягу гісторыі існавалі праблемы ў праваслаўна-каталіцкім дыялогу, але сёньня ў яго цэнтры знаходзіцца менавіта Беларусь. Тут існуе магчымасьць праводзіць падобныя канферэнцыі і трэба адзначыць, што ў гэтым ёсьць заслуга Мітрапаліта Філарэта. Ён сваімі намаганьнямі вельмі спрыяе разьвіцьцю гэтага дыялогу. Сёньня Беларусь – гэта тое месца, якое дазваляе зьменшыць напружанасьць у адносінах паміж двума канфесіямі. Я хачу дадаць, што Беларусь мае прывілеяванае становішча ў сэньсе таго, што яна зьяўляецца мастом паміж хрысьціянскім Усходам і хрысьціянскім Захадам, што вельмі дапамагае ў разьвіцьці дыялогу”, – падкрэсьліў бенядыктынскі манах-тэолаг з Шэўтонскага манастыра ў Бельгіі а. Тадэй Барнас.

На міжнароднай канферэнцыі ў Менску з дакладам выступіў таксама і прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Яўген Усошын. Ён прапанаваў увазе ўдзельнікаў даклад “Сумесныя паломніцтвы – шанец для паглыбленьня каталіцка-праваслаўнага дыялогу”.

Пачынаючы ад 2002 году гэта быў ужо сёмы форум з цыклу праваслаўна-каталіцкіх дыялогаў. Па традыцыі, з-за стала дыскусіяў удзельнікі штодзень перамяшчаліся ў канцэртную залу, дзе слухалі праваслаўныя і каталіцкія сьпевы.

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 180 разоў (-ы)