Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

22.11.2011

Грэка-каталіцкая літургія ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні

19-20 лістапада 2011 году адбылася беларуская пілігрымка ў Вільню, у якой бралі ўдзел каталікі візантыйскага і лацінскага абраду, а таксама праваслаўныя.
   
У капліцы над Вострай Брамай, дзе месьціцца славутая цудатворная ікона Багародзіцы, грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Крот з Горадні адслужыў па-беларуску сьв. Літургію паводле візантыйскай традыцыі для пілігрымаў з Менску, Горадні, Івацэвічаў інш. мясцовасьцяў. У набажэнстве ўдзельнічала каля 50 вернікаў.
 
Пілігрымка была прымеркавана да сьвята Вастрабрамскай іконы Маці Божай, якое адзначаецца на 16 лістапада. Гэтая цудатворная ікона, якую называюць яшчэ Віленскай іконай Маці Божай або Маці Міласэрнасьці, знаходзіцца ў капліцы Вострай Брамы ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні. Яна здаўна карысталася асаблівай і глыбокай пашанай беларусаў, літоўцаў, палякаў і іншых хрысьціянаў – каталікоў абодвух абрадаў, а таксама і праваслаўных. Сёньня Маці Божая Вастрабрамская ўшаноўваецца як заступніца Літвы і апякунка Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.
 
У капліцы Маці Божай Вастрабрамскай
Паводле старажытнай традцыі жыхары Вільні сьвята Маці Міласэрнасьці адзначаюць на працягу васьмі дзён – ад нядзелі да нядзелі. Сёлета такія ўрачыстасьці адбываліся з 13 па 20 лістапада.
 
Як адзначае а. Ян Касюкевіч, рэктар Вастрабрамскай капліцы і пробашч рыма-каталіцкай парафіі сьвятой Тарэзы ў Вільні, з мінулага году ўзьнікла новая традыцыя ў Санктуарыюме: кожны дзень на працягу васьмі дзён а 15-й гадзіне правіцца літургія ля цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай на розных мовах ( у тым ліку і па-беларуску). Сёлета сьв. Імша па-беларуску тут правілася 15 лістапада.
 
Культ Маці Божай з Вострай Брамы вельмі распаўсюджаны ў Беларусі, у яе гонар складаліся песьні, а яе вобраз нахтняў многіх паэтаў і творцаў. Копію гэтага абраза можна сустрэць у многіх беларускіх сьвятынях, як каталіцкіх (многія з якіх носяць яе імя), так і праваслаўных.
 
Варта таксама адзначыць, што падобныя пілігрымкі, у якіх разам бяруць удзел вернікі розных канфесіяў, асабліва моладзь, як нішто іншае спрыяе ўзаемнаму пазнаньню і ўмацаваньню духу хрысьціянскай еднасьці.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 189 разоў (-ы)